Журналіста, пісьменніка і гісторыка, заслужанага дзеяча культуры, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алеся Марціновіча добра ведаюць шматлікія чытачы. За творчую працу ён адзначаны медалём Францыска Скарыны, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалём Кампартыі Расійскай Федэрацыі імя Мусы Джаліля, знакам «Выдатнік друку Беларусі».

Гэта сёння Алесь Андрэевіч з’яўляецца лаўрэатам Нацыянальнай прэміі Беларусі ў намінацыі «Проза», двойчы лаўрэатам прэміі «Залаты Купідон», літаратурных прэмій імя Максіма Багдановіча і Уладзіміра Калесніка, лаўрэатам прэміі «Залатое пяро» Беларускага саюза журналістаў. А вось як расказвае на старонках раёнкі ў нумары першым за 1995 год яго маці Яўгенія Аляксандраўна: «Пра тое, што некалі сын стане вядомым пісьменнікам, мы і не думалі. Хоць прыкмячалі ў яго цікавасць да кніг, часопісаў. Яшчэ да школы займаўся падшыўкай сямейнай падпіскі. Затым вучнем друкаваўся ў раённай газеце «Калгаснік Капыльшчыны», «Піянер Беларусі», будучы студэнтам – у «Чырвонай змене». Наогул, мы рады, што ён знайшоў сябе ў жыцці».
Працаваў Алесь Андрэевіч у розных выданнях, у тым ліку намеснікам, першым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларуская думка», зараз – у газеце «Літаратура і мастацтва». Напярэдадні 75-гадовага юбілею, які пісьменнік адзначае ў жніўні, мы папрасілі адказаць на некалькі пытанняў.
– Алесь Андрэевіч, як Вы адносіцеся да таго, што ў Капылі ў гэтым годзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства?
– Са 118 раёнаў, з якіх складаецца тэрыторыя нашай краіны, на карце суверэннай, незалежнай Рэспублікі Беларусь ёсць Капыльшчына. Нельга не адзначыць, што гэта адзіны ў Беларусі раён, які даў сілы для творчасці не проста двум класікам, а прадстаўнікам двух нацыянальных літаратур. Гэта малая радзіма Мендэле Мойхер-Сфорыма, якога па праве называюць дзядулем яўрэйскай літаратуры, і Кузьмы Чорнага – класіка беларускай літаратуры. Хіба знойдзеш яшчэ адзін раён, які б меў такое «суседства»?
Тое, што Капыльшчына стала цэнтрам правядзення чарговага Дня беларускага пісьменства – гэта, нарэшце, вяртанне справядлівасці. Прызнаюся шчыра: я даўно з нецярпеннем чакаў, калі гэта ўсё ж адбу-дзецца.
– Вы нарадзіліся на Случчыне, але ў Вас шмат кніг пра Капыльшчыну. Ці лічыце Вы Капыль сваёй малой радзімай?
– Нарадзіўся я ў вёсцы Казловічы Слуцкага раёна. Але мае бацькі-настаўнікі, папрацаваўшы пасля Казловіч у вёсцы Вялікая Сліва, у 1952 годзе перабраліся ў вёску Комсічы на Капыльшчыне. Праз год я пайшоў у першы клас тагачаснай Комсіцкай сямігодкі, але правучыўся ў ёй толькі некалькі месяцаў, бо бацька мой пачаў выкладаць гісторыю ў колішняй Крывасёлкаўскай сярэдняй школе (зараз Навасёлкаўскі ВПК д/с – БШ. –
Аўт.). Сям’я і пераехала ў Навасёлкі. Праўда, мама яшчэ працягвала працаваць у Савіцкай пачатковай школе, пераадольваючы туды і назад не адзін дзясятак кіламетраў. Так што Капыльшчына для мяне – малая радзіма.
– Вядома, што некалі Вы працавалі ў рэдакцыі газеты «Слава працы»...
– Закончыў я факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Адпрацаваўшы па размеркаванні год у драгічынскай раённай газеце «Запаветы Леніна», быў прызваны лейтэнантам на вайсковую службу ў Забайкальскую ваенную акругу. У запас звольніўся праз два гады. Вяртацца ў Драгічын не збіраўся, але паехаў туды, каб пабачыцца з тымі, з кім да войска працаваў.
Вярнуўся дамоў, а бацькі кажуць, што з Капыля прыязджалі рэдактар «Славы працы» і яго намеснік. Прасілі іх угаварыць мяне ісці да іх на працу. Пасля некаторага роздуму я згадзіўся. І не пашкадаваў.
Трапіў у цудоўны, зладжаны творчы калектыў. Акрамя Віктара Адамавіча і яго намесніка Рыгора Швеца гэта былі Усевалад Гурыновіч, Іван Ігнатчык, Аляксандр Паўлаў… З імі добра працавалася, а з некаторымі і хораша адпачывалася. Катэгарычна не згодзен з тым, што журналісцкая праца, асабліва ў глыбінцы, псуе творчага чалавека. Усё залежыць ад яго самога. Хоць і не так шмат паездзіў па Капыльшчыне, але ў памяці засталося нямала прыемнага.
– Алесь Андрэевіч, падзяліцеся планамі на будучыню.
– У маім узросце ўжо не можа быць «планов громадьё». Але стараюся не адкладваць пяро. Дакладней не даю камп’ютару прастойваць. Апошнім часам з задавальненнем пішу творы для дзяцей. Дзве кнігі – «Альма. Прыгоды на зямлі і ў космасе» і «Ліза – пераможца тыгра» – асабліва дарагія мне, а хлопчыкам і дзяўчынкам, думаю, цікавыя.
У серыі «Падарожжа па родным краі» выйшлі мае кнігі «Случчына. Старонка міла і багата» і ўжо названая мною «Капыльшчына. Душа рвецца сюды». Яны першыя з задуманага мною пяцікніжжа. Аповед пра тыя мясціны, што прапісаліся ў маёй біяграфіі. Наступнай павінна была быць кніга пра Клеччыну, пасля пра Нясвіжчыну.
Гутарыла Таццяна БОХАН
Комментарии