Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

130

Цімкавічы

30.08.2011
На тэрыторыі нашага раёна ёсць вёскі, якім споўнілася не адно стагоддзе. Ці не самая старэйшая сярод іх Цімкавічы, колішняе мястэчка, а зараз аграгарадок. Пра паходжанне назвы гэтага населенага пункта распавядае паданне. Тысячы, а можа, і дзесяткі тысяч гадоў таму, з-пад звычайнага каменя нарадзіўся славуты асілак. Ніколі яшчэ на нашай зямлі не было такога дужага чалавека. Што б ні стаяла на яго шляху, ён перамагаў, перакульваў, ламаў або адганяў прэч. Людзі назвалі яго Цімкам. Аднойчы напаткаў хлопец прыгожую дзяўчыну, якую звалі Анэта. Такая красуня была, што не мог яе забыць Цімка, хоць і зірнуў толькі некалькі разоў. Вярнуўся дамоў і засумаваў. Паўгода нічога рабіць не мог, не лезла нічога ў душу, у сэрцы толькі прыгажуня была. I вырашыў тады хлопец пайсці да дзяўчыны, паглядзець, чым яна займаецца. Шлях быў няблізкі, але апоўдні прыйшоў. Лёг на зямлю, схаваўшыся за дрэвамі, каб людзям на вочы не трапляць. Бачыць – ягоная прыгажуня ляжыць сабе ў цяньку, калі вяскоўцы пад гарачым сонцам у полі завіхаюцца, збажыну жнуць. Да самых прыцемкаў назіраў Цімка за прыгажуняй, але тая так і не пайшла да вяскоўцаў на поле. Ішоў хлопец дадому, не спяшаючыся, думаючы над тым, што ўбачыў. Прайшоў час, а хлопцу не было спакою з-за дзяўчыны. I вырашыў асілак сватацца да Анэты, думаючы, што яна пасля жаніцьбы перайначыцца. Вяселле гулялі такое, якога да гэтага часу ніхто і не бачыў, і не чуў. Усіх людзей з наваколля за-прасіў Цімка за святочныя сталы. Але колькі вяселле ні доўжыцца, ўсё роўна некалі скончыцца павінна, і тады абавязкова пачынаецца будзённае жыццё. Пасля вяселля працаваў Цімка днём і ноччу, і, здавалася, увогуле стомы не ведаў. Затое жонка, як і некалі, дома сядзела перад люстэркам ці над чыстаю вадою, ды сабою любавалася ці прымушала Цімку яе загады выконваць. Аднойчы загадала асілку пабудаваць палац да самага неба, ды не праз год, а да раніцы. Угнуўся асілак і давай шчыраваць, спяшаючыся, каб паспець завяршыць справу да раніцы, бо надта баяўся страціць Анэтку. Глядзіш – і замак высокі ды непаўторны па прыгажосці стаіць. А маладзіца ўсё прыдумвала новыя і новыя выпрабаванні для свайго мужа. А аднойчы загадала жанчына, каб Цімка зямлю перавярнуў. А Цімка ёй і не пярэчыў. Выйшаў у чыстае поле, ухапіўся за таў-шчэразны дуб і давай яго да сябе цягнуць, зямлю стараючыся перавярнуць. Ды колькі не стараўся, усё дарма. Сам толькі ў зямлю пачаў грузнуць і неўзабаве знік з вачэй зусім. Так і звалі тое месца Цімкава, а потым сталі клікаць і паселішча Цімкавічамі. Але гэта толькі прыгожае паданне.Узнікненне ж паселішча адно-сіцца да 15 стагоддзя. Гісторыя Цімкавіч, а таксама навакольных вёсак, увабрала ў сябе шмат якія падзеі, аб чым сведчаць інвентары магнацкіх уладанняў. 3 1585 г. Цімкавічамі валодалі Хадкевічы, у першай палове 17 ст. – Сапегі, але ўжо ў другой палове гэтага стагоддзя яны перайшлі да Аляксандра Гілярыя Палубінскага. 3 канца 17 і на працягу ўсяго 18 ст. маёнткам валодалі Радзівілы – Дамінік Мікалай, Ян і Марцін Мікалай. У сярэдзіне 17 ст. войны, што пракаціліся тут, нанеслі мясцовасці значны ўрон. Паступова землі займае дробная шляхта. Тыя ж землі, што пуставалі, перайшлі ў карыстанне татараў. Яны жылі ў Цімкавічах і належалі да ваенна-служылага саслоўя. У 18 ст. з Цімкавіч татары амаль усе перасяліліся, але павялічылася раздача земляў у доўгатэрміновы заклад, а часам і ў пажыццёвае карыстанне асобным шляхціцам. Нават і сялянскія надзелы пераходзілі ім. 3 інвентара мястэчка Цімкавічы і Цімкавіцкай воласці, датаваным 29 кастрычніка 1761 г., вядома, што мясцовыя ткачы неслі сваю павіннасць: «Кожны з іх павінен выткаць з панскага льну штуку палатна. Калі б хто-небудзь наткаў болей, то за кожную штуку Цімкавіцкі панскі двор павінен заплаціць па 5 злотых». Да таго ж ткачы вызваляліся ад «пабелкі, пракаткі палатна і прадастаўлення лішкаў на ўсадку для продажу». Гэтым займаўся панскі двор. Вызваляліся ткачы і ад талок, земляных работ, дастаўкі пісем. Хіба, калі здаралася якое-небудзь бедства, тады і ткачоў маглі прыцягнуць да любой павіннасці. Паводле інвентара 1622 г., існавалі мястэчка і маёнтак Цімкавічы. Сядзіба ўключала дом, двор аканома, шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Таксама ў сядзібе быў бровар і піваварня. Ансамбль уключаў парк і італьянскі сад з фруктовымі дрэвамі. Зараз ад маёнтка застаўся невялікі пейзажны парк, які аб’яўлены помнікам прыроды мясцовага значэння. Гэта адзіны напамін пра былую прыгажосць і багацце сядзібы ў Цімкавічах.

Таццяна ВАРАНЦОВА,

старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей