Як адзначыла старшыня Капыльскага райсавета дэпутатаў Марыя Сандрозд, праблемы асабістых гаспадарак знаходзяцца на кантролі райвыканкама і райсавета. Сёлета насельніцтва вырошчвае каля 4000 га бульбы, 1500 га збожжавых, агародніну, плады і ягады. У мінулым годзе на 2 т больш, чым у папярэднія, сабрана мёду, павялічваецца пагалоўе свіней, коз і авечак, але памяншаецца кароў.
Праблемы асабістых падсобных гаспадарак, па словах Марыі Леанідаўны, разглядаюцца пасезонна. Напрыклад, зараз сельскія Саветы і райвыканкам заклапочаны тым, каб насельніцтва своечасова пасадзіла бульбу. У асноўным, за выключэннем некаторых вымаклых тэрыторый у Грозаўскім, Камсамольскім сельскіх Саветах, гэтыя работы выкананы. Закончаны яны ў Доктаравіцкім, Семежаўскім, Цімкавіцкім, Пацейкаўскім сельскіх Саветах (дарэчы, для апошняга характэрна павелічэнне плошчы вынасу бульбы ў палі севазвароту – 26 га). Паслугі па пасадцы і апрацоўцы аказваюць як мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, так і ўладальнікі прыватных мотаблокаў, трактароў, коней.
Наступны этап для ўласных падсобных гаспадарак – нарыхтоўка кармоў. На дадзены момант у раёне налічваецца 1007 кароў. Іх колькасць зменшылася напалову ў параўнанні з пачаткам дзеяння Праграмы развіцця асабістых падсобных гаспадарак (2006 г.). На жаль, насельніцтва ў раёне старэе, але для заахвочвання моладзі да ўтрымання жывёлы даюцца пэўныя магчымасці: штогод усе сельгаспрадпрыемствы ў дастатковай колькасці (1,5 – 2 т) з дастаўкай на дом забяспечваюць сенам. Гаспадаркі перыядычна падкошваюць пашы і выдзяляюць іх непадалёку ад населеных пунктаў. Дарэчы, днямі адбыліся пасяджэнні сельвыканкамаў, на якіх заслуханы кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў з прапановамі аб выдзяленні сенажацей у 2010 годзе. А сельвыканкамы павінны вызначыць парадак выдзялення сенажацей, зацвердзіць аплату за аказаныя паслугі па скошванні і дастаўцы сена, а таксама вывучыць іншыя праблемы насельніцтва.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии