Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

116

Насустрач новым поспехам

29.08.2011
Учора адбылася раённая педагагічная канферэнцыя, на якой былі абмеркаваны асноўныя задачы, якія стаяць перад адукацыйнай сферай Капыльшчыны ў новым навучальным годзе. Яго асноўная мэта, паводле слоў міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, сфарміраваць актыўнага, мэтанакіраванага, ініцыятыўнага грамадзяніна. Усё гэта магчыма толькі пры стварэнні годных умоў для арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэса ва ўсіх навучальных установах раёна. Чым парадуюць 1 верасня сваіх выхаванцаў педагагічныя калектывы? Наколькі паспяхова прайшла падрыхтоўка да новага навучальнага года? На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні адказвае начальнік аддзела адукацыі Капыльскага райвыканкама Аляксей АБРОСІМАЎ: — Я магу з поўным правам сказаць, што ўстановы адукацыі раёна гатовы да новага навучальнага года. Яны былі прыняты кампетэнтнымі камісіямі, атрымалі пашпарты гатоўнасці. Хочацца адзначыць, што ўсе калектывы працавалі зладжана, імкнучыся стварыць атмасферу, якая б спрыяла прадукцыйнай працы і добраму аптымістычнаму настрою як у вучняў, так і ў педагогаў. Вельмі добра гэта атрымалася ў калектываў Лясноўскай, Камсамольскай, Цімкавіцкай, Быстрыцкай, Доктаравіцкай школ, СШ № 3 г. Капыля, Грозаўскай школы-інтэрната, санаторнага ясляў-сада г. Капыля, цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка”, Мажскага УПК “Д/с - пачатковая школа”. Нямала працы было ўкладзена і па падрыхтоўцы СШ № 2, дзе часткова замененены вокны на сучасныя з ПВХ, зроблены капітальны рамонт у санвузлах. Ва ўсіх школах праведзены касметычны рамонт харчаблокаў, сталовых, новы воблік набылі вучэбныя кабінеты. Ход работ пастаянна быў на кантролі ў райвыканкаме, аддзеле адукацыі. На гэтыя мэты выдаткавана з бюджэту 290 млн рублёў. Акрамя таго, установы адукацыі за кошт сваёй пазабюджэтнай дзейнасці змаглі выкарыстаць на рамонтныя работы каля 300 млн рублёў. Нельга скідваць з рахунку і дапамогу некаторых падшэфных гаспадарак. У прыватнасці, самыя шчырыя словы ўдзячнасці за разуменне важнасці гэтай справы хочацца выказаць у адрас кіраўнікоў А. А. Турбана, дырэктара ААТ “Ціміразеўскі”, У. У. Дземянкова (МАУП “Доктаравічы”), У. А. Рудакоўскага (ААТ “Старыца-Агра”), М. М. Гурыновіча (ААТ “Мажа-Агра”), А. В. Кіулы (ААТ “Капыльскае”), А. І. Шахновіча (ф-л “Лакнея”). Нельга сказаць, што на гэтым рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі закончацца. Патрабуе рамонту дах у Цэнтры дашкольнага развіцця дзіцяці “Сонейка”, такія ж работы неабходна будзе правесці і ва УА “Цімкавіцкая ДАСШ імя К. Чорнага”. Пакуль што шукаем фінансавыя магчымасці, каб выканаць запланаванае. — Кожная маці, адпраўляючы сваё дзіця ў школу, будзе турбавацца і аб тым, як яно туды дабралася. Асабліва гэта актуальна для вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. — Для арганізацыі падвозу школьнікаў у аддзеле адукацыі маецца 10 аўтобусаў. Акрамя таго, існуе дамоўленасць з дырэктарам ААТ “Аўтапарк № 21” У. Я. Сахарам аб стварэнні дадатковых, так званых школьных маршрутаў. Апошняе тым больш актуальна, паколькі сёлета ў выніку аптымізацыі адукацыйнай сеткі раёна былі зачынены дзве школы, і таму ўзнікла неабходнасць дастаўкі дзяцей — былых вучняў Браткаўскай і Ляшнянскай СШ — у Навасёлкаўскую сярэднюю школу. Адно можна сказаць адназначна — 1 верасня і ўсе астатнія дні навучальнага года дзеці ў школу будуць дастаўляцца своечасова. — І яшчэ адна акалічнасць не можа не хваляваць бацькоў: ці не будзе іх дзіця галоднае… Аляксей Леанідавіч, якім чынам у навучальных установах раёна будзе арганізавана харчаванне школьнікаў? — Магу запэўніць усіх бацькоў, што гарачае харчаванне школьнікаў будзе арганізавана ў кожнай установе адукацыі. Згодна з пастановай Савета Міністраў павялічылася сума датацыі, якую будзе выдзяляць дзяржава на гэтыя мэты. Заключаны дагаворы з аддзелам грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Для таго, каб зрабіць абеды больш таннымі, установы адукацыі будуць дамаўляцца з сельгаспрадпрыемствамі аб нарыхтоўцы на іх палетках агародніны і бульбы. Як і заўсёды, існуюць льготныя катэгорыі вучняў, аплату за харчаванне якіх (поўнасцю або часткова) будзе ажыццяўляць дзяржава. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе іх было 752, па папярэдніх даных сёлета такіх дзяцей будзе больш за тысячу. — Якую надзею Вы, як кіраўнік адукацыйнай сферы раёна, ускладваеце на новы навучальны год? — 1 верасня раскрыюцца дзверы нашых навучальных устаноў і з радасцю прымуць сваіх узмужнелых за лета выхаванцаў. Зроблена для іх нямала, і спадзяюся, што ўсе намаганні будуць вучнямі ацэнены спаўна і яны парадуюць нас сваімі паспяховымі выступленнямі на спаборніцтвах розных узроўняў.

Гутарыла Маргарыта САКОВІЧ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей