16 жніўня ў Капылі на мясцовых могілках у 12 гадзін па традыцыі адбудзецца адпустовая ўрачыстасць св. Роха.
Св. Рох (1295-1327) нарадзіўся ў Манпелье, быў адзіным сынам губернатара горада. Яго маці даволі доўга не магла дачакацца дзяцей і рупліва малілася аб дапамозе да Маці Божай. Нарэшце нарадзіўся Рох з чырвоным знакам у форме крыжа на грудзях.
Калі меў 20 год, раздаў сваю маёмасць, якую атрымаў у спадчыну ад бацькоў, і вырушыў у падарожжа ў Рым. Падчас свайго падарожжа апекаваўся хворымі на чуму. Прабываючы ў Рыме на працягу трох год, праславіўся шматлікімі цудоўнымі аздараўленнямі.
Вяртаючыся дамоў, у Францыю, сам захварэў на чуму ў П’ячэнцэ, але каб не заразіць іншых, схаваўся ў бліжэйшым лесе, даручаючы свой лёс у рукі Божыя. Там, згодна з легендай, яго знайшоў сабака, які штодзённа прыносіў яму ежу. Пасля цудоўнага выздараўлення вырушыў у дарогу. На француз-скай мяжы быў арыштаваны як шпіён і ўкінуты ў вязніцу. На працягу 5 год быў у вязніцы як неапазнаны, і памёр 16 жніўня 1327 года. Жыхары Манпелье пазналі яго па знаку на грудзях, які меў ад нараджэння. Пад яго галавой знайшлі картку з надпісам, што тыя, хто будзе прасіць св. Роха аб дапамозе падчас эпідэміі, атрымаюць аздараўленне. І з сярэдзіны 14 стагоддзя культ св. Роха пачаў распаўсюджвацца па ўсім Касцёле.
Усіх, хто ведае што-небудзь пра гісторыю адпусту на св. роха ў Капылі, шчыра прашу паведаміць у Касцёл.
Кс. Аляксандр ВІТКО
Комментарии