З 31 жніўня на Цімкавіцкім буракапрыёмным пункце ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат” пачалася ранняя прыёмка салодкага кораня. Як паведаміў начальнік пункта Дзмітрый Пешкур, даведзена заданне штодзень прымаць па 500 т прадукцыі ад Капыльскага, каля 200 т – ад Клецкага і каля 50 т – ад Уздзенскага раёнаў.
У сувязі з тым, што пакуль Клецкі буракапрыёмны пункт не запушчаны, павялічана прыёмка цукровых буракоў з гэтага раёна цімкавіцкім пунктам. На дадзены момант планавае заданне перавыконваецца.
Мы пацікавіліся ў Дзмітрыя Пешкура, чым жа абумоўлена ранняя ўборка цукровых буракоў. Па-першае, з-за прагназуемага павелічэння валу вырашчанай прадукцыі неабходна было падкарэкціраваць тэрміны, каб не зацягнуць уборку. Па-другое, у верасні менш страт. А па-трэцяе, гэта звязана з высокай цукрыстасцю салодкага кораня ў гэты час. Напрыклад, пры базіснай у 16%, ад прадукцыі гаспадарак Капыльскага раёна яна складае 16,15% (практычна ва ўсіх дасягае неабходнага ўзроўню).
[caption id="attachment_12903" align="aligncenter" width="443" caption="Вадзіцель пагрузчыка Алег Чаркас"]

[/caption]
Па плане раёну за першыя дзесяць дзён верасня неабходна было здаць 14 364 т салодкіх караня- плодаў, а ўжо пастаўлена 24 250 т, у тым ліку 7686 т на Цімкавіцкі пункт. Увогуле ж буракапрыёмным прадпрыемствам за гэты час прынята 12 229 т. Здачу прадукцыі дзяржаве ўжо закончылі аграрыі ААТ “Суворава-Агра”, на рахунку якіх 3770 т (у чыстым выглядзе), працягваюць пастаўляць цукровыя буракі ААТ “Прагрэс-2010”, “Капыльскае”, “Старыца-Агра”, “Семежава”, “Ціміразеўскі”, “Мажа-Агра”, “Малінава”, СГФ “Руднае”, ЗАТ “Жыліхава”, РСУП “Бабоўня”.
Работа на пункце пакуль што вядзецца па ўстаноўленым графіку з 8 да 17 гадзін без перапынку на абед, задзейнічана таксама і субота, каб прадукцыя не псавалася, знаходзячыся ў кагатах.
[caption id="attachment_12932" align="aligncenter" width="443" caption="Пагрузка прадукцыі ў вагоны"]

[/caption]
Тэхніка да прыёмкі падрыхтавана своечасова і была поўнасцю гатова. У тэрмін адрамантаваны чатыры БУМы (буртаўкладачныя машыны) і два пагрузачныя сродкі. Сёлета наладжана аўтаматызаваная прыёмка праз электронную сістэму ўзважвання. А паспяхова спраўляецца з усім гэтым працэсам калектыў з 15 працаўнікоў.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии