Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

19

Спартыўнае свята на капыльскіх пагорках

21.09.2011
Ад фестывалю заўсёды чакаеш цікавых і запамінальных падзей. Кожны год на ім адбываецца штосьці новае і адметнае. “Капыльскія пагоркі-2011” таксама не сталі выключэннем. Па колькасці ўдзельнікаў 14-ы старт пераўзышоў усе папярэднія. Гэта і зразумела: у праграму, акрамя звыклых дысцыплін, дадаліся “Эстафеты Капыльшчыны”, дзе свой спрыт дэманстравалі  прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна. Таксама з’явіліся новыя каманды, якія падалі заяўкі на ўдзел у экідэне, паўмарафоне, “Эстафетах Міншчыны” і г. д. Сярод іх – спартсмены з Латвіі і Літвы, вышэйшых навучальных устаноў, клуба аматараў бегу “Вікторыя”. Асобныя словы павагі хацелася б выказаць камандзе Капыльшчыны, што адстойвала гонар раёна на паўмарафоне. Але пра ўсё па парадку. [caption id="attachment_13081" align="aligncenter" width="443" caption="Ганаровыя госці свята"][/caption] Па традыцыі, фестываль пачаўся з парада, які прайшоў па плошчы Леніна перад шматлікімі гледачамі і выстраіўся ля гарадской сцэны. Адкрыў урачыстасць старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. Прывітальныя словы ўдзельнікам спартыўнага свята даслаў і наш зямляк Міхаіл Рымжа, доктар медыцынскіх навук, прафесар БДУ. На цырымоніі прысутнічалі ганаровыя госці: дэлегацыя з Чэхаўскага раёна (Расійская Федэрацыя) – старшыня Савета дэпутатаў Міхаіл Кісельман, саветнік кіраўніка раёна Вячаслаў Сцяпанаў, начальнік упраўлення адукацыі Алена Талмачова, выканаўчы дырэктар завода “Альтэкс” Вячаслаў Архіпаў; прэзідэнт Усерасійскага клуба аматараў бегу Уладзімір Волкаў, прадстаўнік сейма Латвійскай Рэспублікі Анрыс Лусіс, а таксама Васіль Гарбачоў, намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама і старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд. Хлебам-соллю сустракала гасцінная капыльская зямля спартсменаў з прыбалтыйскіх рэспублік. А за ўсім дзействам на цэнтральнай плошчы на працягу дня спаборніцтваў можна было сачыць па вялікім плазменным экране, які размясціўся ля будынка райвыканкама. [caption id="attachment_13083" align="aligncenter" width="443" caption="На дыстанцыі - карпаратыўныя эстафеты"][/caption] Пакуль спартсмены разміналіся перад выхадам на шмат-кіламетровыя дыстанцыі, самыя маленькія бегуны выйшлі на эстафеты 6х50 м. Асабліва цікава было назіраць не столькі за імі, колькі за іх бацькамі, якія ўскідвалі ўгору рукі, калі іх нашчадкі выдатна выступалі і шчыра расчароўваліся, калі атрымлівалася наадварот. Але хацелася б сказаць гэтым мамам і татам: галоўнае, што ўсе вашы зусім юныя бегуны ў любым выпадку перамаглі, акунуўшыся ў атмасферу капыльскага фестывалю. [caption id="attachment_13084" align="aligncenter" width="296" caption="Перадача эстафеты"][/caption] У 11 гадзін выстрал стартавага пісталета адправіў на трасу першых спартсменаў. 10 каманд вялі барацьбу на экідэне (6 мужчынскіх і 4 жаночых) і 11 – на паўмарафоне. Нагадаем, галоўная дыстанцыя была разбіта на 8, а 21 км – на 4 этапы. У стартавым гарадку, дзе красаваўся надпіс “Капыльскія пагоркі”, адна за адной праходзілі эстафеты 4х400 м у розных узроставых групах, дзе спаборнічалі як каманды сярэдніх навучальных устаноў, так і дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Бясспрэчна, сярод гэтых квартэтаў вялікую колькасць складалі спартсмены нашага горада і раёна. [caption id="attachment_13085" align="aligncenter" width="295" caption="Крутыя горкі экідэна"][/caption] У пачатку першай гадзіны дня на фініш паўмарафонскай дыстанцыі імчала спартсменка пад нумарам 24. Гэта каманда Латвіі-1. З вынікам 1:07.33 яна стала тут абсалютным лідарам. Другім быў квартэт Літвы і трэцім – Латвіі-2. Сярод вышэйшых навучальных устаноў перамагла каманда Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Асабліва цікавіў вынік заліку сярод раённых каманд, дзе барацьбу вялі капыляне. На першым этапе, нязвыклай для яго кароткай 6-кіламетровай дыстанцыі, бег наш добра вядомы спартсмен, трэнер Дзмітрый Була, які пятым (у абсалютным заліку) перадаў эстафету Сяргею Ляхаву. Ён, у сваю чаргу, таксама дастойна вытрымаў выпрабаванне. Трэба адзначыць, што той час, які паказаў Сяргей на этапе, на пяць секунд быў лепшы, чым у прадстаўніка адной з каманд, пад прозвішчам якога ў стартавым пратаколе была абрэвіятура “кмс” (кандыдат у майстры спорту – С. Л.). На заключны этап адправілася Наталля Віцюк. У выніку ў заліку сярод раёнаў Капыльскі стаў трэцім. А перамаглі тут спартсмены з Хойнікаў Гомельскай вобласці. [caption id="attachment_13086" align="aligncenter" width="443" caption="Святлана Коўш"][/caption] Асаблівай папулярнасцю на “Капыльскіх пагорках” з года ў год карыстаўся розыгрыш прызоў. Дарэчы, сёлета было прададзена 1500 білетаў. Многім іх уладальнікам дасталася сувенірная прадукцыя з памятнымі надпісамі і выявай сімвала свята. Больш удачлівыя атрымалі каштоўныя прызы. У дадатак усе ўдзельнікі розыгрышу без выключэння станавіліся патэнцыяльнымі кандыдатамі на атрыманне суперпрыза – каляровага тэлевізара, які арганізатары традыцыйна праводзяць у канцы свята. Яшчэ адна дыстанцыя (і трэба сказаць – самая складаная), дзе ўдзельнічалі капыльскія бегуны, — гэта “Эстафеты  Міншчыны” (6х1000 м). Наша каманда выступіла нядрэнна, паказаўшы другі вынік. Але ўсё ж вельмі хацелася, каб на сваіх пагорках капыляне бегалі хутчэй за іншых. [caption id="attachment_13087" align="aligncenter" width="443" caption="Хлеб-соль для замежных спартсменаў"][/caption] Горача віталі спартсменаў шматлікія балельшчыкі, якія размясціліся практычна ўздоўж усёй 3-кіламетровай дыстанцыі, дзе вялі барацьбу бегуны на марафонскай і паўмарафонскай эстафетах. Асаблівую святочнасць надавалі танцавальны калектыў цэнтра дадатковай адукацыі г. Капыля “Вяснушкі” (кіраўнік Святлана Палонская), рознакаляровыя транспаранты і гірлянды з эмблемай сімвала фестывалю. Дарэчы, роставая лялька Зайчаняці з вялікім задавальненнем фатаграфавалася з усімі жадаючымі і весяліла гарэзлівую юную публіку. Таксама для самых маленькіх працаваў атракцыён – надзіманая горка, дзе да канца свята чуўся гучны дзіцячы смех. Дзве гадзіны 16 мінут і чатыры секунды спатрэбілася мужчынскай васьмёрцы спартсменаў з Гродзенскай вобласці, каб пераадолець 42 км 195 м. Яны сталі пераможцамі сёлетняга экідэна. Дастойна змагалася каманда Магілёўскай вобласці, мінулагодні чэмпіён, якая саступіла ўсяго 41 секунду лідару. У іх – другое месца. Трэцяе з адставаннем 1.09 заняла Брэсцкая вобласць. У жанчын перамаглі магіляўчанкі (2:37.03). Хаця спартсменцы з Гродзенскай вобласці на заключным этапе ледзь не ўдалося дагнаць саперніцу. З вялікага пройгрышу (амаль дзве мінуты – С. Л.) засталося ўсяго 19 секунд (!). Трэці час паказала каманда Мінскай вобласці (2:55.41). [caption id="attachment_13088" align="aligncenter" width="443" caption="Гледачы горача вітаюць спартсменаў"][/caption] Карпаратыўныя эстафеты, якія сталі апошнім відам дня, сабралі самых тэмпераментных балельшчыкаў. Падтрымаць каманду свайго калектыву – справа, як кажуць, святая. 17 прадпрыемстваў і арганізацый вырашылі “раскруціць” эстафетную “рулетку” 4х650 м. На адным дыханні прабеглі дыстанцыю прадстаўнікі Капыльскага РАНС. Яны і сталі першымі пераможцамі новай дысцыпліны. Як заўсёды, свой спартыўны імідж падтрымалі працаўнікі ЖКХ, якія на фінішы былі другімі. Трэцяе месца засталося за камандай ДУП “ПМК-194”. Пакуль судзейская калегія падводзіла вынікі для прысутных сваё майстэрства шматлікім удзельнікам мерапрыемства, якія сабраліся ля месца ўзнагароджвання, дарылі капыльскія самадзейныя артысты і народны вакальна-інструментальны ансамбль “Замкавая гара” (кіраўнік Андрэй Раеўскі). [caption id="attachment_13089" align="aligncenter" width="443" caption="«Эстафеты Міншчыны»"][/caption] Заўсёды хвалюючым момантам для кожнага спартсмена з’яўляецца ўзнагароджванне. Бліскучыя кубкі, медалі, дыпломы і памятныя сувеніры Нацыянальнага фестывалю пераможцам і прызёрам розных дысцыплін разам з адміністрацыяй раёна ўручалі ганаровыя госці свята. Заключным акордам мерапрыемства стаў розыгрыш суперпрыза. Адна за адной з’яўляліся лічбы, якія ў выніку і склалі поўны нумар выйгрышнага білета – 0117. Яго ўладальнікам аказалася адна з вядучых на свяце – Святлана Коўш. [caption id="attachment_13090" align="aligncenter" width="295" caption="Барацьбу вядуць паўмарафонцы"][/caption] Фестываль скончыўся і праз год ён у 15-ы раз прыйдзе да нас. Гэта будзе своеасаблівы юбілей для “Капыльскіх пагоркаў”. Спадзяюся, арганізатары спаборніцтваў зробяць яго асабліва запамінальным і ўрачыстым, а спартсмены парадуюць нас новымі рэкордамі. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей