Занятасць насельніцтва – гэта асноўны паказчык стабільнасці развіцця раёна. Сектар занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Капыльскага райвыканкама на сёння мае магчымасць задаволіць патрэбы амаль кожнага беспрацоўнага. Аб тым, якія ж вакансіі ёсць у раёне, дзе можна атрымаць адпаведныя веды, расказвае начальнік сектара занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Капыльскага райвыканкама Іван БАБКО:
— Аналізуючы сітуацыю на рынку працы ў нашым раёне, трэба адзначыць, што на канец ліпеня на ўліку ў сектары занятасці мелася 95 беспрацоўных, прыблізна палова ў гора-дзе і палова ў вёсцы. У той жа час ёсць 272 вакансіі, гэта значыць, што ўсе маюць магчымасць працаўладкавацца. На сёння запатрабаваны спецыяльнасці, якія прадугледжваюць пэўную падрыхтоўку. У горадзе не хапае прадаўцоў, вадзіцеляў катэгорый “С”, “С, Д, Е” у комплексе, патрэбны майстры аддзелачных работ – муляры, тынкоўшчыкі, маляры, а ў вёсцы запатрабаваны спецыялісты сельскагаспадарчай накіраванасці – механізатары, аператары машыннага даення, жывёлаводы. Для таго, каб працаўладкавацца і мець нейкую спецыяльнасць, патрэбна атрымаць пэўныя веды. Сёння сектар занятасці прапануе навучанне за сродкі фонда сацыяльнай абароны з аплатай і навучання, ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці, і пражывання. У жніўні маем магчымасць накіраваць на навучанне прадаўцоў, афіцыянтаў-буфетчыкаў, повараў-кандытараў, аператараў кацельні, муляраў, тынкоўшчыкаў, маляроў, швей, парыкмахераў.
Па жаданні чалавека сектар занятасці можа падабраць пэўную прафесію, накіраваць на навучанне, і потым у яго з’явіцца магчымасць працаўладкавацца.
У раёне актыўна абмяркоўваецца прапанова швейнага прадпрыемства “Мілавіца” па адкрыцці швейнай вытворчасці на базе Капыльскага раёна. Па папярэдняй рабоце, якая праведзена, ужо ёсць 17 жадаючых прыйсці і працаваць. Сектар занятасці гатовы накіраваць на навучанне з далейшым працаўладкаваннем. Згадзіцеся, для жанчын вельмі добры варыянт.
Прайсці навучанне па ўдасканаленні працы з камп’ютарам, атрымаць веды, каб заняцца індывідуальнай дзейнасцю – усё гэта паслугі, якія аказвае сектар занятасці. Правучыўшыся ў Рэспубліканскім інстытуце павышэння кваліфікацыі Міністэрства працы ўсяго 2,5 тыдня, можна атрымаць поўны пакет дакументаў, які дазволіць адкрыць індывідуальную справу. Дарэчы, у мінулым годзе скарысталі такую магчымасць 7 чалавек, у гэтым – пакуль 1.
У летні перыяд з’яўляецца жаданне папрацаваць і ў моладзі. У перыяд уборачнай кампаніі ў наймальнікаў павялічваецца попыт на пэўныя спецыяльнасці. Але часовую занятасць навучэнцкай моладзі курыруюць установы адукацыі з фінансаваннем праз сектар занятасці, які аплачвае гэтую працу: напрыклад, Капыльскі каледж актыўна займаўся пашывам бя-лізны для бальніцы, дзіцячых садоў і школ раёна.
У дадатак да ўсяго вышэйсказанага сектар занятасці яшчэ мае магчымасць аказаць фінансавую дапамогу ў перасяленні сем’яў у сельскую мясцовасць. Але тут павінны супадаць жаданне сям’і пераехаць кудысьці і жаданне сельгаспрад-прыемства прыняць сям’ю, даць ёй жыллё. Такой магчымасцю ў гэтым годзе скарысталіся 7 сем’яў.
І самае галоўнае: калі ёсць жаданне працаваць – знойдзецца і занятак.
Падрыхтавала Святлана АПАНАСЧЫК
Комментарии