Рашэннем спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў былі заахвочаны вучні і былыя выпускнікі ўстаноў адукацыі Капыльшчыны. Расказвае спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена КАРПЯЛЕНЯ:
— Упершыню грашовыя прэміі атрымалі ажно сем нашых выхаванцаў. Гэта выпускнікі СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага Ілля Браўко, Аліна Платко, Аляксандр Прадун і Яўген Шэлег, якія пад кіраў-ніцтвам настаўніка геаграфіі Анатоля Мікалаевіча Сікорскага выканалі работу “Даведачна-інфармацыйны краязнаўчы атлас Капыльшчыны”, за што былі ўзнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па геаграфіі. Яна Тароцька, былая вучаніца, і Яўген Унучак, будучы дзесяцікласнік гэтай жа школы, вызначыліся на XV Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па хіміі. Іх работа “Хімічныя водараслі”, выкананая пад кіраўніцтвам настаўнікаў-хімікаў Мікалая Мікалаевіча і Алены Мікалаеўны Быліновічаў, таксама была ацэнена Дыпломам ІІІ ступені. Такую ж узнагароду з XV Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па біялогіі прывезла Настасся Камёнка з гімназіі № 1 г. Капыля, якая перайшла ў 8 клас. Дзяўчына пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Мікалая Паўлавіча Стульбы працавала над вывучэннем зімовай калепцерафауны водных аб’ектаў Капыльскага раёна.
Прыемна, што стараннасць і мэтанакіраванасць рабят былі так высока ацэнены. Мяркую, гэта можа па-служыць добрым прыкладам для іншых навучэнцаў устаноў адукацыі Капыльшчыны, паколькі поспех заўсёды спадарожнічае настойлівым.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии