Ураджэнец в. Труханавічы Капыльскага раёна Ян (Іван Аляксеевіч) Скрыган — знакавая постаць беларускай літаратуры. Прычым знакавая не толькі творчасцю, але і лёсам. Яго біяграфіі, напэўна, магло б хапіць на некалькі чалавек — такім насычаным і поўным выпрабаванняў, трагізму, роспачы і надзей быў жыццёвы шлях майстра слова.
Шляхамі жыцця
Цікавы факт: плеяду славутых людзей нашага рэгіёна Ян Скрыган папоўніў дзякуючы адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу, у выніку якога в. Труханавічы ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя перайшла да Капыльшчыны. Першыя ж свае крокі будучы пісьменнік (а нарадзіўся ён 16 лістапада 1905 года) рабіў па колішнім Слуцкім павеце.
«Не шанцавала майму бацьку на сыноў. Выжывалі адны дочкі. А што гэта за гаспадар без наследніка, — апісваў абставіны свайго з’яўлення на свет у аўтабіяграфічнай аповесці «Кругі» Іван Аляксеевіч. — Добрыя людзі параілі: калі народзіцца зноў сын, трэба ранічкаю выйці на дарогу і, хто першы пападзецца, узяць яго за хрышчонага бацьку. Гэта паможа.
І вось як я толькі нарадзіўся, бацька досвіткам выйшаў за сяло. На якую ж дарогу павярнуць? На Сцяпкоў, на Падлужжа, на Сунаі? Лепш на Сунаі: яны ляжаць за нізовінай, далёка відаць наваколле. А восень ціхая, усё кругом пуста, аж свіціцца.
Нарэшце на той бок нізовіны нехта паказаўся. (…) А як параўняўся, бацька ўтрупянеў: пукаўскі пан Ёдка. Аднак жа, доўга не думаючы, зняў шапку і бразнуўся перад ім у паклоне.
(…) Так і выйшла, што маім хрышчоным бацькам стаў абшарнік. І колькі ад гэтага было мне пакуты: за ўвесь час, пакуль я вучыўся ў Труханавічах, мяне так і звалі Ёдчыкам. Горшай мянушкі, мне здавалася, нельга было і прыдумаць. Доўга я не ведаў, чаму мяне так дражняць».
Пасля заканчэння мясцовай царкоўна-прыходскай школы малады Іван без асаблівых роздумаў падаваўся ў розныя навучальныя ўстановы. Але ўсё гэта было не яго сцежкай. Нарэшце, захоплены славеснасцю, юнак пакінуў чацвёрты курс слуцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, каб паступіць на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Маладое жыццё кіпела. Праца журналістам, актыўная грамадская і літаратурная дзейнасць, знаёмства з прыгажуняй Галінай, жаніцьба. Але спазнаць у поўнай меры сямейнае шчасце Івану Аляксеевічу не давялося. У лістападзе 1936 года пісьменніка арыштоўваюць за «контррэвалюцыйную дзейнасць», і ён ніколі больш не ўбачыць ні Галіну, ні сына Севу, які ў хуткім часе нарадзіўся. Доўгі час будзе лічыцца, што яны загінулі падчас бамбёжкі ў самым пачатку вайны. Аднак, як акажацца, Галіна і Сева засталіся жывыя: прайшлі ўсе кругі пекла і апынуліся ў Германіі. Пазней сын выпадкова ўбачыць вокладку татавай кнігі і вырашыць даслаць яму ліст. Паміж сем’ямі завяжацца перапіска...
[caption id="attachment_96480" align="aligncenter" width="522"]
■ Дачка Яна Скрыгана Галіна Іванаўна каля экспазіцыі ў Каменскім школьным музеі[/caption]
Ян Скрыган дакладна ведаў, хто на яго даносіў. Пазней ён напіша пра гэты перыяд:
«Самыя страшныя ў маім жыцці былі два чалавекі. Першы — мой сусед па кватэры ў Мінску і, здавалася, сябар, паэт. І прафесійны правакатар.
Другі — мой следчы: гэта ўжо дзяржаўны цынік і правакатар.
Першы кожны раз правакаваў як бы жартам, але гэты жарт трымаў на патрэбу ў запасе. Другі — як следчы — будаваў на гэтым свой стыль: абавязкова зрабіць з чалавека злачынца. Няважна, вінаваты ён ці не. Павінен быць вінаваты!
Божачка, як ён здзекаваўся! Біў, абліваў халоднаю вадою. Саджаў на ножку перакуленага табурэта, на некалькі гадзін саджаў у карцэр, такі вузкі, што ў ім нельга было павярнуцца. І калі ты не меў сілы ўжо стаяць, ты вісеў, здушаны яго цеснатою да болю ва ўсім целе».
…У цэнтры эстонскага горада Ківіылі стаіць мемарыяльны знак у гонар Яна Скрыгана. Сюды наш зямляк трапіў пасля заканчэння 10-гадовага тэрміна высылкі ў Сібір. А перад Эстоніяй прамежкавым пунктам у лёсе Яна Скрыгана значыўся яшчэ і Узбекістан, які пісьменнік пакідаў ужо не адзін. Сустрэў там сваё каханне — Ганну, што стала надзейнай сяброўкай на ўсё астатняе жыццё. І ледзь, здавалася, пачалі ўставаць на ногі, як спасцігнуў новы ўдар — паўторны арышт і чарговая высылка ў Сібір.
Толькі ў 50-гадовым узросце пасля рэабілітацыі Ян Скрыган атрымаў магчымасць вярнуцца ў Беларусь, каб пачаць усё літаральна з нуля і стаць тым, кім яго ведаюць, — пісьменнікам, паэтам, навелістам, нарысістам, публіцыстам, рэдактарам, крытыкам і перакладчыкам. Тады ж ён быў удастоены звання «Заслужаны работнік культуры БССР», а таксама стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. А яшчэ сучаснікі запомнілі яго як шчырага патрыёта і заўзятага абаронцу роднай мовы. Інакш і быць не магло. Бо, як расказваў аб сваіх перажываннях падчас высылак Ян Скрыган, ён
«быў на грані таго горкага адчування, калі чалавек астаецца без радзімы, — не мае на яе права, і зразумеў, якое гэта вялікае і дарагое пачуццё — бацькаўшчына».
Дарэчы, пасля вяртання ў Беларусь літаратар хаця і жыў у сталіцы, неаднаразова прыязджаў на Капыльшчыну, дзе сустракаўся са сваімі чытачамі. Апошні раз ён наведваўся сюды ў 1982 годзе з нагоды юбілею Алеся Адамовіча. А праз дзесяць гадоў, 18 верасня 1992 года, Івана Аляксеевіча не стала.
Радзіма захоўвае памяць
Памяць аб славутым земляку беражліва захоўваюць на яго радзіме. Так, у гонар Яна Скрыгана названа адна з вуліц Капыля. А ў Каменскім ВПК дзіцячы сад–сярэдняя школа, які суседнічае з роднай вёскай пісьменніка, на базе музея дзейнічае асобная экспазіцыя, прысвечаная яму. Ініцыятарам стварэння выставы і асноўным пастаўшчыком экспанатаў з’яўляецца дачка Яна Скрыгана Галіна Іванаўна. Задумку аб адкрыцці экспазіцыі каля дзесяці гадоў таму падтрымала і дапамагла ўвасобіць у жыццё сапраўдны энтузіяст і знаўца гісторыі роднага краю, кіраўнік краязнаўчага школьнага музея Ірына Тагіль. І цяпер менавіта гэта адукацыйная ўстанова перыядычна становіцца месцам сустрэч для прыхільнікаў творчасці пісьменніка, яго родных і блізкіх, якіх лёс параскідаў па ўсім свеце. На месцы ж, дзе да нядаўняга часу тулілася старэнькая хатка, у якой вырас Іван Аляксеевіч, зараз толькі віднеюцца камяні з падмурку ды высяцца дубы-волаты — равеснікі труханавіцкага майстра слова і нямыя сведкі яго жыццёвых перыпетый.
[caption id="attachment_96479" align="aligncenter" width="840"]
■ Сярод экспанатаў школьнага музея - рабочы стол Яна Скрыгана[/caption]
Літаратурная спадчына
Дэбютаваў Ян Скрыган вершамі ў 1925 г., пры гэтым падпісваў іх псеўданімамі Пірат, Відук, Янка Відук. Творчы ж шлях Скрыгана-празаіка пачаўся з апавяданняў «Пры вогнішчы» і «Таіса», а таксама з аповесці «Затока ў бурах».
Адметна, што Ян Скрыган выступіў адным з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру, і менавіта гэта форма стала ўзорам яго творчасці. У 1929 г. выходзіць у свет адзін з першых нарысаў — «Новая зямля», у хуткім часе з’яўляюцца зборнікі нарысаў — «Шугае сонца», «Права на энтузіязм», «Недапісаны профіль». Далейшая творчая дзейнасць пісьменніка знаходзіць працяг у зборніку апавяданняў «Сустрэчы», аповесцях «Апавяданні», «Няпрошаная сляза», «Скажы адно слова», «Свая аповесць», «Кругі».
Акрамя таго Іван Аляксеевіч напісаў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы «Ранішнія росы», «Некалькі хвілін чужога жыцця». Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А. Астроўскага, М. Горкага, І. Буніна, Ф. Гладкова, К. Федзіна, І. Бабеля, а таксама ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.
Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ
Комментарии