Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

37

Заўседы быць у форме

19.05.2010

Трэці раз на Капыльшчыне прайшоў асабіста-камандны чэмпіянат упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама палёгкаатлетычным кросе.

На ўрачыстым адкрыцці, якое адбылося на фізкультурна-аздараўленчым комплексе, удзельнікаў спаборніцтваў віталі начальнік аддзела падрыхтоўкі кадраў упраўлення кадраў УУС Мінаблвыканкама Алег Пугач, яго намеснік Алег Смулькевіч, намеснік начальніка Капыльскага РАУС  па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Уладзімір Рудакоўскі. Яны пажадалі камандам паспеху на цяжкіх капыльскіх дыстанцыях.

Далей удзельнікі кросу перамясціліся ў гарадскую зону адпачынку, дзе і адбывалася асноўнае дзейства. Праграма складалася з трох відаў, па выніках якіх падводзіцца агульнакаманднае месца. Дарэчы, за першынство прыехалі змагацца 22 каманды раённых і гарадскіх аддзелаў і ўпраўленняў унутраных спраў Міншчыны.

Першым на дыстанцыю 3000 метраў выйшла маладое пакаленне міліцыянераў. З вялікім адрывам ад бліжэйшых праследавацеляў фінішную лінію перасёк прадстаўнік Мінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Ягор Казлоў. Капылянін Дзмітрый Сянюк апынуўся на 10 месцы. Ветэраны ўнутранай службы пераадольвалі адлегласць у 1000 метраў. Больш за палову дыстанцыі група старалася дагнаць Міхаіла Мельнічэнку, які ўзначаліў пелетон (групу спартсменаў). Але прадстаўнік аддзялення ДАІ  Капыльскага РАУС   не пакінуў сапернікам ніводнага шансу.

Самай захапляльнай і відовішчнай стала эстафета 3х1500 м, дзе ў склад каманды ўваходзілі адна жанчына і двое мужчын. Гонар капыльскай міліцыі адстойвалі Наталля Лукша, Андрэй Трублоўскі і Андрэй Буневіч. Пераадолеўшы частку дыстанцыі, кожны ўдзельнік забягаў на стрэльбішча і выконваў тры выстралы па трох мішэнях з пісталета Макарава. За промах налічвалася 20 штрафных секунд. Некаторыя каманды ўмудрыліся зарабіць па 100 і больш такіх секунд. Не завалілі стральбу ў гэтым відзе капыльскія і маладзечанскія міліцыянеры, якія не патрапілі ў мішэнь толькі па адным разе. Але дзякуючы хуткаму бегу найменшы час быў у каманды Мінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў. Капыляне ў эстафеце сталі чацвёртымі.

Па суме месц “бронзавым” прызёрам стала каманда Любанскага РАУС, “серабро” ўзялі барысаўскія міліцыянеры, а “золата” чэмпіяната апынулася ў капылян.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКАХ: 1. М. Мельнічэнка імчыць да перамогі; 2. На агнявой пазіцыі – Андрэй Трублоўскі; 3. Уладзімір Рудакоўскі (злева) атрымлівае грамату за перамогу ў камандным заліку.

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей