Мастацтва па-сапраўднаму аб'ядноўвае народ і рэгіёны. У гэтым можна было пераканацца падчас рэспубліканскай выставы «Пояс адзінства», удзел у якой прыняла народны майстар Беларусі дырэктар Капыльскага раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава разам з іншымі творцамі Беларусі.
Мерапрыемства праходзіла ў Палацы Незалежнасці Беларусі і было прымеркавана да Дня народнага адзінства.
[caption id="attachment_106096" align="aligncenter" width="650"]
Таццяна Волкава (справа) з майстрамі народнай творчасці Ланай Сласцёнай (Маладзечна) і Яўгенам Осіпавым (Беразіно) у Палацы Незалежнасці[/caption]
Вырабы народных майстроў ад ганчарнага мастацтва да лозапляцення, нацыянальнае адзенне з вышыўкай, маляванкі, выцінанкі, батлейка. Усе рэгіёны Беларусі прадставілі ўнікальныя экспанаты свайго краю. На выставе ў Палацы Незалежнасці было прадэманстравана, наколькі глыбінная і шматгранная наша гісторыя. А яшчэ гэта і магчымасць дакрануцца да спадчыны беларускага народа, да сваіх каранёў.
– З гонарам адзначу, што культура Капыльшчыны на выставе была прадстаўлена яшчэ і адзеннем удзельнікаў семежаўскага народнага каляднага абраду «Цары», якое знаходзілася на манекенах. Як вядома, абрад гэты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна Волкава. – Адзначу, што працэс ткацтва нашых традыцыйных семежаўскіх ручнікоў вызваў асаблівую цікавасць у міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча. Ён нават сеў за кросны і паспрабаваў сам выткаць узор. Трэба дадаць, што Мінскую вобласць прадстаўлялі майстар па лозапляценні Лана Сласцёна з Маладзечна, Яўген Осіпаў з Беразіно, які дэманстраваў вырабы з дрэва. А Ірына Жудрык з Любанскага раёна праводзіла дэгустацыю хатняга хлеба. Пасля выставы для нас арганізавалі цікавую экскурсію па Палацы Незалежнасці. Прыняўшы ўдзел у гэтай тэматычнай выставе, магу з упэўненасцю сказаць, што на шматвяковых традыцыях нашых продкаў трымаюцца наша культурная ідэнтычнасць, наша нацыянальнае самапазнанне. І толькі разам мы можам захаваць гэтую найкаштоўнейшую спадчыну.
[caption id="attachment_106097" align="aligncenter" width="840"]
■ Адзенне ўдзельнікаў каляднага абраду «Цары» на выставе ў Палацы Незалежнасці[/caption]
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии