І пабегла электрыка...
Вечар і цемень ночы агортвае зямлю. Завярцеліся калёсы дынамамашыны. Па правадах пабегла электрыка, запаліліся ў момант усе ліхтары ў мястэчку, і святло электрыкі заліло вуліцы, асвятліла хаты капылян. А было зусім нядаўна, што ў шмат якіх хатах беднякоў гарэлі лямпачкі-газоўкі, а па-капыльску кажучы, «смаркачыкі».
Нядаўна, месяцы чатыры таму назад, і ў майго суседа – бедняка Рыгора Шкілевіча стаяла газоўка на прыпечку ды ледзь-ледзь асвятляла яго хату. Сягоння і ў яго вісіць лямпачка Ільіча і асвятляе кожны куток яго хаты. Праменні электрыкі заглядаюць і на печ, дзе вечарамі грэецца «дзядька» Рыгор. Ён часам пільна глядзіць на гэтую электрычную лямпачку, прыцягвае яе да сябе, гладзіць, аглядае з усіх бакоў, ды з нейкаю нявыказанай радасцю гаворыць:
– Ці ж думаў хто даўней, каб у гэтым далёкім захалусным мястэчку была электрычная станцыя і каб у мяне замест газоўкі гарэла электрычная лямпачка? Дзе там!
Так, пабудавалі электрычную станцыю ў далёкім маленькім мястэчку! Камбінат: электрычная станцыя, мукамольны завод, пільня, сукнавалка, крупадзёрка і двухвальцоўка – каштуе каля 75 тысяч рублёў. Гэта ёсць маленькая частка таго велізарнага будаўніцтва, што ахапіла зараз далёкія месцы ў розных кутках Савецкага Саюза.
Цяжкая сумка Крайніка
Лістаносец Алесь Крайнік «крыўдзіцца», што за апошнія месяцы надта павялічылася выпіска газет. Сумка не можа змясціць усіх газет, дык прыходзіцца звязваць іх у кіпы і так разносіць падпісчыкам.
У мястэчку Капылі выдаюцца свае вусныя газеты: «Капыльская Праўда» ды яўрэйская вусная газета. Яны карыстаюцца вялікім аўтарытэтам у насельніцтва. Культурна-палітычны ўзровень калгаснікаў-варашылаўцаў значна ўзрос.
Янка ШКАДАРЭВІЧ
Чырвоная Беларусь, 1930, №7, 10 красавіка
Комментарии