Маё пакаленне нарадзілася амаль праз два дзесяцігоддзі з таго моманту, як Заходняя Беларусь увайшла ў склад Савецкага Саюза.
Мы, малыя, не разумелі значнасць гэтай падзеі. І басанож беглі да дотаў, якіх у нашай мясцовасці дастаткова налічвалася. Самы папулярны – каля фермы, дзе мы гулялі ў вайну. Чамусьці лоцвінская дзетвара мяне заўсёды назначала камісарам. Усё было нібы па-сапраўднаму. Выстаўлялі вартавых, камандзіру (а гэта быў звычайны вясковы падлетак) рапартавалі аб выкананні «заданняў».
Нам неўдамёк было, што мы нарадзіліся і жывём на былой мяжы, якая раздзяляла нашу малую радзіму. Ужо пазней даведаліся, як узніклі гэтыя доты. Аказваецца, у міжваенны перыяд у 30-я гады ўзводзілася абарончая лінія БССР пад назвай «Лінія Сталіна». Менавіта яна праходзіла па старой граніцы Савецкага Саюза, устаноўленай пасля Рыжскага дагавора ў 21-ым годзе, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы.

Але гэта пазнанне прыйшло пазней, на ўроках гісторыі, з расказаў відавочцаў. А яшчэ памятаецца, як вясковыя кабеты вечарам, седзячы на лаўцы, расказвалі, што дзяўчыну Ірыну з Бабоўні ўзяў замуж нясвіжскі хлопец. А з Гарадзеі пераехала жыць у Рымашы сям’я Н-скіх. І чамусьці заўсёды чуваць было слова «западнікі».
Мы не ўяўлялі сабе, як гэта раней тут, дзе мы гуляем у вайну, праходзіла мяжа, за якую нельга было пераступаць, як народ, у якога адна культура, звычаі, абрады, раздзелены. Усё гэта прыйшло на памяць менавіта ў гэтыя дні, калі ўся краіна святкуе Дзень народнага адзінства.
Гісторыю не перапішаш зноўку. І менавіта яна яшчэ раз пацвярджае ісціну, што не можа народ быць расколаты на дзве часткі. Толькі адзінства, моцны саюз прыдаюць нам сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Адсюль – спакой і мір у сем’ях, радасныя галасы дзяцей, светлае неба і надзея, якая жыве і будзе жыць у кожным з нас.
Марыя ШЭІНА
Комментарии