Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

58

З думкамі пра ўраджай

19.08.2011
ААТ “П-з “Дусаеўшчына” паспяхова завяршыла ўборачную і распачало сяўбу азімага рапсу, якога неабходна будзе пасеяць150 га. Ужо рыхтуюцца палеткі і пад астатнія азімыя культуры. Уносяцца мінеральныя ўгнаенні, на палях, якія былі заняты пад збожжавыя і зернебабовыя, заканчваецца прасаванне і звозка саломы. На магутным трактары “Беларус-3022” з абаротнымі плугамі працуе Уладзімір Пальчык (на здымку). Аднак наша сустрэча з ім адбылася не на палетку, а на машынна-трактарным двары, дзе ён спрабаваў справіцца з нечаканай “аварыяй”. “Палі ў нас даволі складаныя, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Квіткевіч, — часта сустракаюцца вялікія камяні. Вось адзін такі і трапіў на шляху трактара. Абарвала стойку плуга, і цяпер гадзіны дзве трэба будзе патраціць на рамонт”. І хаця настрой механізатара, вядома ж, крыху сапсаваўся, гэта неспадзяванка не перашкодзіла яму ўсё так жа старанна выконваць сваю справу. На заараны Уладзімірам Пальчыкам палетак выходзіць на сваім МТЗ-1221 Іван Дудзінскі, які ўносіць мінеральныя ўгнаенні. “У гаспадарцы ў дастатковай колькасці пад азімую сяўбу маецца фосфар, — працягвае расказ галоўны аграном. — Крыху не хапае калію, аднак будзем шукаць магчымасць для яго набыцця. Насенне рапсу ўжо прывезена, пратручана, так што літаральна дзень-два і пачнём яго сеяць.” У размове пра будучы ўраджай, нельга было не ўзгадаць і пра тое, які ж ён быў сёлета. “У гэтым годзе, лічу, мы атрымалі даволі неблагі рэзультат, — расказвае Уладзімір Леанідавіч. — Намалацілі ў сярэднім па 37,2 цэнтнера з гектара. Лепшыя намалоты былі, вядома ж, з азімых культур. Пшаніца на некаторых участках давала па 50 ц/га, трыцікале атрымалі па 42 цэнтнера на круг. Крыху падкачалі яравыя культуры.” На жніве ў гаспадарцы былі задзейнічаны 6 экіпажаў. Згодна з інфармацыяй упраўлення райсельгасхарчу, два з іх (Анатоль Кашуба і Павел Філазаповіч, Сяргей і Анатоль Баркоўскія) перасягнулі тысячны рубеж. Не на многа, па словах галоўнага агранома, адстаюць і астатнія камбайнеры. У гаспадарцы своечасова справіліся з выкананнем дзяржзаказу, цяпер дапрацоўваюць фуражнае збожжа. Не пакінулі без увагі і асабістыя падвор’і вяскоўцаў. На іх уборку былі накіраваны два камбайны. Распачалі абмалот з Падгорцаў, затым была Дусаеўшчына, на чарзе і астатнія населеныя пункты. “Разам з камбайнерамі выязджаюць работнікі бухгалтэрыі, — расказвае Уладзімір Квіткевіч. — Яны абмяраюць участкі са збажыной, на месцы прымаюць аплату за іх абмалот”.

Маргарыта САКОВІЧ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей