Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

В ОАО "Копыльское" завершили уборку кукурузы на силос

16.10.2020
У арганізацыях аграпрамысловага комплексу Капыльшчыны набліжаецца да завяршэння ўборка кукурузы на сілас. Не сакрэт, што восень для працаўнікоў вёскі — перыяд напружаны. Бо, перш за ўсё, неабходна нарыхтаваць корм для жывёлы на зімова-стойлавы перыяд. У ААТ «Капыльскае» гэты від работ днямі завяршылі. А значыць выканалі задачу — забяспечыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы на паўтарагадовы перыяд якаснымі кармамі. — Пад кукурузу ў гаспадарцы адведзена амаль 2000 гектараў, у тым ліку 700 — на зерне і 1245 – на сілас, — расказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Юрый Тарасевіч. — На дадзены момант ужо заканчваем уборку на сілас. Нарыхтавалі 18 тыс. тон кукурузы пры плане 17 тыс. тон. Гэта культура не толькі ўраджайная, яна яшчэ і валодае высокай абменнай энергіяй. Справа ў тым, што кукуруза для ўтварэння вялікага ўраджаю зялёнай масы патрабуе шмат вады. Але вясной і летам вільгаці, на жаль, не хапіла. У сувязі з гэтым і першыя ўсходы з’явіліся трохі пазней, чым звычайна. Але якія б праблемы не ўзнікалі, трэба працаваць з душой, выконваць дакладна ўсе патрабаванні тэхналогій сяўбы культур, правільна апрацоўваць глебу, каб потым можна было ганарыцца вынікамі сваёй працы. Нягледзячы на капрызы надвор’я, як бачым, кармоў на зіму ў нашай гаспадарцы нарыхтавана дастаткова. У атрыманні высакаякаснага корму, як адзначаюць спецыялісты, вялікае значэнне маюць тэхналогія ўборкі кармавых культур, падрыхтоўка іх да закладкі, кансерваванне сіласнай масы, захоўванне і, нарэшце, правільнае выкарыстанне. Сіласаванне — біялагічны метад падрыхтоўкі зялёных, сакавітых і іншых кармоў з мэтай максімальнага захавання ў іх пажыўных рэчываў і вітамінаў. У аснове сіласавання ляжыць працэс малочнакіслага закісання. У параўнанні з іншымі спосабамі сіласаванне ў меншай меры залежыць ад умоў надвор’я. Пры выкарыстанні кукурузнага сіласу ў жывёл, якія знаходзяцца на адкорме, адбываецца інтэнсіўнае нарастанне мышачнай тканкі, а ў дойнага статка павышаецца малочная прадукцыйнасць. На нарыхтоўцы сіласу ў ААТ «Капыльскае» былі заняты два кормаўборачныя камбайны. За адзін працоўны праход яны скошваюць, здрабняюць масу і загружаюць яе ў аўтамашыны і трактары для далейшай транспарціроўкі да месца захоўвання, для чаго задзейнічана дзесяць адзінак тэхнікі. На камбайнах ужо не першы год працуюць Віталь Дылеўскі і Алег Касцюкоў. Дарэчы, яны, але толькі ў складзе аднаго экіпажа, былі заняты і на ўборцы збожжавых, будуць убіраць і кукурузу на зерне. Сабраную сіласную масу вязуць бліжэй да жывёлагадоўчых комплексаў. Траншэі ў гаспадарцы размешчаны паблізу ферм у Цімкавічах, Комсічах, Доўгім, Навасёлках, каб не марнаваць лішнія час і сродкі для яго транспарціроўкі з палёў, а затым — для корму жывёле. [caption id="attachment_95113" align="aligncenter" width="840"] ■ Камбайнеры Віталь Дылеўскі і Алег Касцюкоў[/caption] Комплекс работ па нарыхтоўцы кукурузы на сілас працягваецца ўвесь светлавы дзень. Праца ва ўсіх надзвычай адказная: ад якасці ўборкі і трамбоўкі сіласнай масы напрамую залежыць якасць корму, а такім чынам і вытворчасць малака, мяса. За працэсам уборкі на полі і закладкі сіласу пільна сочаць спецыялісты. Яны кантралююць не толькі працэс закладкі, але і ацэньваюць якасць сіласнай масы. Пасля трамбоўкі траншэі накрываюць спецыяльнай святло- і паветранепранікальнай плёнкай і прыціскаюць грузамі. — У мае абавязкі як адказнага спецыяліста ўваходзіць кантроль за арганізацыяй уборачнага працэсу, за расходаваннем паліва, якасцю ўборкі, — гаворыць начальнік фінансава-эканамічнага аддзела адміністрацыйнай дзейнасці сельгаспрадпрыемства Ганна Юха. — Не забываем пра захаванне працоўнага рэжыму, умоў, аховы і аплаты працы. Усе разумеюць значнасць корманарыхтоўчай кампаніі. Кожны год з гэтай складанай задачай мы спраўляемся якасна, у тэрмін і без страт. Сяргей КОЗЕЛ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей