Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

21

На ўсе рукі майстры

19.09.2011
Маладзёжны сельскагаспадарчы праект “Уладар вёскі” – адна з візітных картак грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Сакрэт папулярнасці тоіцца ў тым, што падчас яго правядзення гледачы акунаюцца ў свет добрых традыцый нашых продкаў, якія заўсёды славіліся сваёй працавітасцю і гасціннасцю. Добрага гаспадара спакон веку адрозніваў багаты на жыўнасць падворак, дзе ёсць добры конь, карова, свінні і мноства птушкі. Адгэтуль і багаты сялянскі стол, які заўсёды сустракаў жаданага госця. Цяпер развітая інфраструктура часта прыводзіць да таго, што сельскія жыхары вядуць такі ж уклад жыцця, як і гарадскія. А вось 13 сем’яў з розных куткоў Міншчыны, якія прыехалі ў Капыль на III абласны этап сельскагаспадарчага праекта, і цяпер могуць пахваліцца багатым сялянскім жыццём, дзе ёсць месца і добраму падворку, і руплівасці, і гасціннасці.   [caption id="attachment_12990" align="aligncenter" width="443" caption="Капыляне на сельскай спартыўнай эстафеце"][/caption] Ужо з першых хвілін выпрабаваннем для ўдзельнікаў конкурсу стаў… сапраўдны асенні дождж. Спорна паліваў ён урачыстае шэсце сем’яў на цэнтральнай плошчы горада. Але па ўсім было відаць, што маладыя таты і мамы настроіліся на сур’ёзную барацьбу, і капрызы надвор’я для іх былі ні па чым. Словы прывітання канкурсантам адрасавалі старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, першы сакратар абкама ГА “БРСМ”, старшыня журы Валерый Жалюбчык, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Бода. [caption id="attachment_12991" align="aligncenter" width="443" caption="Было што паглядзець і паспытаць членам журы на выставе сямейных захапленняў"][/caption] Згодна з жараб’ёўкай, сем’і разышліся на розныя этапы – “Залатая падкова”, “Дрывасекі”, “Сельская спартыўная эстафета”. Пасля невялікага інструктажу канкурсанты з неверагоднай хуткасцю выконвалі заданні. А за іх правільным выкананнем уважліва сачылі члены журы – начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама Руслан Трухан, галоўны спецыяліст аддзела па справах моладзі Мінаблвыканкама Іна Грушко, намеснік старшыні Мінскага аб’яднання прафсаюзаў Ксенія Шадзько і намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Ала Раеўская. “Залатая падкова” – традыцыйны конкурс, дзе неабходна хутка распрэгчы і запрэгчы каня. Несвядомаму чалавеку – гэта цэлая навука. Таму большасць назіральнікаў за працэсам моўчкі глядзелі, як гаспадар і гаспадыня жвава круцяцца ля павозкі, умела арудуючы вупражжу. Праўду кажучы, і для свядомага чалавека  задача была не з лёгкіх. Пра гэта сведчылі разнастайныя памылкі ў мацаванні падсядзёлка, гужоў, вязанні “хітрых” вузлоў. [caption id="attachment_12992" align="aligncenter" width="443" caption="Фота на памяць"][/caption] Куды больш зразумелае выпрабаванне распілоўка дроў. Справа звыклая і на першы погляд таксама простая. Але, калі ўявіць, што на секундамеры бягуць імгненні, кожнае лішняе з якіх аддаляе ад перамогі, то можна зразумець як адчувалі сябе канкурсанты. Тым не менш, усе бярвенні былі распілаваны на тры часткі, палены – паколаныя на чатыры і складзены ў невялікі касцёр. Перастаўшы заўважаць надакучлівы перарывісты дождж, гледачы горача падтрымлівалі кожную сямейную пару. Дарэчы, нашы Руслан і Алена Лось паказалі трэці час у гэтым выпрабаванні. Даволі цікавай і хуткаплыннай стала “Сельская спартыўная эстафета”. Мужчыны вязалі венікі, жанчыны абіралі бульбу, а далей гаспадары з каромыслам, на які гаспадыні чаплялі вёдры з вадой, подбежкам пераадольвалі невялікую дыстанцыю. І ўжо пасля сямейныя пары імчалі на фініш. [caption id="attachment_12993" align="aligncenter" width="443" caption="В. Жалюбчык (справа) уручае падзяку А. Раеўскай"][/caption] Наколькі багаты свет захапленняў сельскай моладзі разам з членамі журы даведаліся і гледачы на выстаўцы, якая размясцілася ў фае раённага Цэнтра культуры. Асноўную стаўку, прычым усе канкурсанты без выключэння, зрабілі на свае кулінарныя здольнасці. Тут можна было знайсці як традыцыйныя блінцы з рознымі начынкамі, так і смелыя эксперыментальныя стравы ў арыгінальным афармленні. У капылян, акрамя вышэйпералічанага, куток аздаблялі рогі лася з адпаведнай эмблемай, што выклікала шчырыя ўсмешкі гледачоў, членаў журы. [caption id="attachment_12994" align="aligncenter" width="295" caption="Канкурсантаў вітае А. Жданеня"][/caption] Апошнім выпрабаваннем стаў конкурс “Візітная картка”. Разам з нумарамі мастацкай самадзейнасці прысутныя ўбачылі і мультымедыйныя прэзентацыі, якія распавядалі не толькі пра саміх удзельнікаў, але і пра жыццё самых маленькіх членаў сям’і. Дарэчы, некаторыя з іх, стомленыя  пасля насычанага на падзеі дня, засыналі за кулісамі, так і не дачакаўшыся свайго выхаду на сцэну. Усе этапы пройдзены, і журы заспяшалася на нараду. А пакуль падводзіліся вынікі, сваё майстэрства гледачам і канкурсантам дэманстравалі артысты мастацкай самадзейнасці. [caption id="attachment_12995" align="aligncenter" width="443" caption="На конкурсе «дрывасекі»"][/caption] І вось журы апавяшчае свой вердыкт: намінантамі конкурсаў сталі Стасевічы з Бярэзінскага (“Дрывасекі”), Заслаўцы са Слуцкага (“Наезнік”), Дземухі з Уздзенскага (“Спартсмен сяла”), Гаргуны са Старадарожскага (“Ачумелыя ручкі”) і Карпоўскія з Барысаўскага раёнаў (“Скамарох”). Трэцяе агульнае месца прысуджана сям’і Нагар з Лагойшчыны, другое – Лось з Капыльшчыны. Ім дасталіся памятныя падарункі і сувеніры. Таксама ў кожнага з іх на падворку з’явіцца гарэзлівы парсючок. А перамогу сёлета святкуюць нашы суседзі з Клецкага раёна Валянціна і Валерый Кірыкі, якія сталі ўладальнікамі мікрахвалёўкі і дзвюх парасят. [caption id="attachment_12996" align="aligncenter" width="443" caption="Разам і каня добра запрагаць"][/caption] Напрыканцы мерапрыемства Валерый Жалюбчык падзякаваў за выдатны цёплы прыём на капыльскай зямлі і ўручыў падзякі  першаму намесніку старшыні райвыканкама начальніку ўпраўлення райсельгасхарчу Ірыне Кісляк, намесніку старшыні райвыканкама Але Раеўскай, начальніку аддзела культуры райвыканкама Наталлі Царковай і дырэктару РЦК Наталлі Рыбак. Словы ўдзячнасці за высокую арганізацыю свята выказаў і Руслан Трухан. Ён адзначыў, што наперадзе ў пераможцаў конкурсу складаны перыяд, падчас якога неабходна як след падрыхтавацца да фіналу “Уладара вёскі-2011”, які пройдзе на рэспубліканскім свяце “Дажынкі” ў горадзе Маладзечна. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей