Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

71

Капыльскiя прысмакi на мотальскай зямлi

30.08.2011
У жніўні ў в. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ўжо ў чацвёрты раз прайшоў кулінарны фестываль “Мотальскія прысмакі”. Шырокая геаграфія яго ўдзельнікаў прынесла яму статус міжнароднага. Прыемна адзначыць, што ўдзел у фестывалі ў гэтым годзе прынялі і капыляне. Акрамя прыезджых з розных куточкаў Беларусі, на яго завіталі госці з Расіі, Украіны, Літвы, Ізраіля, Германіі, Польшчы і інш., не толькі, каб паглядзець ды паспрабаваць мотальскіх далікатэсаў, а каб затым распавядаць пра тутэйшую культуру. Як адзначыла дырэктар Капыль-скага РЦК Наталля Рыбак, сумаваць на кулінарным фэсце было немагчыма. Паўсюду размясціліся гандлёвыя рады, выставы кулінарных шэдэўраў, карцін мастакоў, вырабаў народнай творчасці. Дарэчы, удзельнікі клубных аб’яднанняў Лоцвінскага СДК, Песачанскага і Семежаў-скага ЦКіВЧ падрыхтавалі для гасцей фестывалю гумарыстычную праграму “Пацешны шпіталь”. Наведвальнікам трэба было прайсці праз незвычайную амбулаторыю, дзе жанчыны ў белых халатах пачыналі іх “лячыць” – весяліць і частаваць. Спачатку хворы трапляў у “прыёмны пакой”, дзе частаваўся блінцамі з рознымі начынкамі. Затым хворага напраўлялі ў “тэрапію” — так званую Лоцвінскую амбулаторыю. Тут яго таксама ўжо чакала шмат прысмакаў: дранікі, мяса, рыба, каўбасы, здобная выпечка і інш. Але, каб пачаставацца капыльскімі прысмакамі, хвораму трэба было прайсці дыягностыку: наведвальнікам замяралі тэмпературу цела драўляным градуснікам, рабілі масаж пры дапамозе праса, а нервы правяралі драўлянай кувалдай. У вельмі цяжкіх умовах санітары хворага клалі на насілкі і адносілі ў “рэанімацыю”, дзе ўжо лячылі па поўнай праграме: адпойвалі рознымі напоямі і частавалі здаровай закускай. А які ж фестываль без песен і скокаў? Добры настрой сваімі канцэртнымі нумарамі ўдзельнікам свята падарыў і наш народны ансамбль народнай песні “Спадчына” пад кіраўніцтвам Валянціны Зарамбоўскай. Адзначым, што за арыгінальнасць, разнастайнасць канцэртнай праграмы і за актыўны ўдзел у кулінарным фестывалі “Мотальскія прысмакі” ансамбль “Спадчына” і клубнае аматарскае аб’яднанне “Лоцвінскія ўдалухі” прывезлі два дыпломы. Па словах дырэктара Капыльскага РЦК Наталлі Рыбак, арганізатары мерапрыемства пастараліся зрабіць гэтае самабытнае свята змястоўным і запамінальным. “А ўдзел у кулінарным фэсце для кожнага з нас даў магчымасць не толькі набыць новых сяброў і ацаніць своеасаблівасць беларускай кухні, але і бліжэй пазнаёміцца з унікальнымі кулінарнымі традыцыямі палескага рэгіёна”, — падкрэсліла Наталля Рыгораўна.

Таццяна БОХАН


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей