Большасць пытанняў падчас чарговага прыёму грамадзян старшынёй Капыльскага райвыканкама Сяргеем Пілішчыкам датычылася паляпшэння жыццядзейнасці насельніцтва. Некаторыя з іх разгледжаны на месцы, астатнія патрабуюць дадатковага вывучэння.

Па звароце жыхаркі вул. Цеплавой у Капылі шмат нараканняў выказаў кіраўнік раёна ў адрас жыллёва-камунальнай службы. Амаль тры тыдні заяўніцы ліквідавалі працяканне вады на кухні (больш дакладна, столькі часу ў яе была там адключана вада). Гэты выпадак Сяргей Пілішчык параўнаў з тым, што б было, калі б па выкліку столькі ж ехала «хуткая» ці іншая аварыйная служба. Дадзена даручэнне кіраўніцтву ЖКГ ра-забрацца ў гэтай справе, і вінаватыя абавязкова павінны панесці адказнасць.
Наконт асфальтавання вул. Энгельса ў райцэнтры яе жыхарам дадзены адказ, што ў гэтым годзе яно праводзіцца не будзе. Названая вуліца адна з самых працяглых у горадзе, таму прынята рашэнне сёлета давесці да ладу больш кароткія. У райвыканкаме запэўнілі, што рамонт будзе праведзены да верасня наступнага года.
Кіраўніком раёна дадзена даручэнне ўсім зацікаўленым службам разабрацца наконт звароту капыляніна па ўтрыманні вялікай колькасці хатняй жывёлы ў межах горада.
Па звароце жыхаркі Капыля наконт аднаўлення межаў зямельнага ўчастка ёй рэкамендавана звярнуцца ў суд.
Жыхару в. Бучаціна дадзены тлумачэнні па вулічным асвятленні, агароджванні грамадзянскіх могілак і інш.
Падчас прыёму разгледжаны звароты адносна нізкай заработнай платы ў паляводаў, працаўладкавання інваліда, дзіцячага харчавання ва ўстановах адукацыі.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии