Партызан Іван піша, як узмацняюць немцы ахову чыгункі, але гэта не ратуе іх, кожны дзень ляцяць пад адхон варожыя эшалоны з тэхнікай, боепрыпасамі і жывой сілай. Партызаны Н-скага атрада паспяхова падабраліся да чыгуначнага палатна, замініравалі яго, і пад адхон паляцелі паравоз і чатыры вагоны са зброяй. Гэта падарунак да 26-й гадавіны Кастрычніка. Аўтары – селянін Паўлюк А., партызан А. П. – паведамляюць, як кожны ўдар народных мсціўцаў прыбліжае радасны дзень вызвалення. Партызаны знішчылі 22 масты, разбурылі 13 і 8 кіламетраў тэлефоннай лініі сувязі, знішчылі 200 і 37 гітлераўцаў, захапілі шмат зброі і ўзялі ў палон 30 немцаў. Сяляне дапамагаюць харчаваннем і зброяй партызанам.
Я трымаў у руках перадапошні, 95 нумар, 1943 года. Перадавы артыкул прысвечаны 25 гадавіне БССР, якая будзе адзначацца 1 студзеня 1944 года. Гэта для беларускага народа вялікая гістарычная дата.
Хвалюе пісьмо “з нямецкага раю”. Дзяўчынка Надзя К. з вёскі Я. піша бацькам пісьмо. “Дарагія мамачка і татачка, пішу Вам, можа, і апошняе пісьмо. Убачыцца з Вамі мне ўжо наўрад ці прыйдзецца”. Сотні юнакоў і дзяўчат загналі немцы на германскую катаргу, і яны, як і гэтая дзяўчына, кожную хвіліну чакаюць увечча ці смерці.
Кожны нумар паведамляе пра зверствы немцаў, вось і ў гэтым, гаворыцца, што яны спалілі жывымі 21 мужчыну, якія паверылі забойцам і прынеслі ім квітанцыі аб здачы хлеба фашысцкім нарыхтоўшчыкам у вёсцы Вуглы. Такі ж манеўр яны прымянялі ў Пукаве і Лапухах. “Не верце звяругу-немцу, а бярыце ў рукі вінтоўку, а калі яе няма, дубіну, тапор ці вілы і знішчайце фашыстаў”, - заклікае аўтар К. О. У такім жа ключы, толькі ў вершаванай форме, “Месть святую соверши” аўтара Сокала.
Наступіў вызначальны для беларусаў 1944 год. І газета-барацьбіт папярэджвае 7 сакавіка жыхароў раёна аб намерах фашыстаў вывезці шмат людзей ў Германію. Для правядзення такой аперацыі прыбыла спецыяльная каманда. “Сачыце за ворагам, - папярэджвае выданне, - і пры яго з’яўленні ўцякайце ў лес пад ахову партызан”. 12-ы нумар паведамляе, што Чырвоная Армія сакрушальнымі ўдарамі пры-бліжае разгром фашысцкіх банд, і яны, каб прадоўжыць сваё існаванне, ідуць на правакацыі. Газета выкрывае намер акупантаў “стварыць беларускую краявую абарону”. Гітлераўскія каты хочуць рукамі беларусаў забіваць іх жа братоў і сясцёр. Перадавы артыкул папярэджвае: “Ганебна загіне той, хто пойдзе ў “краявую абарону”. Журналісты друкуюць і засылаюць лістоўкі паліцаям, заклікаюць іх павярнуць зброю супраць акупантаў. Лістоўкі былі своеасаблівым пропускам, і некалькі груп паліцэйскіх перайшло на бок партызан. Не ўдаўся манеўр немцаў стварыць маладзёжную фашысцкую арганізацыю “Саюз беларускай моладзі”.
“Мы не здрадзім народу, — так сказалі на сваім сходзе сяляне вёскі С. — Ні адзін з нас не пойдзе ў “краявую абарону”. Прысутнічаў і запісаў Л. А.
А наш пастаянны няштатны карэспандэнт Алесь К. (хтосьці расшыфраваў і падпісаў чарнілам А. А. Кандыбовіч) паведамляе, што 21 і 22 мая камсамольска-маладзёжны актыў атрада імя Дунаева правёў вечары мастацкай самадзейнасці ў вёсках О. і В. Партызанскія артысты рабілі інсцэніроўкі, выконвалі песні і танцы пад баян. А паліт-рукі зрабілі даклад аб міжнароднай абстаноўцы.
Газета была магутнай зброяй у барацьбе з акупантамі, яна ўзняла Капыльшчыну на барацьбу і на помсту ворагу.
Адгрымелі баі, прыйшло доўгачаканае вызваленне. Газета-партызанка перайшла на мірнае становішча, але не стала менш баявой. Яна мабілізоўвае жыхароў раёна на адбудову разбуранай гаспадаркі. А рубрыка “Весткі з фронту” будзе друкавацца да самай Перамогі над фашысцкай Германіяй. Газета будзе ўзнімаць пытанні пра клопаты аб сем’ях франтавікоў, аб здачы хлеба ў фонд Чырвонай Арміі. Раёнку ўзначаліць Мікалай Канстанцінавіч Дарашэвіч, а сакратаром стане Адам Іосіфавіч Рымашэўскі (былы камандзір узвода атрада імя Чапаева).
РАЙГАЗЕТА ПАСЛЯ ВАЙНЫ
Прыйшло доўгачаканае вызваленне, і рэдактар падпольнай райгазеты, другі па ліку, Іван Ігнатавіч Ліннік перадае выданне ў рукі свайго літсупрацоўніка Мікалая Канстанцінавіча Дарашэвіча, сакратаром стане былы камандзір узводу атрада імя Чапаева Адам Іосіфавіч Рымашэўскі. Дарэчы, райгазета “Калгаснік Капыльшчыны” будзе з’яўляцца органам Капыльскага РК КП(б)Б і райсавета дэпутатаў працоўных.
Перад намі адзін з кастрычніцкіх нумароў за 1944 год, каштуе ўсяго 15 капеек па тым часе, а па сённяшніх мерках 500-600 рублёў. На тытульным лісце двухпалоскі вялікі артыкул “З аператыўнай зводкі Саўінфармбюро за 27 кастрычніка”. Паведамляецца, што нашы войскі ва Усходняй Прусіі авалодалі многімі апорнымі пунктамі. А вось войскі 4-га Украінскага фронта з баямі занялі тэрыторыю Чэхаславакіі і выйшлі да Венгрыі. На тэрыторыі Югаславіі нашы салдаты дзейнічаюць у цесным узаемадзеянні з югаслаўскімі байцамі народна-вызваленчай арміі. Авалодалі многімі гарадамі і станцыямі, і на чарзе вызваленне Белграда. Такія звесткі радавалі капылян, і кожны верыў, што нашы воіны-вызваліцелі хутка разаб’юць фашыстаў і перамога не за гарамі.
Ідзе падпіска на грашова-рэчавую латарэю ў калгасах раёна, і газета пра гэта паведамляе. “Мы падпісаліся і гэтым самым прыблізім час канчатковай перамогі над ворагам”, — заявілі старшыня прыгараднага калгаса імя Качановіча Грыбок (ён мясціўся, дзе цяпер ПМК-11) і яго калгаснікі Іван Шкілевіч, Міхаліна Язерская. Не адстаюць ад іх калгаснікі Бабаўнянскага сельсавета. Пра гэта паведаміў сакратар газеты Адам Рымашэўскі. Дарэчы, у штаце рэдакцыі былі 2 чалавекі (рэдактар і сакратар). Вялікую дапамогу аказваў актыў селькораў. Імі сталі Калацкая і Макаўчык. Першая паведамляе, што калгаснікі калгаса “Пяцігодка” Ванелевіцкага сельсавета здалі ў фонд Чырвонай Арміі 3 тоны хлеба. “А да 25 кастрычніка прапаную здаць яшчэ 8 тон”, — заявіла калгасніца Ганна Івановіч.
Другая паласа газеты прысвечана песням: надрукаваны “Гимн Советского Союза”, песні «Огонек”, “Темная ночь” і “Песня о Сталине”. Вядома, у тыя часы адзінай крыніцай інфармацыі была раёнка, і з’яўленне цудоўных франтавых песень было своечасовым. Іх капыляне заспявалі за святочным сталом, на клубнай сцэне, у полі і на сенажаці.
Шмат матэрыялаў было прысвечана аднаўленню разбуранай гаспадаркі Капыльшчыны. Раёнка стала надзейным памочнікам райкама партыі і райсавета, яна мабілізоўвала працоўных раёна на выкананне пастаўленых задач. Карэктарам, машыністкай і бухгалтарам рэдакцыі працуе Алена Ціханаўна Кандыбовіч. Пакуль не прыдбалі друкарскую машыну, набраныя па адной літары і звёрстаныя тэксты намазвалі фарбай, і пакладзеную на шрыфт паперу пракатвала валікам вядомая ўжо нам Аня Гурыновіч. Але яна неўзабаве выйшла замуж, яе замянілі Валянціна Мікалаеўна Паўлюшчык і Марыя Антонаўна Шкілевіч. Друкарня і рэдакцыя мясціліся тады ў былым яўрэйскім доміку (на тым месцы гарадская гасцініца, збоку кафэ).
Іван ІГНАТЧЫК
Комментарии