Старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык уручыў члену РА ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Пятру Катвіцкаму знак «За актыўную работу».
Цяжкім і няпростым быў лёс у Пятра Вікенцьевіча, які адносіцца да пакалення дзяцей вайны. Ураджэнец Украіны (нарадзіўся на Жытоміршчыне) перажыў голад, холад, гібель родных і блізкіх людзей. Бацька, удзельнік партызанскага руху, расстраляны фашыстамі. Пасля дзесяцігодкі Пятра прызвалі ў армію (ВМФ). Трапіў у горад Балтыйск Калінінградскай вобласці, атрымаў ваенную спецыяльнасць радыста. Служба на флоце ва ўсе часы лічылася ганаровай і пры гэтым нялёгкай у фізічным і псіхалагічным стаўленні.

– Чатыры гады, праведзеныя на флоце, шмат значаць, – прызнаецца ён. – Служба навучыла пераадольваць цяжкасці, дала магчымасць зразумець, што такое сапраўдная мужчынская дружба, узаемадапамога, каманда, непарушнае марское братэрства, патрыятызм і любоў да Радзімы.
Застаўся на звыштэрміновую службу, дзе вучыў жанчын-радыстак. Затым трапіў у акіянаграфічную экспедыцыю. У складзе свайго экіпажа Пётр Вікенцьевіч баразніў марскія прасторы Атлантычнага акіяна на навукова-даследчым караблі «Экватар». У яго паслужным спісе – Бермудскія астравы (г. Гамільтон), Канада (г. Галіфакс) і інш. Затым амаль на 20 гадоў яго лёс быў зноў звязаны з арміяй. Прапаршчык Катвіцкі служыў на ядзерным палігоне на архіпелагу Новая Зямля ў Паўночным Ледавітым акіяне паміж Баранцавым і Карскім марамі. Як начальнік пункта кантролю бяспекі сувязі быў адзначаны камандаваннем медалём «За баявыя заслугі».

Па заканчэнні тэрміну службы «прычаліў» да роднага берага. Разам з жонкай пераехалі на Капыльшчыну да родных. Усім сэрцам палюбіў чыстую, сінявокую Беларусь, якая стала яго другой Радзімай.
Ветэран флоту лічыць і вучыць моладзь, што абарона сваёй Айчыны – самы першы абавязак, выкананне якога для кожнага мужчыны – справа гонару.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии