Сельгасфіліял “Крыніца” вырошчваннем грэчкі займаецца даўно. Аднак, калі раней гэта былі плошчы ў 15 – 20 га, то цяпер яна займае 75 га.
Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кажура тлумачыць такую перавагу перш за ўсё значным павелічэннем попыту на гэту культуру і, адпаведна, ростам цаны на яе. “Цяпер за тону грэчкі даюць не менш за 2 млн 700 тысяч рублёў, — расказвае Аляксандр Часлававіч. — Дзяржзаказ на яе ў нас 30 тон, а намалоцім, мяркую, не менш за 70 тон. Будзе што і прадаць, і на насенне пакінуць”.
У гаспадарцы вырошчваюць грэчку двух гатункаў — “кармэн” і “дзявятка”. Паспела пакуль толькі “кармэн”. Менавіта яе на 40 га ўбіраюць два камбайнавыя экіпажы. Пастаянным месцам працы членаў аднаго з іх — Аляксандра Кандыбовіча і Сяргея Міхайлоў-скага — з’яўляецца пажарны аварыйна-выратавальны пост у в. Сл.-Кучынка. Сяргей Міхайлавіч — камандзір аддзялення, яго напарнік — вадзіцель. На ўборачнай жа іх ролі памяняліся. На пытанне, як прайшла ўборачная для экіпажа, старшы камбайнер Кандыбовіч, усміхаючыся, адказаў: “Нават і не заўважылі. Два тыдні, як адзін дзень, праляцелі. Толькі, здаецца, у смак увайшлі, як ужо трэба камбайн да зімоўкі рыхтаваць.”
Дырэктар сельгасфіліяла вельмі задаволены работай пажарных: яны і камбайн да ўборачнай добра падрыхтавалі, і адпрацавалі на ім як мае быць. Асаблівую ўдзячнасць хацеў выказаць начальніку Капыльскага РАНС Аляксандру Бобрыку, які даў магчымасць сваім падначаленым аформіць на гэты час чарговыя водпускі і аказаць такую грунтоўную дапамогу гаспадарцы, намалаціўшы без малога 1000 тон зерня.
Цікавы экіпаж, паводле слоў Аляксандра Кажуры, працуе і на другім КЗС-1218. Узначальвае яго вадзіцель гаспадаркі Аляксандр Коршук, а дапамагае яму Васіль Трыгубовіч — студэнт 4 курса Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Разам яны працуюць ужо пятую ўборачную. Васіль — будучы інжынер, таму такая своеасаблівая практыка яму вельмі спатрэбіцца ў будучым. “Вельмі спадзяюся, што хлопец пасля заканчэння ВНУ прыедзе працаваць у нашу гаспадарку, — прызнаецца Аляксандр Часлававіч. — Ён мясцовы, родам з Харытонаўкі. Там у яго бацькоў добрая хата, ды і яму, як малодшаму з дзяцей, трэба было дома застацца. А што да работы, то ў мяне да яго ніякіх прэтэнзій няма. Вельмі старанны і адказны спецыяліст.”
З 40 га ўбраных плошчаў атрымана 53 тоны грэчкі. “Гэты паказчык для такой культуры даволі добры, — лічыць кіраўнік. — Тым больш, што ў самы апошні момант нам крыху сапсавала ўсю карціну надвор’е. Грэчка стаяла сапраўднай сцяною: высокая, чыстая. А 14 жніўня над нашай гаспадаркай прайшоў такі дождж, ды яшчэ з градам (месцамі — з курынае яйка!), што нашу грэчку паклала, пабіла. Вось і даводзіцца цяпер разбірацца ў гэтай мешаніне.”
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии