У нашым раёне надаецца вялікая ўвага сяўбе шматгадовых траў і перазалужэнню лугоў і пашаў.
Па-першае, як адзначае першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Ведзень, шматгадовыя травы — каштоўная крыніца бялку. Без яго немагчыма забяспечыць дойны статак паўнацэнным кормам.

Па-другое, яны з’яўляюцца добрымі папярэднікамі для іншых культур. Найбольш каштоўныя бабовыя шматгадовыя травы (канюшына, люцэрна). Каштоўнасць іх заключаецца ў тым, што гэтыя культуры назапашваюць азот, які забяспечвае нармальнае азотнае харчаванне наступных культур па меры раскладання арганічных рэшткаў, не вымываецца з глебы; таксама яны пакідаюць у глебе і ў падворыўных пластах вялікую колькасць арганічнага рэчыва, спрыяюць павышэнню ўтрымання перагною. Канюшына аднагадовага карыстання можа пакідаць у глебе да 50-60 ц/га раслінных рэшткаў у выглядзе сухога рэчыва. Акрамя таго шматгадовыя травы чысцяць палеткі ад пустазелля, шкоднікаў і хвароб.

«У гэтым годзе ў раёне трэба пасеяць 5100 га траў на раллі і 2410 га перазалужыць, — расказала Наталля Ведзень. — Ідзе тэндэнцыя да павелічэння плошчаў шматгадовых траў на раллі і змяншэння ўгоддзяў, якія выкарыстоўваюцца пяць і больш гадоў. У мінулым годзе пасеяна і перазалужана 7000 га, на гэты год запланавана больш чым на 8000 га».
Даволі важнай лічаць сяўбу шматгадовых траў у ЗАТ «Жыліхава». Як расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Анатоль Хоміч, гаспадарцы неабходна пасеяць 160 га шматгадовых траў і перазалужыць (палепшыць) 50 га пашаў і ўгоддзяў.

Сяўбой траў звычайна займаецца вопытны механізатар са стажам амаль у трыццаць гадоў Аляксандр Яцына. Ён гэтымі днямі на палетку, дзе раслі азімыя, якія ўбраны і закладзены на сянаж, зараз сее аднагадовую траву пайзу — хуткарастучую кармавую культуру, з якой да завяршэння корманарыхтоўкі можна будзе паспець зняць яшчэ два ўкосы якаснай зялёнай масы, — разам са шматгадовай люцэрнай, каб пагалоўе жывёлы забяспечыць пажыўным кормам.
[caption id="attachment_102911" align="aligncenter" width="840"]
■ На сяўбе траў заняты Аляксандр Яцына[/caption]
Гэтымі днямі на тэрыторыі раёна склаліся і аптымальныя пагодлівыя ўмовы для нарыхтоўкі сена. Сонца разам з цёплым ветрам паспрыяла добраму правяльванню і прасыханню скошанай травяной масы. Такое надвор’е не трэба ўпускаць, і працаўнікі ЗАТ «Жыліхава» актыўна вядуць сенанарыхтоўку.
«Сёлета перад намі стаіць задача нарыхтаваць 800 тон сена. У траншэі таксама плануем закласці 10 100 тон сенажу і 10 000 тон сіласу. Але зараз, пакуль дазваляе надвор’е, асноўную ўвагу ўдзяляем кашэнню на сена і на зялёны корм», — тлумачыць Анатоль Хоміч.
[caption id="attachment_102912" align="aligncenter" width="840"]
■ Прасаваннем сена займаюцца механізатары Яўген Каваленка і Сяргей Шпілеўскі[/caption]
На прасаванні сена задзейнічаны два прэспадборшчыкі, якім кіруюць механізатары Яўген Каваленка і Сяргей Шпілеўскі. З раніцы хлопцы заняты на кармленні жывёлы і здрабненні зялёнай масы, а выканаўшы гэтыя справы выходзяць на бяскрайнія сенажаці.
Рана, з першымі промнямі сонца, пачынаюцца ў гаспадарцы работы, якія працягваюцца ўвесь светлавы дзень. А для таго, каб не губляць час, паклапаціліся аб двухразовым гарачым харчаванні механізатараў – абеды і падвячоркі дастаўляюцца прама на зялёныя палеткі. Стымуляваць тэмпы і якасць работ павінны ўмовы аплаты працы, прэміравання, даведзеныя да кожнага нормы выпрацоўкі і ўмовы працоўнага спаборніцтва.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии