Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

49

Копыльщина - дивный край поэтов, писателей и творцов. Этот ноябрь был щедрым на юбилеи известных земляков

07.12.2020
Споўнілася 120 год з дня нараджэння Нічыпара Чарнушэвіча. Выхадзец з беднай сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю, вучыўся ў Капыльскім народным вучылішчы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былы семінарыст Нічыпар Хведаравіч (Тодаравіч) Чарнушэвіч прыедзе ў родны Капыль, але вакансій у гарадку не было, таму стане настаўнічаць  да 1920 года ў Траянаўскім земскім народным вучылішчы. Затым служба ў Чырвонай арміі. Пасля паступіць на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Вучобу сумяшчаў з працай літсупрацоўніка, потым загадчыка аддзела ў газеце «Савецкая Беларусь», быў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк». 27 сакавіка 1930 г. арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі» (прыгавораны да 5 гадоў ссылкі ў г. Вятку). У ссылцы захварэў на сухоты, ад якіх пакутаваў усё жыццё (рэабілітаваны 19 верасня 1960 г.). [caption id="attachment_96952" align="aligncenter" width="840"] ■ Літаб’яднанне «Маладняк», 1924-1925 гг. Нічыпар Чарнушэвіч стаіць другі злева[/caption] У 30-я гады быў супрацоўнікам газеты «Вятская правда» (пазней «Кировская правда»). Пасля выкладаў гісторыю ў сярэдніх школах Масквы. У кастрычніку 1941 г. эвакуіраваўся ў Цюмень, дзе працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты «Тюменская правда». З 1947 г. жыў у Мінску. Працаваў на розных пасадах, сярод апошніх — у Беларускім дзяржаўным выдавецтве і на Беларускім радыё. У артыкуле «СП» «Паэзіі радавы» за 19 лістапада 1970 года С. Грахоўскі пісаў: «Часам  Нічыпар прыходзіў на пісьменніцкія сходы. Некаторыя яго нават не ведалі ў твар. Пасядзіць, паслухае і непрыкметна знікне, як і прыйшоў. І кнігі яго не выклікалі бурных спрэчак у друку і на абмеркаваннях. Ён шмат пісаў і вельмі мала надрукаваў. У 1958 годзе сцэнарый Нічыпара Чарнушэвіча «Арсенал» быў адзначаны прэміяй на Усесаюзным конкурсе, а фільм, на жаль, так і не з’явіўся. Прычына, відаць, у залішняй сціпласці і бескампраміснасці аўтара». Больш за сорак гадоў творчай працы ім было напісана шмат вершаў, балад, кінасцэнарыяў. Яго творы праслаўляюць Радзіму, прыгажосць роднай прыроды, стваральную працу людзей. Паэт таксама плённа працаваў у галіне перакладу рускай, украінскай, яўрэйскай паэзіі на беларускую мову.   У Доктаравіцкай школе вучыўся селькор райгазеты «Калгаснік Капыльшчыны» Уладзімір Ясючэня, 95-годдзе якога адзначалася. У сям’і сярод чатырох дзяцей ён быў самым малодшым. Старэйшы брат Міхаіл, па прафесіі настаўнік, станоўча на яго паўплываў. Можа таму з першага класа Валодзя пачаў пісаць вершы. У артыкуле нашага калегі Івана Ігнатчыка «Вярнуць з нябыту», размешчанага ў «СП» за 3 снежня 2010 года, чытаем: «Уладзімір вучыўся добра. Часта заседжваўся ў школьнай бібліятэцы, дзе рабіў запісы пра Францыска Скарыну, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча. Любіў паэзію Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вайна, ліхалецце, слёзы блізкіх людзей дабавілі яму жыццёвай мудрасці, паклікалі на фронт. Пасля кровапралітнай атакі той, хто застаўся ў жывых, клаўся адпачыць, а Уладзімір перапынак скарыстоўваў для напісання вершаў альбо пісьмаў да бацькоў. Ён піша і просіць брата захаваць яго сшыткі з вершамі і літаратуру. Марыць вярнуцца дамоў і прадоўжыць літаратурную вучобу, а яшчэ ён лічыў, што паэтычная творчасць яму наканавана Богам. Яго пісьмы, поўныя надзеі, што вернецца дамоў, бо да заканчэння вайны заставаліся лічаныя дні. Аднак апошняя вестка ў вёску Станькі прыйшла ад саслужыўца Валодзі – пісара Ільіна, які паведаміў пра раненне і смерць беларускага паэта ля нямецкага горада Грайфенлоцэн. Здарылася гэта 12 сакавіка 1945 года».   145-годдзе з дня нараджэння класіка польскай літаратуры, ураджэнкі в. Чыжэвічы Міхаліны Даманскай. У артыкуле «СП» «Страчаная спадчына: Чыжэвічы, Клярымонты» за 11 ліпеня 2016 года дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова пісала: «Тут у 1875 годзе нарадзілася Міхаліна Даманская, польская пісьменніца, якая ўвайшла ў беларускую літаратуру, хоць пісала на польскай мове. У 1872 годзе ў Чыжэвічах быў пабудаваны філіял метэастанцыі Якава Атонава Наркевіча-Ёдкі. Міхаліна Даманская праводзіла назіранні над снегам. Яна атрымала добрую адукацыю і наведвала ў якасці вольнай слухачкі Ягелонскі ўніверсітэт у 1900 годзе. Менавіта тады яна атрымала прэмію бібліятэк «Спраў абраных» за аповесць «Сорамна». Міхаліна цікавілася і тэхнікай. У маёнтку Чыжэвічы быў лакаматыў. На адным з фотаздымкаў сярод мужчын ля лакаматыва можна ўбачыць маладую дзяўчыну ў капелюшы з кароткімі палямі і доўгай сукенцы. Гэта Міхаліна». [caption id="attachment_96951" align="aligncenter" width="840"] ■ Сядзіба рода Даманскіх у Чыжэвічах. Здымак да 1912 г.[/caption] Даманская два разы была замужам: першы – за Аляксандрам Шведам, другі – за Радванам Федушкам. У час Першай сусветнай вайны жыла ў Мінску, была членам таварыства «Асвета». Пісьменніца, навелістка, грамадскі дзеяч займалася таксама перакладамі з французскай мовы. З польскай на французскую мову пераклала асобныя творы Э. Ажэшкі і Г. Сянкевіча. Пасля страты ўсіх маёнткаў выехала ў Варшаву. Менавіта там яна публікуе кнігу «Эдвард Вайніловіч. Успаміны». І нам гэта кніга цікавая тым, што ўтрымлівае вельмі шмат «капыльскіх старонак». Таццяна БОХАН  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей