Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

89

Капыльскія майстры прынялі ўдзел у свяце ў Старых Дарогах

24.08.2011
У мінулую суботу больш за 60 народных умельцаў прынялі ўдзел у V рэгіянальным свяце-конкурсе па ткацтве “Матчыны кросны”. Капыляне сталі ўладальнікамі трох Гран-пры. Але пра ўсё – па парадку. Старадарожская зямля сустрэла гасцей цёплым і сонечным надвор’ем. Ля мясцовага Палаца культуры весела заліваліся гармонікі, заклікаючы ўсіх на свята. Прыгожыя касцюмы майстроў міжвольна прыцягвалі позіркі простых прахожых, якія, нібы зачараваныя, спыняліся, разглядаючы ўрачыстае шэсце па вуліцах Старых Дарог. На адкрыцці мерапрыемства прагучала шмат цёплых слоў у адрас майстроў па ткацтве. Асаблівая ўдзячнасць арганізатараў конкурсу была накіравана нашым знакамітым зямлячкам – Валянціне Кузьмінічне Гладкай і Валянціне Міхайлаўне Кіені, а таксама народнаму майстру з г. Салігорска Валянціне Паўлаўне Кучынскай, якія ўдзельнічаюць у “Матчыных кроснах” са дня іх заснавання. У кожнай мясцовасці, нават у кожнага майстра ёсць асаблівы, адметны почырк, свая разынка. У гэтым можна было ўпэўніц-ца падчас прадстаўлення 10 раёнаў – удзельнікаў свята. Па чарзе выходзілі народныя ўмельцы і непаўторнымі тканкамі ўпрыгожвалі кросны, што размясціліся ля месца галоўнага дзейства. Тры гадзіны адвяло журы на чале з доктарам мастацтвазнаўства, старшынёй Беларускага рэспубліканскага Саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам Сахутам на выраб конкурсных работ. “І тчэ, забыўшыся, рука…” — гэтыя агульнавядомыя радкі з верша Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” ўзгадаліся адразу, калі прайшоў па вялікім “цэху” пад адкрытым небам, што размясціўся непадалёку ад сцэны гарадскога парку. Дарэчы, якіх толькі ткацкіх станкоў не прыйшлося тут убачыць! У асноўным былі класічныя, але таксама неаднолькавыя прылады: высокія і шырокія, старажытныя і сучасныя, драўляныя і металічныя. Побач з капыльскімі ткачамі працавалі даволі цікавыя майстэрні. Першая размясцілася фактычна на адным стале(!). Пазнаёміўшыся, даведаўся, што гэта – нашы суседзі з Салігорска. А студыю незвычайных станочкаў гарадскога Цэнтра дзіцячай творчасці ўзначальвае тая ж Валянціна Кучынская – народны майстар па ткацтве, якая не прамінула ніводных “Матчыных кроснаў”. Юныя ўмеліцы ткалі сурвэткі на станках, якія больш нагадвалі дзіцячую цацку. Кожны з нас ведае, што такое арфа. Музыканту, які віртуозна валодае гэтым інструментам, ігра на ёй здаецца звыклым працэсам. А простаму чалавеку зусім не зразумела, як можна дакладна маніпуліраваць такой колькасцю струнаў, каб атрымлівалася цудоўная мелодыя. Прыкладна так адчуваў сябе і я, назіраючы як жвава, падхватваючы нітачкі то злева, то справа, дзіцячыя пальчыкі нараджалі тканую каляровую мелодыю. Дзіўна, чароўна і адначасова проста (як падавалася і астатнім назіральнікам за працэсам). Самую неверагодную “прыладу працы” ўбачыў яшчэ ў адных нашых суседзяў “па цэху” – дэлегацыі Валожынскага раёна. Справа ў тым, што станок для вырабу паясоў у іх – гэта… цела чалавека. Нібы тыя павучкі, абвілі сябе ніткамі выхаванцы Сакаўшчынскага сельскага Дома культуры. Мясцовая тэхналогія пляцення на ніту, як і класічная, дазваляе выткаць пояс любой даўжыні. Узорам можа стаць нават імя і прозвішча заказчыка, у ролі якога прапанавалі пабыць і мне. Але, праўду кажучы, не рызыкнуў ім стаць: работа – штучная і каштуе о-го-го! Атрымаць пояс і “застацца без штаноў” – не вельмі прывабная перспектыва. Жартую, канечне! Увесь час, пакуль майстры займаліся справай, сваю творчасць дэманстравалі самадзейныя калектывы аддзела культуры Старадарожскага райвыканкама. Асабліва прывабным для самых маленькіх стаў лялечны спектакль тэатра сатыры і гумару “Старадарожская лясёнка”, які прадставіў байку Кандрата Крапівы “Ганарысты парсюк” у сучаснай апрацоўцы. Акрамя майстроў па ткацтве, свае вырабы дэманстравалі і іншыя мясцовыя ўмельцы. На выставе-продажы экспанаваліся разнастайныя карціны, выкананыя акварэллю, злепленыя з гліны; розныя арыгінальныя шкатулкі, вырабы з дрэва і шмат чаго яшчэ. Удзельнікі свята з цікавасцю праходзілі ўздоўж гэтай прыгажосці, часам прыпыняючыся ля самых незвычайных работ. Безумоўна, не засталіся па-за ўвагай і капыльскія майстры па ткацтве. Своеасаблівы арнамент, непаўторныя колеры тканак выклікалі цікавасць не толькі простых людзей, што завіталі на свята, але і прызнаных ткачоў. Так, напрыклад, было ля кроснаў Таццяны Волкавай, якая ткала дарожку ў 23 ніты (вельмі складаная тэхніка!). І ў прафесіяналаў яе тэхніка выклікала шмат станоўчых водгукаў. Многія ўмельцы проста здзіўлена назіралі за гэтым працэсам. Добрыя словы гучалі і ў адрас самых юных капылянак Дар’і Салановіч і Іны Шчэрбы. Упэўнена, з веданнем справы, дзяўчынкі ткалі двухкаляровыя сурвэткі. Па-майстэрску працавалі і больш сталыя Алеся Пыско і Вікторыя Сямашка. Дарэчы, усе вышэйпералічаныя маладыя ўме-ліцы – вучаніцы майстра-метадыста раённага Цэнтра ткацтва Валянціны Кіені. З гонарам і добрай усмешкай сачыла яна за кожным рухам сваіх выхаванак. Вызначаны для творчай працы час скончыўся, і пасля нарады журы вынесла свой “вердыкт”. Кожны народны ўмелец з дэлегацый раёна, запрошаных на галоўную сцэну свята, пакідаў яе з памятнымі дыпломамі і падарункамі. Асабіста капыляне атрымалі тры Гран-пры: Валянціна Гладкая – за высокае прафесійнае майстэрства і мастацкі густ, Валянціна Кіеня – за захаванне і пераемнасць лепшых традыцый ткацтва, Таццяна Волкава – за лепшы выраб дарожкі. Трэцяе месца за хуткасць і якасць прысуджана Дар’і Салановіч, Іне Шчэрбе, Алесі Пыско і Вікторыі Сямашка.

Нягледзячы на статус мерапрыемства – свята-конкурс, несправядліва было б пакінуць каго-небудзь з удзельнікаў без узнагароды. Толькі тое, што яны займаюцца адным са старажытных відаў мастацтва, прымушае паважаць і цаніць захавальнікаў нашай багатай і самабытнай спадчыны.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей