Анатоль Мікалаевіч Сікорскі – ветэран педагагічнай працы, які ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Гэтай узнагароды ён удастоены ў 2019 годзе за высокія дасягненні ў педагагічнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурную спадчыну беларускага народа.

Анатоля Мікалаевіча ведаюць як адукаванага, эрудзіраванага педагога. Ім падрыхтавана шэсць стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Яго вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі алімпіяд па геаграфіі і конкурсаў работ даследчага характару.
Сікорскі – аўтар шматлікіх падручнікаў па геаграфіі, выступаў з лекцыямі для настаўнікаў у Мінскім абласным і гарадскім інстытутах адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Анатоль Мікалаевіч пастаянна вывучае і даследуе капыльскі край, радуецца яго поспехам. З гонарам ён прыняў і навіну наконт правядзення ў Капылі Дня беларускага пісьменства, пра што і расказвае ў сваіх нататках ніжэй.
Марыя ШЭІНА
⇓
Праз некалькі Капыль прыме рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства. Эстафету райцэнтр прыняў ад г. Бялынічы Магілеўскай вобласці. Гараджане заўважаюць, як паступова прыгажэе наш родны, наш слаўны Капыль.
Хачу асабіста і ад шматлікіх капылян выказаць удзячнасць нашай зямлячцы, дэпутату, старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якая стала ініцыятарам і правадніком ідэі правядзенне такога свята на Капыльшчыне.
Кожны чалавек дзесьці нарадзіўся і мае там свае карані. А аб’ядноўвае ўсіх наша сакавітая нацыянальная мова. Мяне кранулі словы: «Радзіма — самае дарагое і каштоўнае, што ёсць у кожнага чалавека. Гэтак, як і маці, сям’я, дзеці. Яе, родную землю, не выбіраюць. Яна даецца нам звыш, з ласкі нябёсаў, перадаецца ў спадчыну як дарунак бацькоў і лёсу. Таму і называецца родны кут Бацькаўшчынай». Так пачынаецца чарговая кніга нашага земляка, цімкаўляніна Алеся Бельскага. Чытачам раённай газеты «Слава працы», землякам я прапапую скарыстацца паслугамі цэнтральной раённай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі і пачытаць кнігі Алеся Бельскага «Тут іх карані і вытокі: вядомыя людзі з Капыльшчыны ў Беларусі і свеце», а таксама «Тут наша Радзіма: вядомыя людзі з Капыльшчыны ў Беларусі і свеце», якія складаюцца з біяграфій вядомых дзеячаў навукі і культуры з Капыльскага раёна. Усе яны вызначыліся сваім талентам і майстэрствам, творчай працай і прафесіянальнымі дасягненнямі, праславіліся ў свеце.
Год народнага адзінства і Дзень пісьменства цесна ўзаемазвязаны і носяць вялікі выхаваўчы патэнцыял. Носьбітамі беларускага слова з’яўляюцца паэты і пісьменнікі, якія праслаўлялі і праслаўляюць паэтычным словам прыгажосць родных мясцін, чалавека-працаўніка. Гэта наша спадчына. Чытачам будзе цікавай пэўная інфармацыя пра нашых паэтаў і пісьменнікаў.
- Капыльшчына — славуты пісьменніцкі куток, які нярэдка называюць «літаратурным гняздоўем Беларусі». А сапраўды, колькі слаўных людзей дала наша Капыльшчына. Нездарма гавораць, што хто нарадзіўся на Капыльшчыне, той ужо славутасць. У сувязі з гэтым Мікола Хведаровіч пісаў:
«Мы капыляне — усе паэты,
Такая наша ўжо зямля.
І паважаюць нас за гэта,
Шчаслівы той, хто з Капыля».
- Алесь Бельскі (літаратурны псеўданім Ветах) — знакаміты пісьменнік, доктар філілагічных навук, прафесар, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. Яго імя занесена ў спіс знакамітых ураджэнцаў Капыльшчыны. У сваіх творах раскрывае прыгажосць родных мясцін, з вялікай цеплынёй успамінае пра сваіх бацькоў, свой род, сваіх сяброў і землякоў.
- Кузьма Чорны (Мікалай Раманоўскі) — класік нацыянальнай беларускай літаратуры. Яму належаць словы «Дзе прайшло маленства, там пачынаецца радзіма». Яго называюць беларускім Дастаеўскім. У пісьме да Якуба Коласа ў гады вайны ён пісаў: «Я глыбока ўпэўнены ў тым, што заўсёды — як цяпер, так і ва ўсе наступныя гады — беларускі пісьменнік будзе і гісторыкам, і крытыкам літаратуры, і даследчыкам яе. І толькі так, скарыстаўшы ўсё нам дадзенае, мы нездарма для нашага народа і роднай зямлі пражывём сваё жыццё».
- Да 100-годдзя БССР у рамках рэалізацыі праекта «Брэнд тэрыторыі» на Капыльшчыне з’явіліся аўтобусы з фотаздымкамі Цішкі Гартнага і яго знакамітага «Маніхвэсту», а таксама з выявамі Адама Русака, радкамі з яго песні «Бывайце здаровы» і словамі «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры».
- Па творах нашых пісьменнікаў пастаўлены спектаклі і зняты кінастужкі. Напрыклад, на аснове «Хатынскай аповесці» Алеся Адамовіча пастаўлена п’еса «Вяртанне ў Хатынь» і знята кінастужка «Ідзі і глядзі».
- Ёсць меркаванне, што Капыльшчына — радзіма Міколы Гусоўскага, аўтара помніка беларускай пісьменнасці «Песня пра зубра», які ўвайшоў у скарбніцу Еўрапейскай культуры. Імя Міколы Гусоўскага рашэннем ЮНЕСКА ўключана ў спіс найвыдатнейшых дзеячаў славянскага свету.
- Знакамітая песня «Когда я на почте служил ямшиком» мае дачыненне да Капыльшчыны. Аўтар слоў — вядомы ва ўсім славянскім свеце Уладзіслаў Сыракомля, які пэўны час жыў в. Кудзінавічы.
- Будынак Капыльскага раённага краязаўчага музея – былая скураная майстэрня, дзе пачынаў свой працоўны шлях Цішка Гартны.
- У будынку сучаснага ЗАГСа раней месціўся Дом народнай культуры, у якім Янка Купала ў 1938 годзе чытаў свае вершы, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка. Майстар слова сябраваў з пісьменнікамі і паэтамі Капыльшчыны Цішкам Гартным, Алесем Гурло, Кузьмой Чорным, Дзмітрыем Чарнушэвічам і некалькі разоў прыязджаў да іх.
- Алесь Адамовіч сумесна з Янкам Брылем і Уладзімірам Калеснікам напісалі кнігу «Я з вогненнай вёскі», у якой ёсць раздзел «Новыя дзеці» з успамінамі нашых зямлячак Марыі Нагорнай і Марыі Кот пра падзеі ў вёсках Малыя і Вялікія Прусы, спаленых у гады вайны.
- Словы верша «Я шчыра ганаруся тым, што родам сам з-пад Капыля» належаць Анатолю Астрэйка. Яго малой радзімай быў прынёманскі край, в. Пясочнае. Ён аўтар верша «Песня пра Нёман», зборніка «Слуцкія паясы».
- Лаўскаму бою на Капыльшчыне прысвяціў аднайменны верш Адам Русак. Неафіцыйным партызанскім гімнам з’яўляецца «Лясная песня», а яго твор «Бывайце здаровы» у Крамлёўскім палацы выканаў расійскі фальклорны калектыў «Буранаўскія бабулі». Пад мелодыі гэтай песні выступала Ірына Радніна на Чэмпіянаце свету па фігурным катанні.
- Да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусі з Кітаем быў выдадзены ў перакладзе зборнік вершаў беларускіх паэтаў на кітайскай мове, у якім ёсць творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна і Адама Русака.
- Ян (Іван) Скрыган карыстаўся вялікім аўтарытэтам як знаўца і абаронца беларускай мовы — нястомны і прынцыповы. Калі Пятрусь Броўка прынёс яму на рэдактаванне свой твор «Калі зліваюцца рэкі», Ян Скрыган сказаў, што праца зменшыцца на чвэрць. На што Броўка адзначыў: «Я ведаю. Але калі ты адрэдактуеш, больш нічога не патрэбна будзе рабіць!»
- Алеся Гурло называлі «матросам рэвалюцыі». Менавіта ён прынёс на крэйсер «Аўрора» пакет з загадам аб штурме Зімняга палаца і гаварыў, што «на барыкады ішоў з верай».
- Мікола Хведаровіч шмат сіл і энергіі аддаў для таго, каб беларускі чытач змог чытаць па-беларуску творы Пушкіна, Багрыцкага, Руставелі. Жыў і працаваў з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Міхасём Чаротам, Цішкай Гартным, Алесем Гурло і іншымі. Ен пісаў: «За свой век мне давялося шмат павандраваць па свеце. Але куды б ні закідваў мяне лёс, дзе б ні быў, пыталіся «Адкуль вы родам? З якіх мясцін?». Я з гонарам адказваў, што па нацыянальнасці я беларус, нарадзіўся на Случчыне, у мястэчку Капыль. Гэта — мая радзіма…» Менавіта з такой цеплыней ён піша ў вершы «Капыль»:
Стаіць на пагорках
На ста сямі горках
Мой родны,
Мой слаўны Капыль.
- Цеплыня і любоў да сваёй радзімы, да свайго горада адлюстроўваюцца ў вершах паэтаў.
На стромкай гары,
Падпярэзанай рэчкай,
Як помнік былога,
Як быль,
Стаіць на зямлі
Беларускай мястэчка
Пад сціплаю назвай
Капыль.
Сяргей Пятровіч
Капыль, Капыль! Маё мястэчка,
Вялікай Міншчыны куток!
Мне міла ўсё тваё: і рэчка,
І хаты, ніва і гаёк.
Цішка Гартны
І дзе б не блукаў,
Хоць за тысячу міль.
А век не забуду,
Што я з Беларусі,
А іменна родам
З мястэчка Капыль.
Сяргей Пятровіч
- Хачу адзначыць, што наша раённая газета «Слава працы» з’яўляецца носьбітам і прапагандыстам беларускай мовы, беларускага слова, расказвае пра знакамітых паэтаў, пісьменнікаў, лепшых людзей Капыльшчыны. Адкрыты рубрыкі «Літаратурная старонка», «Каляндар знамянальных дат», «Наша спадчына — мова матчына» і іншыя. Пры раённай газеце дзейнічае літаратурнае аб’яднанне «Вясёлка», а чытачы маглі пазнаёміцца з вершамі мясцовых паэтаў: Мікалая Майсюка, Івана Пракарыны, Любові Мотуз, Тамары Мінчэні і іншых. У гэтых вершах праслежваецца цеплыня, любоў і ўдзячнасць малой радзіме, сваёй бацькаўшчыне.
Куток дзівосны гнёздаў салаўіных,
Капыльская радзімая зямля.
Нідзе няма другой такой мясціны,
Дзе адпачываў душой і сэрцам я.
Капыльская зямля, капыльская зямля,
Ты – ружа беларускага вянка.
Мікалай Майсюк
Над бярозай белай кружыць белы бусел,
Белы бэз красуе пад маім акном.
З радасцю ў сэрцы гэтым ганаруся,
Тут мая Радзіма, мой радзімы дом.
Мікалай Майсюк
Люблю, Капыль, твае пагоркі,
Блакіт азёрнай цішыні,
Цымбалаў спеў вясёлы, звонкі
І веліч Замкавай гары.
Тамара Мінчэня
На пагорках, пагорачках
Стаіць наш гарадок.
Невялікі ён з выгляду
І не вельмі высок.
За ўзгоркамі горачкі,
А навокал у далі
Усе бярозы ды елачкі,
За гаямі гаі.
А. Дарашэвіч
І хай бягуюць, імчаць стагоддзі,
Ляцяць хай над табой гады.
Жыві, Капыль, душой у народзе,
Красуйся вечна малады.
Тамара Мінчэня
- Кузьма Чорны пісаў: «Радзіма — гэта і звыклы з маленства колер неба, і знаёмае дрэва, і магілы продкаў, і дачыненне да блізкіх і родных людзей». Гэта, безумоўна, шанаванне і павага іх, памяць аб тых земляках, той паэтычнай і празаічнай спадчыне, якую яны стварылі.
- У гімне Капыльскага раёна ёсць словы, якіх ўсхваляюць наш край:
Капыльская зямля мая,
Крыніца слаўнага жыцця.
Мой лёс, мой гонар, зорны шлях,
Радзіма, слаўся ты ў вяках!
- Патрэбна адзначыць, што ў назвах вуліц і завулкаў Капыля ўшанаваны імёны знакамітых літаратараў і пісьменнікаў-землякоў: Адама Русака, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, Яна Скрыгана, Алеся Гурло, Анатоля Астрэйкі, Алеся Коршака, першадрукара Францыска Скарыны, класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, класіка яўрэйскай літаратуры Саламона Абрамовіча (Мэндэль Мойхер Сфорыма), савецкіх (рускіх) пісьменнікаў Аляксандра Пушкіна і Максіма Горкага. Напэўна, ніводны іншы горад Беларусі не можа пахваліцца тым, што больш за палову найменняў у гонар знакамітых людзей складаюць вуліцы, названыя імёнамі беларускіх культурных дзеячаў. Прыемна, што пры гэтым значная частка — гэта вуліцы, названыя ў гонар людзей, звязаных з Капыльшчынай.
- У назвах вуліц, завулкаў сельскіх населеных пунктах ушанаваны імёны Адама Русака (агр. Пясочнае), Кузьмы Чорнага (в. Жабчава і агр. Цімкавічы).
- У раёне працуюць музеі з выставамі, прысвеченымі Кузьме Чорнаму (агр. Цімкавічы), Яну Скрыгану (Каменскі ВПК д/с-СШ), Адаму Бабарэку (Слабадакучынская СШ), Адаму Русаку і Анатолю Астрэйку (Песачанскі ВПК д/с-БШ), Цішку Гартнаму (СШ № 2 г. Капыля), Аляксею Коршаку (гімназія № 1 імя М.В. Рамашкі). У экспазіцыі раённага краязнаўчага музея «Этнаграфія і побыт канца 19-пачатку 20 стст.» створаны мемарыяльны кабінет нашага земляка, мастака, былога галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларусь» Генадзя Галубовіча з в. Вялешына Слабада-Кучынскага сельсавета.
- Установы адукацыі і культуры носяць імёны паэтаў і пісьменнікаў: СШ № 2 імя Цішкі Гартнага, Цімкавіцкая школа імя Кузьмы Чорнага, раённая бібліятэка імя Анатоля Астрэйкі, школьная бібліятэка Слабадакучынскай школы імя Генадзя Галубовіча.
- У горадзе ўстаноўлены памятны знак Цішку Гартнаму каля будынка раённага краязнаўчага музея, мемарыяльныя дошкі Зміцеру Жылуновічу (Цішку Гартнаму) — на вул. Жылуновіча, Аляксею Коршаку — на гімназіі № 1 імя М.В. Рамашкі, Саламону Абрамовічу (Мэндэлю Мойхеру Сфорыму) — на будынку універмага, паэту-песенніку Адаму Русаку — на Песачанскім ВПК д/с-БШ і на яго хаце ў в. Малінаўка, Генадзю Галубовічу — ў в. Вялешына, пісьменніку Васілю Сташэўскаму — ў в. Лугавая, Адаму Бабарэку — ў музеі Слабадакучынскай СШ, Кузьме Чорнаму — памятны знак і валун з мемарыяльнай дошкай на месцы, дзе раней стаяла хата ў в. Жабчава.
- На аўтобусным прыпынку каля в. Канюхі адлюстравана выява Алеся Адамовіча, абрысы карты раёна з пазначанымі на ёй літаратурнымі мясцінамі, стылізаваны лес, а побач выведзены радкі з яго кнігі «Пражыта»: «Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі — гэтыя самыя Канюхі, у якіх я нарадзіўся».
- Капылянам прапаную пачытаць кнігі Алеся Марціновіча, прысвечаныя нашай Капыльшчыне, «Ля Каменкі бруістай» і новы твор аўтара «Капыльшчына. Душа рвецца сюды», які адрасаваны чытачам, неабыякавым да нацыянальнай гісторыі.
- А. Дарашэвіч у вершы «Песня пра Капыль» піша:
Хоць не вельмі вялікі ён —
Не Масква і не Мінск,
Але нам, капылянам,
Ён і дораг, і міл.
Бо па ўсёй Беларусі
Знаюць нашых людзей
І аб нашым Капылі
Слава ўсюды ідзе.
Завяршыць прапанаваны матэрыял хачу словамі Алеся Бельскага: «Мае славутыя землякі — гэта здаецца, высокія, недасяжныя зоркі на жыццёвым небасхіле, але разам з тым яны і звычайныя, зямныя людзі, якія, аднак, вылучаюцца лепшымі духоўнымі і чалавечымі якасцямі. Яны таленавітыя, адукаваныя і інтэлігентныя. Мне думаецца, новым пакаленням людзей можна без ваганняў браць іх жыццё і самаадданасць у прафесіі як станоўчы прыклад, культурны арыенцір. Іх сцяжынкі і дарогі прымушаюць задумацца пра самае каштоўнае. Галоўнае — няма чалавека без бацькаўшчыны, роднай зямлі».
На мой погляд, веданне і павага да роднай мовы, нацыянальнай культуры, роднага краю і славутых землякоў — гэта састаўныя патрыятызму, якога падчас так не хапае ў цяперашняй складанай сітуацыі.
Анатоль СІКОРСКІ,
г. Капыль
Комментарии