Калі раней песня народная была літаратурай народа, то легенды і паданні былі яго першай гісторыяй.
Да легендаў адносяцца вусныя апавяданні, у якіх народ тлумачыў паходжанне той ці іншай з’явы (звычайна прыроднай) дзеяннем нейкай звышнатуральнай сілы ці Бога (накшталт “кветка папараці” і іншыя). Тыя ж народныя апавяданні, у якіх узнікненне розных з’яў (звычайна сацыяльных) тлумачыцца дзейнасцю людзей, адносяцца да паданняў (“Марысін парк” і многія інш.)1
І легенды, і паданні звычайна павінны былі задаволіць дапытлівасць людзей, адказаць на пытанні, што спакон вякоў хвалявалі іх: адкуль і як усё ўзялося, з’явілася на зямлі, у прыродзе і ў грамадстве. Адрозненне ж легендаў і паданняў ад казкі ў тым, што адна з самых істотных уласцівасцей казкі – фантастычная і займальная выдумка, у той час як у легендах і паданнях хоць і прысутнічае фантастычны элемент, аднак фантастычная аснова застаецца непахіснай: чытачом ці слухачом яна ўспрымаецца як сапраўднае і рэальнае.
Многія легенды і паданні беларусаў, як і іншых усходне-славянскіх народаў, вельмі старажытнага паходжання. Яны, паводле сведчанняў летапісаў і іншых помнікаў даўняга пісьменства, былі вядомы ўжо ў перыяд існавання Кіеў-скай Русі і, як і іншыя жанры вусна-паэтычнай народнай творчасці, займалі далёка не апошняе месца сярод крыніц летапісання. Нашы першыя гісторыкі-летапісцы шчодра чэрпалі з іх неабходныя звесткі, бо лічылі народную творчасць цалкам дабраякасным матэрыялам, якім можна карыстацца для праўдзівага апісання мінулага.
З развіццём грамадства, ужо ў часы феадалізму і капіталізму, узнікалі легенды і паданні сацыяльна-завостранага характару – антыпанскія, антыцарскія і іншыя, пра здзекі пануючых класаў з простага люду (“Бутрым Няміра”, “Чаму вёска завецца Кукаўка”). Адлюстроўвалася і гераічная барацьба беларускага народа супраць татараў, шведаў, французаў (“Возера Красны Стаў”, “Бітва пад Лясной”, “Платон-казак”). Шматлікія легенды і паданні вядуць аповед пра моцныя пачуцці чалавека, пра яго душэўныя пакуты (“Пра Чорную Даму”, “Дуб і сасна”, “Нёман і Лоша”) ці пра неймаверныя намаганні ў барацьбе з уладарнымі людзьмі (“Пра пана Оштарпа”). Складзены ў народзе паданні і пра герояў Вялікай Айчыннай вайны: Канстанціна Заслонава, Сідара Каўпака і інш. Як бачым, ідэйная накіраванасць твораў – не толькі свабодалюбства, героіка барацьбы з прыгнятальнікамі ці знешнімі ворагамі, але і асноўныя маральна-этычныя каштоўнасці, што вякамі жылі і жывуць у свядомасці народа. Гэта вернасць у каханні і сяброўстве, любоў да свайго краю, да сваёй зямлі і прыроды, да свайго народа. Гэта і працавітасць, і бескарыслівасць, і дабрыня, і дабразычлівасць і г. д. Такім чынам, легенды і паданні, з’яўляючыся неўміручай памяццю народа, на працягу стагоддзяў выконвалі маральна-этычную функцыю, выхоўваючы патрыятызм і нянавісць да ворагаў, а ў даўнія часы ў своеасаблівай форме неслі людзям веды пра навакольнае жыццё, пра гісторыю іх краю, пра незабыўныя падзеі з жыцця народа, пра выдатных народных герояў. Гэта значыць, як ужо падкрэслівалася, што ў аснову легенды і падання, у адрозненне ад казкі, пакладзены элемент сапраўднасці – фактычнай ці ўяўляемай.
Легенды і паданні, як і іншыя жанры вуснапаэтычнай творчасці, вымушаюць нас здзіўляцца мудрасці народа, яго мастацкаму таленту і цвярозаму розуму. Усе легенды і паданні, што дайшлі да нас, сведчаць пра светасузіранне нашых далёкіх продкаў. Гэта – неўміручая гістарычная памяць народа і моцная крыніца повязі пакаленняў, неацэнная спадчына для нашчадкаў.
Антон ГУРСКІ,
доктар філалагічных навук
Комментарии