У красавіку бягучага года Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У работу па выяўленні выпадкаў знішчэння беларусаў нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўключыліся не толькі работнікі пракуратуры, але і журналісты.

Шмат фактаў генацыду захоўваюць у сабе і пажаўцелыя ад часу нумары старых газет. У гады вайны на старонках
“Калгасніка Капыльшчыны
” (з 1963 г.
“Слава працы
”) неаднойчы сустракаюцца апісанні зверстваў гітлераўцаў. Вось, да прыкладу, адзін з восеньскіх выпускаў 1943 года (№ 79).
“Кроў замучаных кліча да помсты
” - сама назва ўжо гаворыць пра многае. Але чытаем далей (арфаграфія захавана):
“Больш двух год фашысцкія людаеды ў нашым раёне ўстанаўліваюць свой “новы парадак”.
Колькі злачынстваў учынілі за гэты час над нашымі людзьмі гітлераўскія разбойнікі, колькі мук, крыві і слёз прынеслі яны!
Нядаўна праводзіўся падлік усіх нанесеных фашыстамі страт у Копыльскім раёне. Якія жудасныя лічбы! Фашысцкімі разбойнікамі па раёне толькі расстрэляны 7402 чалавекі, акрамя гэтага спалена жывымі 1530 мірных жыхароў, павешана 414 і замучана штыкамі 109 чалавек. Больш 300 чалавек загнана ў нямецкае рабства. Фашысты знішчаюць і грабяць нашы вёскі. Па раёну спалена больш 1185 жылых дамоў і 1308 іншых будынкаў.
За годы савецкай улады ў раёне былі пабудаваны сотні школ, бальніц і клубаў…
Нямецкія варвары ў раёне спалілі 33 школы, 9 бальніц, 55 клубаў і бібліятэк і 108 другіх дзяржаўных будынкаў.
Гітлераўскія заправілы “ўстанаўліваюць” парадак і “налажваюць” гаспадарку. Вось наглядныя факты. Па раёне знішчаны акупантамі 3 электрастанцыі, 4 ветраныя і 2 паравыя млыны, 263 калгасныя будынкі, 190 трактароў і камбайнаў, 1719 другіх сельскагаспадарчых машын, 8 заводаў і 11 прамысловых арцелей.
Нямецкія разбойнікі грабяць сялян, адбіраюць у іх хлеб, жывёлу. Па раёну немцы забралі ў сялян 2880 коней, 3158 галоў буйнай рагатай жывёлы, 2719 галоў маладняку, 6569 свіней і тысячы авец.
Усяго па раёну нямецкія акупанты прычынілі страт на 53 652 379 рублёў.
Гэтыя факты ярка паказваюць, што азначае гітлераўскі “новы парадак”… Аб гэтым ні на адну мінуту нельга забываць…
Працоўныя Копыльшчыны! Настаў час усім, як аднаму, паўстаць на барацьбу з азвярэлымі гітлераўскімі забойцамі. Кроў расстрэляных і замучаных савецкіх людзей кліча да свяшчэннай помсты нямецкім людаедам”.
Да вызвалення Беларусі заставалася крыху менш за год. А колькі за гэты час прыйшлося яшчэ вытрымаць здзекаў жыхарам раёна! Колькі чалавек развіталася з жыццём… Ці можам мы забыць пра тое? Ніколі!
Старонкі гартала Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии