Здаецца, толькі што на палетках ААТ «Старыца-Агра» працавалі камбайны, а ўжо актыўна ідзе закладка будучага ўраджаю.
На полі з халмістым рэльефам ля вёскі Падгорцы працаваў МТЗ-3022 з сеялкай «Амазоне», якім кіраваў Васіль Чабатароў. Трэці год ужо працуе вопытны механізатар на складанай тэхніцы. Але, па яго прызнанні, складанай яе не лічыць – разабраўся хутка што і як, ацаніў камфортнасць і магутнасць сучаснага беларускага трактара. За дзень, калі спрыяе надвор’е, Васіль Іванавіч выконвае план, праходзячы па 30 – 35 га плошчы. Акуратнасць і дакладнасць пры гэтым – на першым месцы.
“Сеем рапс беларускай селекцыі, - тлумачыць намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ «Старыца-Агра» Андрэй Ашэўскі. - Тут задзейнічаны два агрэгаты - МТЗ-3022 з сеялкай «Амазоне» і МТЗ-1523 з сеялкай «Сулкі». За дзень яны могуць сеяць да 50 гектараў, таму запланаваныя 400 га азімага рапсу пасеем да 20 жніўня. Далей з першага верасня прыступім да сяўбы азімых збожжавых. Асноўнымі ў нас з’яўляюцца дзве культуры - азімая пшаніца, якая зойме 500 гектараў, і 800 га скла-дзе плошча пад азімую трыцікале».
За апошняе дзесяцігоддзе плошча раллі ў ААТ «Старыца-Агра» павялічылася амаль у два разы, што дазваляе яму сёння вырошчваць разнастайную прадукцыю раслінаводства і ствараць выдатную кармавую базу для жывёлагадоўчай галіны.
Прэзідэнтам краіны быў вызначаны тэрмін заканчэння ўборачнай кампаніі - 20 жніўня. Дакладна пастаўленая задача павінна дакладна выконвацца - у гаспадарцы гэта закон. Збожжавыя, якія займалі плошчу 2015 га, былі ўбраны з палёў ужо 12 жніўня. Валавы збор склаў 10 400 тон (летась - 9800), дзякуючы чаму ААТ “Старыца-Агра” выканала дзяржзаказ і разлічылася з прадпрыемствамі, якія забяспечваюць гаспадарку камбікармамі. Таксама аператыўна зжалі і прысядзібныя ўчасткі насельніцтва. Яшчэ раней своечасова быў убраны рапс, ураджайнасць якога сёлета склала 39 ц/га. Нарыхтавана 1500 тон насення гэтай культуры. Два камбайнавыя экіпажы сельгаспрадпрыемства аказваюць дапамогу на ўборцы збожжавых суседзям - РСУП «Бабоўня».
Цяпер з палёў актыўна прыбіраюць салому, каб вызваліць палі для ўзворвання і наступнай сяўбы. «У асноўным усю салому мы прасуем, паколькі ў нас утрымліваецца 7000 галоў буйной рагатай жывёлы. Большая яе частка знаходзіцца на бяспрывязным утрыманні, і салома фактычна ідзе на вытворчасць арганікі, - расказвае дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі. - На палях працуюць сем айчынных прэсаў і адзін імпартны. Адначасова вядзецца ўборка цюкоў, для чаго створаны два звёны. Займаемся і ўнясеннем арганікі, паколькі сёння і фосфарныя, і азотныя ўгнаенні вельмі дарагія».
Відавочна, што для адкрытага акцыянернага таварыства асноўным крытэрыем у работе з’яўляецца рэнтабельнасць. Таму кожны крок тут робяць ў намечаны тэрмін.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии