На мінулым тыдні праходзілі папярэднія ўзаема-праверкі гаспадарак раёна па гатоўнасці жывёлагадоўчых памяшканняў да работы ў зімова-стойлавы перыяд. Што яны паказалі? Аб гэтым наша гутарка з першым намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталем РАКЕВІЧАМ.
— Віталь Аляксандравіч, якая карціна паўстала перад членамі камісій, спецыяльна створаных для гэтай мэты?
— Па-першае, хачу сказаць, што згодна з загадам па ўпраўленні райсельгасхарчу № 72 ад 16 жніўня 2011 года, былі створаны чатыры камісіі, якія 17-18 жніўня наведалі гаспадаркі, каб упэўніцца, наколькі яны падрыхтаваліся да ўтрымання жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд. У склад гэтых камісій уваходзілі як спецыялісты раённых служб, якія курыруюць жывёлагадоўлю, так і інжынерныя работнікі — прадстаўнікі ААТ “Капыльскі райаграсервіс” і ТАА “Капыльскі энергасервіс”. На Ваша ж пытанне адназначна адказаць немагчыма, паколькі сельгаспрадпрыемствы па-рознаму аднесліся да гэтай надзвычай важнай справы. Ёсць такія, да каго ў нас практычна няма пытанняў. Да іх у першую чаргу адносяцца ААТ “Старыца-Агра”, “Семежава”, “Піянер-Агра”, “Капыльскае”, “Скабін”, ЗАТ “Жыліхава”, дзе навідавоку адказныя адносіны кіраўніцтва і спецыялістаў да даручанай справы. Некаторым засталіся невялікія штрыхі да заканчэння карціны. Былі і такія, з кім давялося асобна гутарыць на савеце ўпраўлення. Сярод апошніх — ААТ “Душава”, дзе практычна нічога не зроблена па гатоўнасці да зімы свінатаварнай фермы. Шмат пытанняў узнікла да ААТ “П-з “Дусаеўшчына”, дзе таксама не гатова свінатаварная ферма (дарэчы, тут практычна ўсюды прымяняецца ручная праца, што ў наш час ужо недапушчальна). Прысутнічалі і мелі непрыемную гутарку з членамі савета прадстаўнікі СГФ “Браткава”. Усім ім быў дадзены тэрмін да 1 верасня, каб ліквідаваць выяўленыя недахопы.
— А на што звярталася ўвага падчас аб’езду?
— У першую чаргу пад увагу браўся стан прыфермскіх тэрыторый. Тут не павінна быць металалому, пустазелля, пустуючых зямельных плошчаў, на тэрыторыі рэкамендавалася разбіць кветнікі і наогул зрабіць яе прывабнай. Акрамя таго, неабходна было правесці пабелку фермаў (як звонку, так і ўнутры), пафарбаваць металічныя канструкцыі, адрамантавать абсталяванне, у тым ліку сістэмы гноевыдалення і водапаення. Парадак павінен быць у бытавых памяшканнях і малочных. Звярталася ўвага і на вя-дзенне дакументацыі.
— Вы адзначалі, што гэта быў папярэдні аб’езд. А калі ж адбудзецца канчатковая прыёмка жывёлагадоўчых памяшканняў?
— Улічваючы, што не ўсе ў поўным аб’ёме справіліся з пастаўленай задачай, прынята рашэнне правесці прыёмку ферм па акце 7 — 9 верасня. Менавіта гэтымі днямі тыя ж групы выедуць па тых жа маршрутах і правераць, наколькі ліквідаваны выяўленыя недахопы.
Распытвала Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии