Выслухаць і дапамагчы, знайсці правільнае рашэнне — адна з галоўных задач кіраўнікоў рознага ўзроўню, у тым ліку раённай вертыкалі. А лепш разабрацца ў праблемах чалавека можна якраз падчас гутаркі. Менавіта ў такім фармаце праходзяць прыёмы грамадзян старшынёй райвыканкама Сяргеем Пілішчыкам.

Сем зваротаў у чарговы раз паступіла да кіраўніка раёна ад насельніцтва з просьбай пасадзейнічаць у вырашэнні праблемных пытанняў.
Большасць з іх датычыліся жыллёвай сферы. Так, жыхаркі дома № 16 па вул. 50 год БССР адзначылі, што яны пражываюць у доме, пабудаваным у 1973 годзе, і там яшчэ ніколі не было капітальнага рамонту. Ёсць праблемы і са зносам рэшткі пабудовы пасля пажару па вул. Мінскай. Пытанні будуць вывучаны з выездам на месца. Жыхары вул. Пралетарскай цікавіліся, як адрамантаваць водаправод і перадаць яго на баланс адпаведнай службы. Спецыялісты правядуць вывучэнне і прымуць паэтапнае рашэнне.
Шэраг актуальных пытанняў, якія на дадзены момант вельмі хвалююць вяскоўцаў, падняў жыхар Лютовіч. Па-першае, расчыстка дарог ад снегу, з-за чаго, бывае, няма магчымасці трапіць на працу ці не можа даехаць аўтамагазін. Па-другое, электразабеспячэнне населенага пункта: адключэнне электраэнергіі ў дамах і выкананне заявак па вулічным асвятленні. Заяўніку дадзены тлумачэнні прадстаўнікамі ўсіх зацікаўленых структур.
Падводзячы вынікі прыёму грама-дзян, Сяргей Пілішчык падкрэсліў:
— Сустрэчы з людзьмі даюць магчымасць адчуць, як ідуць справы ў рэгіёне, як на месцы вырашаюцца просьбы, праблемы грамадзян. Зразумела, не ўсе праблемы можа вырашыць сельвыканкам. У такіх выпадках іх кіраўнікі павінны быць ініцыятарамі асобных пытанняў. Безумоўна, ёсць і праблемы, якія адразу вырашыць немагчыма з-за розных абставін, але і адкладваць іх нельга. Галоўная задача райвыканкама і мая асабіста – каб спадзяванні людзей апраўдаліся, а таму — прыкладваць максімум намаганняў, каб вырашыць праблемы мясцовых жыхароў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии