Ён усе свае духоўныя і фізічныя памкненні цесна звязаў з рэвалюцыйнымі падзеямі пачатку XX стагоддзя, апантана змагаўся за новы лад, адраджаў, усталёўваў, мацаваў дзяржаву. Усё гэта пра нашага земляка, ураджэнца Капыля, пісьменніка Цішку Гартнага.

У сваёй аўтабіяграфіі Зміцер Жылуновіч (сапраўднае імя) расказвае, што ён нарадзіўся ў мястэчку Капыль 4 лістапада 1887 года. Бацькі не мелі зямлі. Маці ўлетку жала жыта, выбірала бульбу ў заможнікаў, бацька капаў у падрадчыкаў канавы на Палессі. Сям’я не мела ні поля, ні каня, ні каровы. На адзінаццатым годзе жыцця Цішку Гартнага аддалі вучыцца да «дарэктара», хатняга настаўніка. Зімою вучыўся, а з вясны да позняй восені пасвіў чужыя каровы, плацілі яму за сезон па рублі за штуку.
У 1902 годзе ў Капылі была адкрыта двухкласная школа. За «сачыненні» ў час вучобы Зміцер прыносіў часта пяцёркі. «Сачыненне» на экзамене пры заканчэнні школы было забрана інспектарам як узорнае. Пасля гэтага Зміцер прадаўжаў пісаць невялічкія апавяданні і вершы дома. Тэматыка іх была з кожным днём больш разнастайнай і больш багатай. Вечарамі і ў святочныя дні ён чытаў свае творы лепшым сябрам.
Гартны меў надзвычайную прагу да чытання. Чытаў асабліва рускіх пісьменнікаў — Някрасава, Нікіціна, Чэхава, Талстога, Горкага, Пісарава, Успенскага...
Цішка Гартны пражыў цяжкае жыццё. Яшчэ юнаком уступіў у сацыял-дэмакратычную партыю. Бацькі хацелі, каб ён вывучыўся на настаўніка, але па прычыне нядобранадзейнасці ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю юнака не прынялі. Давялося жыццёвыя ўніверсітэты асвойваць самому. Зміцера паклікалі іншыя гарызонты, незразумелыя яго блізкім. Кім ён толькі не працаваў: пастушком, чорнарабочым, гарбаром, металургам у Пецярбургу, але жыццё яго не зламала, ён толькі больш загартаваўся. У Капылі ён уключаецца ў рэвалюцыйную барацьбу і з яшчэ большай вастрынёй змагаецца з самадзяржаўем у Пецярбургу. Гэта і вызначыла яго творчую накіраванасць.
На пачатку 1917 года Гартны звязвае свой лес з Беларускай сацыялістычнай грамадой. Становіцца адным з лідараў яе левага крыла. У Лютаўскай рэвалюцыі сам прыняў актыўны ўдзел. Разам з пецярбургскімі рабочымі атакаваў казармы, дапамагаў лавіць пераапранутых паліцэйскіх. Беларускі бежанскі камітэт у сакавіку пасылае Гартнага сваім дэпутатам у Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Многа змен адбываецца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, найперш у грамадска-палітычным жыцці Цішкі Гартнага. У гэты час ён праяўляе вялікую актыўнасць і ў літаратурнай, і асабліва ў грамадска-палітычнай дзейнасці. У лютым 1918 года становіцца сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР. Некаторы час рэдагуе першую савецкую газету на беларускай мове «Дзянніца». У тым жа годзе, у кастрычніку, у Маскве быў прыняты ў члены РКП(б). Уваходзіў у склад бюро Беларускай секцыі РКП(б).
30 снежня ў Смаленску пачалася VI Паўночна-Заходняя канферэнцыя, якая была аб’яўлена I з’ездам Камуністычнай партыі Беларусі. Было прызнана неабходным абвяшчэнне БССР. Абраны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі. Узначаліў яго 3міцер Жылуновіч. Ім быў напісаны Маніфест («Маніхвэст») аб абвяшчэнні БССР. Праўда, працаваць ураду гэтаму, па сутнасці, не давялося. Праз нейкі месяц уладу ўзялі прыхільнікі Цэнтральнага бюро КП(б) Беларусі.
Нялёгка, нават драматычна вырашалася для беларусаў тэрытарыяльнае пытанне. Урад Жылуновіча прыняў БССР у межах Мінскай, Віцебскай, Смаленскай, Магілёўскай, Гродзенскай губерняў. Але ЦК РКП(б) без папярэджання і кансультацый 16 студзеня 1919 года прыняў пастанову аб аддзяленні ад БССР усіх губерняў, пакінуўшы толькі Мінскую. Жылуновіч, Чарвякоў і Чарнушэвіч накіравалі ў Маскву сваё пісьмо-пратэст.
Падчас польскай акупацыі Беларусі Жылуновіч спачатку знаходзіцца на фронце ў палітаддзеле, а затым яго накіроўваюць у пры-франтавы Смаленск і тэрмінова ўводзяць у рэдкалегію толькі што створанай газеты «Савецкая Беларусь». Гартны інфармуе чытачоў аб навінах з бацькаўшчыны. Газета дастаўляецца ў акупіраваныя раёны Беларусі і вельмі хутка набывае папулярнасць, узнімае працоўныя масы супраць белапольскіх акупантаў. Неўзабаве Цішка Гартны становіцца рэдактарам газеты, з’яўляецца членам ЦК партыі Беларусі, а на II з’ездзе Саветаў БССР выбіраецца і членам Прэзідыума ЦК.
Але ворагаў у Гартнага шмат, і яны папракаюць Дзмітрыя Фёдаравіча, што той не праявіў цвёрдасці і не супрацьстаяў падзелу Беларусі. Гэтыя людзі не разумелі, а можа і не хацелі разумець, што дзякуючы Цішку Гартнаму вырашыўся лёс нашай рэспублікі.
Дзе б ні працаваў Цішка Гартны, ён выконваў сваю работу акуратна. Напісанымі ім раманамі «Сокі цаліны», «Бацькава воля» і іншымі творамі да вайны зачытвалася моладзь. Вядомы беларускі паэт Сяргей Грахоўскі адзначыў у сваіх успамінах: «Памятаю той час, калі наша літаратура трымалася на трох «кітах»: Купала, Колас і Цішка Гартны». Цішка Гартны стварыў літаратурны часопіс «Полымя» і быў яго рэдактарам, а таксама ўзначальваў дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, а ў сорак гадоў стаў акадэмікам АН БССР.
[caption id="attachment_104884" align="aligncenter" width="840"]
▪ У першым радзе сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала; у другім радзе стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны[/caption]
Ухвалявана вітаў рабочы-паэт Кастрычніцкую рэвалюцыю, якая вызначыла новы этап у жыцці Гартнага. Ён усяго сябе аддаваў справе служэння народу, абараняў заваёвы Кастрычніка на франтах і палымяным словам пісьменніка ўзнімаў працоўны люд на барацьбу за новы лад. Менавіта ў першыя гады Савецкай улады партыя камуністаў высока ацаніла дзейнасць нашага земляка. І ён, бадай, быў самы аўтарытэтны ў Беларусі.
Але пройдзе час. Многія, каму ён дапаможа знайсці сваё месца ў жыцці, абрынуць на песняра рэвалюцыі горы паклёпу. Дзякуючы такім нядобразычліўцам ён і загінуў 1 красавіка 1937 года.
Капыляне шануюць памяць свайго знакамітага земляка, таму яго імем названы вуліцы ў горадзе і самая вялікая школа ў раёне.
Цішка Гартны ўвайшоў у гісторыю айчыннай літаратуры як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, даследчык гісторыі беларускага мастацтва і сацыяльных праблем на Беларусі.
Капыль, Капыль!
Маё мястэчка,
Вялікай Міншчыны
куток!
Мне міла ўсё тваё:
і рэчка,
І хаты, нівы і гаёк...
Вакол яго снуе далінай
Шнурок вясёлы раўчука,
Якога нам,
бы матка сына,
Спакон вякоў дала рака,
Што там магутна
воду гнала
І чоўны рэзвыя нясла,
Бурлівай хваляй
узгорак рвала
І крыгай мост стары
трасла...
А далей —
вокал роўна нівы
Свае шнуркі к гаям
вядуць,
Што цёплым летам
людзям жніва
За працу цяжкую даюць.
На нівах густа
разлягліся
Астаткі шведскае
вайны,
Што ў час вяковы
не звяліся
Ў траве зялёнай
курганы.
Пад іх грамадаю
маўкліва
Ваякаў слаўных косці
спяць,
Пайшоўшых смела
ў час прызыву
Свой родны край
абараняць.
Між тых курганаў,
на адгону,
Высокі замак
з цьмі вякоў
Устае, як сведка
ўлады і закону
Старых часоў,
сваіх князёў.
Калі ж паглядам
далей кінем
Туды, дзе ніў канец
ляжыць, —
Хваёвы бор,
як вострым клінам,
Сцяной зялёнаю стаіць.
Старыя хаткі
сумна зніклі
З зялёным мохам
на страсе,
І спяць-маўчаць,
нібы прыціхлі,
Як заварожаны ўсе...
г. Пецярбург, 1914 г.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии