У хуткім часе ў Капылі возьме старт Нацыянальны фестываль эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі” — лепшае спартыўнае свята мінулага года. Якім ён будзе сёлета і што цікавага чакаць капылянам, гасцям горада ад відовішчнага спаборніцтва? Пра гэта наша гутарка з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Віктарам ВАСІЛЕЎСКІМ.
— У гэтым годзе фестываль адбудзецца 17 верасня. Стартуе ў нашым горадзе ён ужо 14-ы раз. Сёлета яго заснавальнікамі выступаюць Капыльскі райвыканкам, Мінаблвыканкам, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама, прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Мінскай вобласці, грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі”, установа “Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы”. Сёлета да нашага свята далучыўся яшчэ адзін вядомы ў краіне прадстаўнік – рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Прэзідэнцкі спартыўны клуб”.
— Капыльскі экіден заўсёды адрозніваўся тым, што ў праграме гэтых спаборніцтваў з’яўлялася якая-небудзь новая дысцыпліна. Ці будзе штосьці падобнае і ў гэтым годзе?
— Сапраўды, мы пастаянна стараемся ўносіць штосьці новае ў праграму спаборніцтваў. Два гады таму з’явіліся эстафеты 6х50 м для выхаванцаў дзіцячых садоў і пачатковых класаў сярэдніх школ Капыля, летась — такі від, як “Эстафеты Міншчыны”. А сёлета прынята рашэнне аб уключэнні ў праграму эстафетнага бегу сярод гарадскіх і раённых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Мяркую, такая дысцыпліна прыцягне яшчэ больш прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Акрамя гэтага сёлета чакаем на наша свята гасцей з блізкага замежжа. Ужо пацвердзілі заяўку на ўдзел дзве каманды з Латвіі. Таксама запрошаны ўдзельнікі з Літвы і Расіі.
— А якая культурная праграма чакае капылян і гасцей горада на “Капыльскіх пагорках”?
— Бясспрэчна, на плошчы адбу-дзецца канцэрт з удзелам мясцовых самадзейных артыстаў, таксама для самых маленькіх будуць працаваць разнастайныя дзіцячыя атракцыёны. Не абыдзецца фестываль эстафетнага бегу і без традыцыйнага розы-грышу прызоў. Мы спадзяёмся, што сёлета на наша агульнае свята здароўя завітае шмат людзей, каб весела правесці выхадны дзень.
— Дзякуй за размову.
Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии