На VI Усебеларускім народным сходзе значная ўвага надавалася развіццю сістэмы адукацыі. Як адзначалася на народным вечы, кожнаму ў нашай краіне дадзена магчымасць атрымаць якасную адукацыю. Па індэксе адукацыі рэспубліка ўваходзіць у топ-30 перадавых дзяржаў свету.

Вярнуўшыся з форума, яго дэлегат, старшыня Пастаяннай камісіі па бю-джэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч правяла дыскусійную дыялогавую пляцоўку з педагогамі Капыльшчыны па абмеркаванні праекта Кодэкса аб адукацыі. Прайшла яна ў анлайн-рэжыме. Прадстаўнікі ўсіх устаноў раёна мелі магчымасць выказаць сваё меркаванне па законапраекце.
— Гэта сапраўды вельмі важны і сур’ёзны дакумент, які патрабуе карэкціроўкі з улікам тых змен, якія паўплывалі на адукацыйны працэс за час дзеяння цяперашняга Кодэкса, — адзначыла Людміла Ніжэвіч. — Адшукаць рацыянальнае зерне, прыняць правільнае рашэнне адносна сярэдняй, дашкольнай, спецыяльнай і дадатковай адукацыі, не абмеркаваўшы праблемы з тымі, хто працуе непасрэдна ў школе і штодня сутыкаецца з імі, было б няправільна. Таму я звяртаюся да вас: ваш удзел у дыскусіі неабходны, нам вельмі важна ваша меркаванне.
Дэпутат парламента падрабязна спынілася на магчымых новаўвядзеннях і падкрэсліла, што, з яе пункту гледжання, у прапанаваным праекце асноўны акцэнт зроблены на нейкіх структурных пераўтварэннях.
— Мне б хацелася пачуць ад вас, наколькі абгрунтаваныя і важныя тыя змены, якія прапануецца ўнесці ў новы Кодэкс аб адукацыі, ці ўсе аспекты закрануты, ці дазволяць яны вырашыць існуючыя праблемы і рухацца наперад, — цікавілася парламентарый.
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірына Абас выказала сваё стаўленне наконт абавязковасці агульнай сярэдняй адукацыі, падняла праблему аптымізацыі ўстаноў адукацыі і вынікаў гэтага працэсу.
Педагогі раёна прапаноўвалі ўключыць для разгляду пытанне аб варыятыўнасці адукацыйных праграм, аб дыстанцыйнай адукацыі, кантролі якасці ведаў вучняў, кадравай палітыцы. Былі закрануты найбольш актуальныя тэмы прафесійна-тэхнічнай, дадатковай, спецыяльнай, дашкольнай адукацыі. Асобная ўвага была нададзена праблемам выхавання школьнікаў. Гаварылася пра прыярытэт полікультурнага і патрыятычнага, працоўнага і экалагічнага выхавання навучэнцаў, фарміраванне навыкаў фінансавай пісьменнасці школьнікаў, павышэнне культуры паводзін падрастаючага пакалення.
Мяркуючы па каментарыях педагогаў, многія з пытанняў яшчэ патрабуюць дэталёвага вывучэння.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии