– пад такой назвай 19 жніўня ў Цімкавіцкай сельскай бібліятэцы прайшоў вечар-ушанаванне з нагоды юбілею майстра-метадыста Капыльскага раённага Цэнтра ткацтва Ганны Федаровіч.

У пакоі ўстановы культуры разгарнулася творчая выстава Ганны Ула-дзіміраўны, а побач красаваліся яшчэ і работы яе вучаніц. Павіншаваць юбіляра, творчую асобу, працавітую і чулую жанчыну прыйшлі ў бібліятэку шматлікія госці – калегі, аднавяскоўцы, вучні. Цёплыя словы, сардэчныя песні гучалі ў гэты дзень толькі для яе.
Каб кожны твор быў прыгожым і дзіўным, трэба мець талент, натхненне і любоў да сваёй справы. Але і гэтага недастаткова. Толькі пастаяннае самаўдасканаленне, творчы пошук дазваляюць аднойчы ператварыць захапленні ў непаўторнае майстэрства. Так адбывалася і з Ганнай Федаровіч.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі маладая цімкаўлянка спачатку працавала піянерважатай у Блеўчыцкай, Вялікараёўскай, затым – выхавацелем групы падоўжанага дня ў Ляшнянскай школах. Працу сумяшчала з вучобай у Мінскім тэхналагічным тэхнікуме, дзе атрымала спецыяльнасць тэхнолага швейнай вытворчасці. У Цімкавіцкім вучэбна-вытворчым камбінаце выкладала швейную справу. Апошнія 25 гадоў Ганна Уладзіміраўна з’яўляецца настаўніцай працоўнага навучання ў Цімкавіцкай сярэдняй школе, дзе ў поў-най ступені праявіліся яе педагагічныя і творчыя здольнасці.
Нездарма ў народзе кажуць: “Любі справу – майстрам будзеш”. Так адно з захапленняў жанчыны, а менавіта вышыўка, з цягам часу ў яе руках стала сапраўдным мастацтвам. Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Яскравае пацвярджэнне таму Ганна Уладзіміраўна, якая яшчэ цудоўна вяжа, шые, вырабляе габелены, мяккія цацкі, займаецца фларыстыкай. І ў кожнай рабоце гэтага творчага чалавека праяўляецца індывідуальнасць, мастацкі густ, адчуванне каляровай гаммы. І што немалаважна – сваё майстэрства жанчына перадае маладому пакаленню.
Час не стаіць на месцы, мяняюцца густы, на змену ручной працы ўжо даўно прыйшлі машыны, створаныя тымі ж рукамі. Але пакуль побач з намі будзе жыць пачуццё прыгожага, імкненне да сапраўднага, будзе жыць і народнае мастацтва.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии