Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

20

Параўнаць было з чым

08.09.2011
Цікавай падалася прапанова начальніка раённай землеўпарадкавальнай службы Людмілы Матусевіч наведацца ў ДП “Грозава-агра”, каб паглядзець, як у гаспадарцы працуюць па навядзенні парадку на фермах. Яшчэ ў красавіку, перад пачаткам корманарыхтоўчай кампаніі, разам з галоўным ветурачом Леанідам Палешчуком з аналагічнай мэтай мы абследавалі жывёлагадоўчыя аб’екты сельгаспрадпрыемства. Заўваг было вельмі шмат. І вось з’явілася магчымасць параўнаць карціну сённяшнюю з убачаным амаль пяць месяцаў таму. Трэба сказаць, зрухі ў лепшы бок відавочныя. Хаця да поўнага парадку яшчэ далёка, тым не менш сітуацыя на трох наведаных аб’ектах палепшылася. Асабліва гэта ярка відаць на МТФ “Папоўцы”, дзе поўным ходам ідзе рэканструкцыя жывёлагадоўчага аб’екта. Рыхтуецца пляцоўка пад асфальт. Яго ўкладка, па словах дырэктара філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” — “ДРБУ-124” Уладзіміра Чэкуна, з якім давялося сустрэцца на аб’екце, будзе завершана да канца бягучага тыдня. Акрамя таго, прыбяруцца рэшткі сянажнай траншэі, знесеных будынкаў, будзе спланавана тэрыторыя. Як расказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Рыбак, толькі на работы па гэтай ферме будзе выдаткавана 100 млн рублёў. А ўсяго сёлета на рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб’ектаў было запланавана 620 млн рублёў. Самая балючая праблема МТФ “Грозава” пакуль яшчэ не вырашана. Маецца на ўвазе гнаясховішча. Да гэтай пары тут не наведзены належны парадак. Хочацца верыць, што абяцанні, якія атрымаў А. В. Рыбак па выдзяленні магутнага экскаватара, будуць выкананы і да канца верасня парадак на гнаясховішчы навядуць. Няблага выглядае ферма ў в. Рыматаўшчына: пабелена, пафарбавана, пакладзены асфальт, але і тут знайшлося, вобразна кажучы, куды каменьчык кінуць. Непадалёк ад будынка фермы — воданапорная вежа, на якую ніхто, відаць, даўно не звяртаў увагі: не фарбавалі, не выкошвалі пустазелле. Не адпрацавана ў гаспадарцы сістэма работы з арганікай, ва ўсякім выпадку ніхто не сочыць куды і ў якой колькасці выліваецца вадкая фракцыя гною. А гэта рызыка не проста забрудзіць тэрыторыю фермы, але і пераўтварыць зямлю ў балота (такія факты, як мы ўпэўніліся, у раёне не адзінкавыя). Ёсць яшчэ адна тэма, якую хацелася б падняць у гэтым рэйдавым матэрыяле. На тэрыторыі нашага раёна вырошчаваннем льну займаецца ААТ “Скабін”, а таксама два льноперапрацоўчыя заводы — слуцкі і нясвіжскі філіял валожынскага. Землі пад гэту культуру адводзяцца звычайна добрыя (на неўрадлівай глебе яна проста расці не будзе). А вось адносіны да атрыманай зямлі вельмі розныя. Праязджаючы паўз палетак, на якім ужо вялася падборка льновалакна скабінскімі механізатарамі, нідзе не заўважылі ні прапушчаных раслін, ні пустазелля. Вядома ж — тут чужых палеткаў няма і адносіны да іх адпаведныя, як у гаспадароў. Зусім другая карціна на арандаваных палях. У прыватнасці, на іх нам давялося пабываць у РСУП “Бабоўня” і ДП “Грозава-агра”. Адразу відаць, што льнаводы адчуваюць сябе на капыль-скай зямлі, нават як не госці, а нейкія захопнікі. Занялі лепшы кавалак гектараў так на 200, атрымалі з яго ўраджай, а на другі год — давайце іншую зямлю, а з гэтай рабіце, што хочаце. “А давесці яе да ладу вельмі няпроста, — з веданнем справы расказвае Людміла Матусевіч. — Неяк ужо давялося сутыкнуцца з такой сітуацыяй. Нявырваны лён жа ні плугі, ні дыскі не бяруць, нават спаліць яго немагчыма. Вось і давядзецца земляробам прыкласці нямала намаганняў, каб “вылечыць” зямлю пасля такіх гора-арандатараў, якія яшчэ лебяды і іншага пустазелля наразводзяць”. Кіраўнікоў названых ільнозаводаў начальнік землеўпарадкавальнай службы выклікала для сур’ёзнай размовы. Напэўна, не абыдзецца без пакарання. Але галоўнае, каб пасля такой сустрэчы наступіў пералом у адносінах да нашага агульнага багацця — зямлі. Маргарыта САКОВІЧ НА ЗДЫМКАХ: 1. На МТФ “Папоўцы”; 2. Пасля ўборкі льну на палетках РСУП “Бабоўня”. Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей