Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

59

Памятаць - значыць жыць

20.05.2010

Што такое Вялікая Айчынная вайна? Кожны з нас дасць свой, не падобны на іншы адказ. Для людзей, якія сталі сведкамі трагічных падзей 1941 – 1945 гадоў, - гэта голад і холад, бяссонныя ночы і лютыя дні, страта родных і блізкіх... І доўгачаканая перамога над ненавісным ворагам. Ужо для сыноў і дачок гэтага пакалення – аповеды бацькоў пра ваеннае ліхалецце, павага да савецкіх воінаў, якія здабылі мір і спакой для сваіх нашчадкаў. На прыкладах сваіх бацькоў, дзедаў выхоўвалася моладзь некалі магутнага Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І раптам гэтай краіны не стала... Амаль 20 гадоў беларуская дзяржава самастойна стварае сваё заўтра. І для маладога пакалення, якое нарадзілася ў гэты перыяд, тая вайна – большай часткай далёкая гісторыя, пра якую распавядаюць падручнікі, сродкі масавай інфармацыі, кінастужкі. А ветэраны – пажылыя людзі з блішчастымі ордэнамі і медалямі

Мяркую, што больш за палову вучняў школ не ўяўляюць і не разумеюць, якой цаной удзельнікам Вялікай Айчыннай даліся ўзнагароды. Не ўсе ведаюць ці не хочуць ведаць, што ад вайны больш за ўсе краіны пакутавала Беларусь. Шмат сумных падзей адбылося і на Капыльшчыне. А ведаць і памятаць пра іх – значыць жыць, таму што, як вядома, народ, які не ведае пра сваё мінулае, не мае будучага.

За гады самастойнага жыцця краіны ў капілцы патрыятычна-выхаваўчай работы знойдзецца не адна сотня мерапрыемстваў. Але кожнае новае не будзе лішнім для падрастаючага пакалення. Моладзі неабходна расказваць пра слаўных герояў Радзімы, якія зрабілі для іх неацэнны падарунак – свабоднае, спакойнае жыццё.

Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Гэтая зразумелая выснова з’яўляецца асновай патрыятычнай работы добравядомай раённай арганізацыйнай структуры добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту, а аўтапрабег – самы папулярны і цікавы від выхавання навучэнскай моладзі. Пад сцягамі Рэспублікі Беларусь і ДТСААФ у вандроўку па месцах баявой Славы рушылі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Георгій Кісялёў, Аляксандр Нікановіч, Аляксандр Татарынчык, выкладчыкі, выхаванцы Капыльскага СПЛ і Пацейкаўскай сярэдняй школы.

Ля брацкіх магіл і памятных знакаў г. Капыля, вв. Старыца, Лясное, Клецішча, Пясочнае юнакі і дзяўчаты слухалі гісторыі пра зверствы фашысцкіх акупантаў, пра супрацьстаянне і гераічную барацьбу, мужнасць і стойкасць савецкіх салдат і партызан. На сярэдзіне маршруту ўдзельнікі аўтапрабегу сталі сведкамі адкрыцця помніка невядомаму салдату, які размясціўся на грамадзянскіх могілках в. Слабада-Кучынка. Моладзь уважліва слухала выступоўцаў, асабліва, калі слова бралі ветэраны.

Ужо на канцавой станцыі аўтапрабегу на беразе Нёмана паспыталі юшкі і салдацкай кашы, якую па традыцыі прыгатавалі работнікі Песачанскай школы. Завіталі юнакі і дзяўчаты ў музей знакамітага земляка Адама Русака, пра жыццё і творчасць якога паведамілі песачанскія вучні.

У мясцовым Доме культуры адбыўся канцэрт, дзе свае таленты і здольнасці раскрывалі самадзейныя артысты сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. А мясцовыя  жыхары не шкадавалі апладысментаў для кожнага выступоўцы.

Адзінаццаць гадзін доўжыўся аўтапрабег. Адчувалася стомленасць. Зрэдку перакідваліся парай-тройкай слоў. Большасць маладых людзей сядзела моўчкі, нібы пагрузіліся ў нейкія патаемныя думкі. Спадзяюся, што яны раскладвалі па паліцах памяці ўсё ўбачанае і пачутае за гэты дзень. Вельмі хацелася ў гэта верыць...

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКАХ: 1. Ля брацкай магілы ў вёсцы Старыца; 2. Ветэраны-ўдзельнікі аўтапрабегу з ініцыятарам стварэння помніка невядомым салдатам, загінуўшым у 1941 - 1945 гадах, Ганнай Трацэўскай у в. Слабада-Кучынка; 3. Здымак на памяць.

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей