Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

52

"Ты - пясоцкі Ясенін"

26.07.2021
Так пра свайго знакамітага сваяка, паэта Анатоля Астрэйку, 110-годдзе якога мы адзначылі 24 ліпеня, напісала яго пляменніца Эла Скараход. Пляменніца Эла Скараход і яе сям’я беражліва захоўваюць памяць пра свайго знакамітага сваяка і, перагортваючы старонкі яго кніг, разглядаючы старыя фотаздымкі, дакранаюцца да гісторыі яго жыцця і дзейнасці. Каб даведацца пра жыццё паэта, мы сустрэліся з жанчынай і прагарталі пажоўклыя старонкі раённай газеты «Слава працы». — Анатоль — стрыечны брат мамы:  дзядуля Міхась і Пятрусь былі роднымі братамі, — гаворыць пляменніца Эла Іосіфаўна, якая жыве цяпер у г. Дзяржынску. — Яны былі вельмі дружныя, таму што мама, Алена Міхайлаўна Астрэйка, адна пражывала ў Пясочным, усе астатнія родныя раз'ехаліся па свеце. Нарадзіўся паэт у сялянскай сям'і ў вёсцы Пясочнае. Змалку яму давялося дапамагаць бацькам па гаспадарцы: быць пастухом, араць і баранаваць, касіць і сеяць, цягнуць цяжкае ярмо хлебароба. Скончыў Песачанскую сямігодку. Затым былі гады вучобы на настаўніцкіх курсах пры Мінскім педтэхнікуме. У 1932-34 гадах вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. Тады пачаў працаваць у беларускіх газетах. Паэтычны талент песачанскага хлопца праявіўся даволі рана. Свае першыя творы ён пачаў друкаваць на старонках беларускіх газет і часопісаў яшчэ ў 1928 годзе.
Даведка Эла Іосіфаўна СКАРАХОД жыве ў. г. Дзяржынску. Выдатнік народнай адукацыі, ветэран педагагічнай працы. Выкладала гісторыю і грамадазнаўства. Працоўную дзейнасць пачынала ў Станькаўскай школе-інтэрнаце. Можна сказаць, што жанчыне перадаўся талент знакамітага сваяка. Яе вершы неаднаразова друкаваліся ў Дзяржынскай раённай газеце «Узвышша». Выдала паэтычны зборнік «Мая планета». Адзін з вершаў прысвечаны дзядзьку — паэту Анатолю Астрэйку. Удзельнік клуба «Выток». [caption id="attachment_103911" align="aligncenter" width="400"] ▪ Эла Скараход[/caption]
З артыкула М. Базарэвіча, надрукаванага ў раёнцы 23 ліпеня 1991 года, даведваемся: «Як прызнаўся сам паэт, спачатку ён пісаў мудрагеліста. Многія вершы былі напісаны і пад Паўлюка Труса, і пад Сяргея Ясеніна, крытыкаваліся ў перыёдыцы, але не яны вызначаюць галоўную лінію, асноўны напрамак яго творчасці. Пераадолеўшы перыяд пачаткоўства, паэт знаходзіць тое галоўнае, што вылучае яго паэзію сярод твораў іншых майстроў мастацкага слова. А гэтым было  тое, што яго творчасць выцякала з родных крыніц, з роднай матчынай песні. У час Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Яго двойчы накіроўвалі на занятую фашыстамі тэрыторыю Беларусі. Знаходзіўся на Случчыне ў партызанскай брыгадзе імя Чкалава. [caption id="attachment_103912" align="aligncenter" width="650"] ▪ Выпуск часопіса «Раздавім фашысцкую гадзіну»[/caption] — У тыя часы быў напісаны зборнік вершаў пра баявыя справы народных мсціўцаў пад назвай «Слуцкі пояс», — працягвае Эла Іосіфаўна. — Як ён лічыў, гэта самая лепшая яго кніга. Разам з народам дзядзька перажываў вялікае гора, прынесенае на нашу зямлю фашысцкімі захопнікамі. Нягледзячы ні на што, магутным словам ішоў ён упарта і цвёрда дарогаю праўды, па якой рухаўся яго народ. За гэта сябры называлі яго «партызанскім буданам». Ён быў патрыётам. У пасляваенныя гады Анатоль Астрэйка ўзначальваў Гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў, быў адказным сакратаром часопіса «Вожык». — У асноўным дзядзьку ведаю па сваіх студэнцкіх гадах, калі вучылася ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт), — працягвае размову Эла Іосіфаўна. — Вядома, у мяне быў інтэрнат, але я практычна жыла ў іх. Яго дом на Ленінскім праспекце з яшчэ сталінскай архітэктурай, кватэра, былі знаёмы многім. Гэта велізарная кватэра, уявіце, што толькі кабінет, дзе ён пісаў і тварыў, быў 60 квадратных метраў. Жыў з імі на падсяленні і беларускі паэт Пятрусь Макаль. Але нядоўга: ён атрымаў сваю кватэру. Што запомнілася больш за ўсё, дык гэта бясконцы паток гасцей. Разам з жонкай, сібірачкай Кацяй, жылі яны не багата, але добрае слова і гасціннасць у іх не адняць. Ехалі ўсе: і добрыя знаёмыя, і паўзнаёмыя — усіх прымалі. Хто з чым мог: са сваёй бульбай, салам, капустай. Спалі таксама, хто дзе мог. Выязджаючы з вёскі, землякі казалі: «Зробім свае справы і пераначуем у Толі Астрэйкі». Таму можна смела сказаць, што палова Пясочнага ў дзядзькі перабывала. — А як ён пісаў? — пытаюся ў Элы Іосіфаўны. —  Пагадзіцеся, што звычайна хочацца пісаць у адзіноце, калі нікога няма. А ў яго пастаянна былі людзі: землякі, вядомыя паэты і пісьменнікі. Перад уваходнымі дзвярыма ляжаў ключ, і каму трэба было, усе адчынялі дзверы і заходзілі. Часам ён пісаў на хаду. Памятаю, як былі ў настаўніка беларускай мовы Івана Шаблюка ва Уздзе, дык ён адразу на падаконніку напісаў верш: выдатна, трапна атрамалася і да месца. Таму хадзіў заўсёды з сшыткам ці блакнотам. Увогуле пісаў алоўкам, возьме вуды ў рукі і на Нёман спяшаецца. На прыродзе яму добра пісалася. Нездарма ў крузе аднадумцаў, паэтаў і пісьменнікаў яму далі мянушку Магнэст. Пісаў ён шмат. Пачынаючы з 1947 года, Анатоль Астрэйка трывала ўсталяваўся ў Мінску як пісьменнік-прафесіянал. З сярэдзіны 50-х гадоў і да апошніх дзён жыцця ён прафесійна займаўся пісьменніцкай працай. Усе 30 пасляваенных гадоў аддаў актыўнай творчасці, выдаў шмат паэтычных кніг. Сярод іх «Крамлёўскія зоры», «Добры дзень», «Зямля мая», «Прыгоды дзеда Міхеда», «Бацька мой Нёман», «Зямная Случчына», «Ураджай цяпла», а таксама вершаваная казка «Ёлка», паэма для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда» і інш. Перакладаў творы пісьменнікаў народаў СССР на беларускую мову. Творам Астрэйкі ўласцівы сардэчнасць і адкрытасць, цесная сувязь з фальклорам, напеўнасць. Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў». Не стала паэта 23 жніўня 1978 года. Некралог з гэтай жалобнай нагоды падпісалі тагачасныя кіраўнікі Беларусі (першы з іх — Пётр Машэраў) і многія вядомыя беларускія пісьменнікі. Тыя, хто добра ведаў Анатоля Астрэйку асабіста, гаварылі пра яго як пра чалавека-жыццялюба, і светлага, шчырага і вясёлага. 7 мая 1980 года згодна з пастановай Савета Міністраў БССР Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоена імя Анатоля  Астрэйкі. Імя знакамітага паэта носіць і адна з вуліц нашага райцэнтра. Дарэчы, памяць пра земляка захоўваюць у Песачанскай  СШ, дзе ў музеі аформлены стэнд, прысвечаны Анатолю Астрэйку. На ім змешчана шмат цікавых фотаздымкаў і біяграфічных матэрыялаў. Таццяна БОХАН

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей