Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

Летописец земли под белыми крыльями. К 90-летию Владимира Короткевича

27.11.2020
Мне пашчасціла ў сваім жыцці сустрэцца з гэтым  легендарным Чалавекам у 1982 г., на чытацкай канферэнцыі ў Мінску. Уражанні незабыўныя: я і сёння помню, як яго добрыя вочы вельмі хутка тады сярод людзей ператварыліся ў два маленькія сонейкі і сагравалі прысутных на працягу ўсёй сустрэчы. А як жа інакш: ён не толькі выйшаў з самой гушчы народа, але і заставаўся з гэтым народам разам заўсёды. 26 лістапада 2020 г.  знакамітаму празаіку, публіцысту, паэту, перакладчыку, драматургу, сцэнарысту, самаму папулярнаму класіку айчыннай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу споўнілася б 90 гадоў. Ён сапраўдны Майстра: яго ведае ўся Беларусь – у вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках.  Гэта першы  пісьменнік Бацькаўшчыны, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць — з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат рэгіёнаў Беларусі. І не проста наведаў, размаўляў з беларусамі, і  па гарачых слядах нараджаліся творы.  Усё жыццё ён быў верны свайму ж выказванню: “Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў”. Мне захацелася здзейсніць літаратурна-віртуальнае падарожжа па мясцінах, якія ўсё ж цесна звязаны з яго імем, дзе ўвекавечана памяць ВЯЛІКАГА БЕЛАРУСА. Назва яго папулярнага нарыса “Зямля пад белымі крыламі” даўно стала крылатым выразам. Надзвычай скрупулёзна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў гэтым нарысе, дзе   ён здолеў  ахапіць беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя падзеі. Малая радзіма Караткевіча – Орша. У 1938 г. Уладзімір пайшоў у школу. Да пачатку вайны паспеў скончыць 3 класы. У пасляваенны час  аршанскі школьнік Караткевіч  змясціў на старонках рукапіснага часопіса “Званочак” некалькі сваіх вершаў, а таксама  прыгодніцкую аповесць “Загадка Неферціці”. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы “Млын на Сініх Вірах”. Улетку 1950 г. у Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта,   Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. Працяглы час яму давялося жыць у Мінску. У пачатку 1963 г. Караткевіч атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру на вул. Чарнышэўскага.  Праз некаторы час з Оршы ў Мінск да яго пераехала маці. Увесну 1967 г. яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай.  У тым жа  годзе, увосень, на канферэнцыі па рамане “Каласы пад сярпом тваім” у Брэсце, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай, з якой 19 лютага 1971 г. ён ажаніўся.  Вясной 1973 г. абмянялі кватэру  на трохпакаёвую кватэру на вул. Карла Маркса,  дзе сям’я  жыла разам з маці. Назва ж рамана “Хрыстос прызямліўсяў Гародні” звязана з гэтым каралеўскім горадам. У 1966 г.  Караткевіч напісаў гэты  раман, сюжэт якога заснаваны на рэальных падзеях. Напачатку чэрвеня 1983 г. Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня.  Незадоўга да смерці  ён наведаў  дарагія сэрцу мясціны. З’ездзіў у Рагачоў. 12 ліпеня 1984 г. з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Мінск. Пахаваны класік на Усходніх могілках у Мінску. Імя Караткевіча носіць бібліятэка № 14 у Віцебску,  бібліятэка ў Наваполацку, дзіцячая бібліятэка ў Оршы. У Оршы  з 2000 г. працуе  музей пісьменніка.  Матэрыялы пра яго жыццё і творчасць  экспануюцца ў Рагачоўскім музеі народнай славы, Віцебскім краязнаўчым музеі. У Віцебску ўсталяваны помнік Караткевічу ў 1994 г. Помнік у Оршы адкрыты быў  27 чэрвеня 1992 г. да 925-годдзя горада. Імем Уладзіміра Караткевіча названы вуліцы ў Астраўцы,  Віцебску,  Гродне,  Рагачове,  Століне,  Оршы. Імя Караткевіча носіць Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Чаму яго кнігі папулярныя і ў ХХІ стагоддзі? Аўтар  быў верны свайму крытэрыю: “Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя”. Сябры! Давайце здзяйсняць часцей рэальныя падарожжы па мясцінах жыцця і творчасці Рыцара беларускіх замкаў – так яго звалі пры жыцці! Давайце чытаць і перачытваць бессмяротныя творы Майстра! Канстанцін КАРНЯЛЮК, пазаштатны карэспандэнт "Слава працы", г. Віцебск

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей