Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

162

Дажынкі: гісторыя і сучаснасць

23.09.2021
Можна смела сцвярджаць, што сёлетнія Дажынкі — юбілейныя, 25-я. Ужо на працягу чвэрці стагоддзя у Беларусі ўрачыста вітаюць галоўных людзей жніва — хлебаробаў. За гады дзяржаўнай самастойнасці Дажынкі сталі сапраўдным фестывалем-кірмашом працаўнікоў вёскі, падчас якога краіна кожны год дзякуе сваім хлебаробам за самаадданую працу. А ўсё пачалося з Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні вёскі, згодна з якой з 1996 года Дажынкі праводзіліся ў Беларусі штогод менавіта як рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі. «Мы адрадзілі традыцыю…», — так калісьці сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пра ўсенароднае свята Дажынкі, якое мае цікавую гісторыю.  З вытокаў даўніны Па-першае, чаму свята называецца — Дажынкі? Дажынкі — гэта трэці элемент традыцыйнага беларускага рэлігійна-рытуальнага «трыпціха», звязанага з ўборачнымі работамі. У яго ўваходзяць так званыя «агледзiны i пакрыванне поля», «зажынкi» і ўласна «Дажынкі» як канчатак жніва. Вось што напісана ў Вялікай савецкай энцыклапедыі: «Дажынкі, старадаўні абрад, які азначае канец жніва. Гэты абрад вядомы ва ўсіх земляробчых народаў, у прыватнасці ў славян, немцаў і інш… Апошні сноп, складзены са зрэзаных усімі жняцамі каласоў, перавіты кветкамі або адзеты ў жаночую сукенку, урачыста прывозілі ў сяло або пакідалі ў полі да наступнага жніва. Дажынкі суправаджаліся радаснымі песнямі і танцамі». У Мінскай губерні апошні дажыначны сноп апраналі ў хустку, у жаночую сарочку і звалі яго «бабай». Жнеі ставілі бабу на ўскраіне поля, садзіліся вакол і ладзілі застолле. Потым накіроўваліся да хаты гаспадара, па дарозе спявалі, а з сабою неслі «бабу». У хаце яе ставілі ў куце, пад іконамі. Пасля рэвалюцыі 1917 года і да Вялікай Айчыннай вайны звычаі зажынак і дажынак моцна не змяніліся. У 1960–1970-х гадах актыўна ўкараніліся сацыялістычныя абрады. Праводзіліся свята першага снапа і свята ўраджаю. Карэкціроўкі часу Ішоў час. Мяняліся ўмовы працы, выкарыстоўваліся новыя тэхніка і тэхналогіі. Усё гэта ўносіла змены ў народныя традыцыі, у тым ліку аказала ўплыў і на старадаўнія «зажынкі» і «дажынкі». Значна скарацілася колькасць удзельнікаў жніва. Калі раней галоўнымі дзеючымі асобамі былі жнеі, то ў новых умовах галоўнымі ва ўборцы ўраджаю сталі механізатары, працаўнікі збожжатакоў і г.д. Аднак традыцыйныя народныя рытуалы зусім не зніклі: як і раней, жнеі з сярпамі выступаюць абавязковымі ўдзельнікамі Дажынак, захаваліся вянок з каласоў, каравай са збожжа новага ўраджаю, дажыначны сноп, які звычайна ўручаюць кіраўніку гаспадаркі. Вянкамі, хлебам-соллю вітаюць лепшых майстроў уборкі. Дапаўняюць свята канцэрты ўдзельнікаў  мастацкай самадзейнасці. Гучала свята ў калгасах Пра тое, як Дажынкі святкавалі амаль у кожнай гаспадарцы раёна і адзначалі на іх лепшых хлебаробаў, вяскоўцы памятаюць добра. Напрыклад, колішні сакратар партарганізацыі саўгаса «Цімкавіцкі» Кацярына Яфімаўна Дзятловіч з захапленнем расказвае, як любілі Дажынкі вясковыя жыхары, як старанна рыхтаваліся да іх. Адзначалі ўжо пасля таго, як з палеткаў быў убраны апошні каласок. Гэта была сярэдзіна або апошнія дзянькі жніўня. Напярэдадні самога свята рыхтавалі жанчын, якія прыгожа спявалі песні, нават і рэпетыцыі праводзілі. З Цімкавіцкай школы запрашалі настаўніка Лазоўскага, які прыгожа іграў на баяне. Прама на зямлі, на полі, дзе яшчэ зусім нядаўна расло збожжа, рассцілалі абрусы. На свята запрашалі ўсіх тых, хто старанна працаваў: камбайнераў і іх памочнікаў, загадчыкаў збожжасховішчаў, галоў-нага агранома, вадзіцеляў, якія шчыравалі на адвозцы збожжа. З нецярпеннем працаўнікі чакалі таго моманту, калі пачнуць падводзіць вынікі, таму што лідары жніва заўсёды атрымоўвалі ўзнагароды. У гэты дзень усе шчыра святкавалі заканчэнне «хлебнай» працы, спявалі і танцавалі. «Усяго на жніве працавалі 11 камбайнаў, — упэўнена называе лічбы Кацярына Яфімаўна. — У саўгасе было 3600 гектараў сельгасугоддзяў, з іх — 2860 пашы. Збожжавыя займалі 50% зямель». Такім жа цікавым запомніла свята і былы галоўны эканаміст калгаса «Пралетарый» Ванда Іванаўна Шыманоўская, стаж якой менавіта на адной пасадзе, у адной названай гас-падарцы складае 42 гады. — Я паспела папрацаваць з чатырма старшынямі, але больш за ўсё памятаю Аляксандра Ільіча Кірбуця. Гэта быў сапраўдны моцны кіраўнік. З ім мне пашчасціла працаваць амаль чвэрць стагоддзя. Пры Кірбуцю Дажынкі святкавалі найбольш масава, — з задавальненнем дзеліцца ўспамінамі Ванда Іванаўна. — Дажынкі — вясёлае свята. Збіраліся ўсе, хто працаваў на жніве: і механізатары, якія аралі, і тыя, хто ўбіраў збожжа, і хто адвозіў. Свята ладзілі ў Душаве каля лесу, ёсць там вельмі прыгожае месца. Лепшыя механізатары дзяліліся сакрэтамі сваіх поспехаў. У іх ліку заўсёды былі Аляксандр Іванавіч Ліхадзіеўскі і яго сын — таксама Аляксандр, Анатоль Іванавіч Мароз, Алег Мікалаевіч Лабацэвіч. Выступалі і старшыня, і галоўны аграном, і мне заўсёды слова давалі. Смачныя стравы для свята гатавалі ў сталоўцы. Гулялі весела да самай ночы. Пасля таго, як Аляксандра Ільіча не стала, традыцыю прадоўжыў яго пераемнік Мікалай Байраш. Першы рэспубліканскі Першыя адроджаныя Дажынкі прайшлі ў 1996 годзе ў Століне Брэсцкай вобласці, дзе яшчэ з савецкіх часоў на мяжы Беларусі і Украіны, каля Манумента дружбы, восенню традыцыйна ладзілі свята-кірмаш. Віталі на свяце і прадстаўнікоў Капыльшчыны. У кагорце лепшых камбайнераў — экіпаж АМП па вытворчасці свініны «Капыльскае» ў складзе Аляксандра Караля і Вадзіма Міхалевіча. Яны ўдастоіліся ганаровых прызоў: аўтамабіля і матацыкла. Іх вынік: на камбайне СК-5 «Ніва» яны ўбралі каласавыя на 173 гектарах і намалацілі 649 тон збожжа. Сёння Аляксандр Кароль таксама працуе ў ААТ «Капыльскае», толькі ўжо вадзіцелем на МАЗе. Падчас сёлетняй уборачнай быў заняты на КЗС. Пра той свой зорны час з усмешкай успамінае: — Сапраўды, было такое. Што адчуваў тады? Ды добра не памятаю, бо ад хвалявання крыху разгубіўся. Вядома ж, сам кіраўнік дзяржавы вітаў! А тэлевізарамі «Гарызонт» у той дзень былі ўнагароджаны шафёры  калгаса «Пралетарый» Аркадзь Вялешка і Анатоль Кубрак, якія задавалі тон сярод вадзіцельскага корпуса. «Дажынкі» на Міншчыне Упершыню Міншчына прымала фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ў далёкім 1998-м. Тады гасцей з усёй Беларусі вітаў Нясвіж. Потым райцэнтры вобласці не аднойчы станавіліся сталіцамі рэспубліканскіх «Дажынак»: у 2005-м Слуцк, у 2011-м Маладзечна. Пачынаючы з 2015 года, Дажынкі праводзяцца ў адным з населеных пунктаў кожнай вобласці. Першай сталіцай абласнога фестывалю стала Вілейка. У той год намалаціўшы больш за 2 мільёны тон збожжа, да свята хлебаробы цэнтральнага рэгіёну прыйшлі з лепшым у краіне вынікам. У 2016-м годзе свята прымаў Лагойск. За ім — Смалявічы, Мядзел, Барысаў і Чэрвень. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей