Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

У пошуках сапраўднага гаспадара

05.09.2011
Што вызначае сапраўднага гаспадара? Напэўна, тое, як ён адносіцца да самага дарагога, што ў нас ёсць, — да нашай зямлі-матухны. Пакуль язык не паварочваецца сказаць, што ў нашым раёне жывуць сапраўдныя гаспадары. Ва ўсякім разе рэйдавая праверка, якая закранула тэрыторыю толькі некалькіх сельгаспрадпрыемстваў, выявіла такую колькасць адмоўных прыкладаў, што дзіву даешся, як толькі яна, зямелька, церпіць нас. У мінулы аўторак у кірунку Нізкавіч — Душава — Лоцвін — Бабоўні выехалі начальнік раённай землеўпарадкавальнай службы Людміла Матусевіч, галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Гарбуз і аўтар гэтых радкоў. Мэта рэйду была адна: выявіць, наколькі землекарыстальнікі выканалі патрабаванне навесці парадак на зямлі. Пад увагу браліся і прыфермскія тэрыторыі, і машынна-трактарныя двары, і населеныя пункты, і прысядзібныя (у тым ліку пустуючыя) участкі вяскоўцаў, стан дарог і палеткаў. На адмоўны лад удзельнікаў рэйдавай групы ўжо настроіла вуліца Мінская, па якой мы выязджалі з Капыля. Па ўсім відаць, пэўная частка яе жыхароў настолькі звыклася з карцінай, якую бачыць штодня (як у народзе кажуць, вока замылілася), што ўжо і не зважае на бур’ян, які, нягледзячы на канец лета, прадаўжае расці хуткімі тэмпамі, на кучы пяску  ля  сваёй  агароджы (яны павінны быць за ёй!!!), на непрыбранае галлё. Як не заўважаюць некаторыя аграномы сельгаспрадпрыемстваў, што вакол слупоў ліній электраперадачы на іх, ужо засеяных азімымі, палетках расце пустазелле. Ніяк не могуць знайсці агульную мову сельгаспрадпрыемствы і дарожнікі. Першыя, рыхтуючы палеткі да сяўбы, уборкі, у лепшым выпадку абкосяць бур’ян упрытык да поля, другія — пройдуць касілкай ля дорогі. Вось і застаецца палоска, не патрэбная нікому, на якой увесь сезон буяе пустазелле. Дарэчы, ніяк не ўпрыгожвае нашы дарогі і густы параснік з кустоўя і маладых дрэўцаў, да якога таксама ні ў кога не даходзяць рукі. А колькі яшчэ зямлі гуляе! Да прыкладу, тэрыторыя былой збожжасушылкі ў Нізкавічах, якая не толькі сваім знешнім выглядам псуе карціну, але і мае не адзін дзясятак сотак пустуючай зямлі. Усяго некалькі метраў наперад — у бок самой вёскі — і такая ж карціна, толькі на так званых прысядзібных участках, якія амаль не выкарыстоўваюцца. Не парадавала членаў рэйдавай групы і наведванне ААТ “Душава”. Мы пабывалі толькі на цэнтральных жывёлагадоўчых аб’ектах. Трэба пагадзіцца з тым, што сёлета там (на МТФ “Душава”) зроблена нямала: ідзе рэканструкцыя будынкаў, зіхацяць новым шыферам і свежымі дошкамі дахі, будуюцца выгульныя двары. І хочацца спадзявацца, што ў гаспадарцы не забудуць прыбраць кучы смецця і падправіць агароджу, якая вельмі псуе знешні выгляд фермы. Асобная тэма для размовы — свінатаварная ферма, вакол якой сапраўдны лес з бур’яну. Тут ён не касіўся ні разу, і, відаць, не адзін год. “У гаспадарцы ніхто мэтана-кіравана не займаўся навядзеннем парадку”, — такую выснову зрабіла падчас убачанага Людміла Матусевіч. І яшчэ на адзін факт, на жаль не адзінкавы, хацелася б звярнуць увагу чытачоў. Два апрацаваныя палеткі раздзяляе палявая дарога. Здавалася б, што ж тут дзіўнага? Па нечым жа трэба тэхніцы рухацца. Толькі вось гэта палявая дарога мае шырыню (у тым месцы, дзе мы прыпыніліся) больш за 10 метраў. Узнікае пытанне, ці можна тут гаварыць пра ашчаднае выкарыстанне зямлі?.. І, вядома ж, мы не маглі праехаць міма самой вёскі Душава, якая, звычайна, вылучалася сваім даволі прывабным відам. Але… Сюрпрыз нас чакаў на вуліцы Калгаснай ля дома № 60. Гаспадар займаецца добраўпарадкаваннем сваёй сядзібы, у тым ліку і прарэджваннем саду. Але не знайшоў іншага месца, каб выкінуць спілаваныя галіны, якраз перад сваім падворкам, ледзь не на праезнай частцы дарогі. “Пакуль не прыбраў, баляць рукі”, — апраўдваецца мужчына, але абяцае хутка навесці парадак. Яшчэ больш прыкрае ўражанне засталося пасля наведвання РСУП “Бабоўня”, і ў прыватнасці — МТФ “Лоцвіны”. Трэба сказаць, што ў многіх існуе заганная практыка падтрымліваць парадак толькі ля фасадаў будынкаў. А калі заходзіш з тылу… Проста жах!!! Гэта ў поўнай меры тычыцца названай фермы. Такога наглядзеліся на яе задворках! Зямля там, мякка кажучы, забруджвалася гадамі. Відаць, прама з-пад фермы вывозілася і вылівалася гноевая жыжа — таму пацвярджэнне як свежыя, так і за-старэлыя яе сляды. Як следства, зямля ператваралася ў балота, дзе не толькі араць ці скасіць пустазеле праблематычна, але і проста прайсці па ім складана. І ўсюды зараснік бур’яну. Вядома ж, цяпер цяжка давесці ўсё да ладу, патрэбны і сілы, і грошы, а самае галоўнае — жаданне. Толькі апошняга мы не адчулі ні ў словах галоўнага заатэхніка гаспадаркі, які нас суправаджаў, ні ў намесніка дырэктара, з якім адбылася сустрэча пазней. Такія рэйдавыя праверкі будуць працягвацца. Пад “прыцэл” аб’ектыва трапяць многія сельгаспрадпрыемствы. І хацелася б спадзявацца, што гэты матэрыял паслужыць ім своеасаблівай перасцярогай: напэўна, лепш крыху пастарацца, чым пазней плаціць штрафы (і немалыя), як гэта, па ўсім відаць, давядзецца зрабіць кіраўніку РСУП “Бабоўня”. Маргарыта САКОВІЧ  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей