Адзін з тых механізатараў, каму даручана гэта важная справа, вопытны земляроб Уладзімір Карсюк. За 35 гадоў працы на трактары яму неаднойчы даводзілася працаваць на ворыве, сяўбе, падрыхтоўцы глебы, касавіцы. Сёлета Уладзіміру Рыгоравічу даверылі новы МТЗ-3522 з новымі абаротнымі плугамі.

Тэхніка на палях Капыльшчыны не змаўкае. У цэлым па раёне неабходна падняць 28 546 гектараў зябліва. Паводле інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па стане на 6 кастрычніка ўзарана звыш 400 гектараў. Днямі да гэтых работ далучыліся аграрыі ААТ «Скабін», «Праснакі», СГФ «Руднае».
Мы пазнаёміліся з ходам спраў у ААТ «Семежава».
– Сёння перад нашымі механізатарамі стаіць галоўная задача – своечасова выканаць план па ўзняцці зябліва, – гаворыць аграном гаспадаркі Яўген Ігнатчык і тлумачыць: – Гэта найважнейшы элемент тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Зяблевая апрацоўка глебы мае велізарнае арганізацыйна-эканамічнае значэнне. Па-першае, яна садзейнічае павышэнню культуры земляробства. А па-другое, паскарае падрыхтоўку сельгасарганізацыі да веснавой сяўбы і гарантуе яе хуткае ўключэнне ў пасяўную. Да таго ж, гэты тэхналагічны прыём прадухіляе рост пустазелля і дазваляе аграрыям дасягаць павышэння ўраджайнасці культур, якія будуць пасеяны на ўзараных з восені плошчах. Як бачыце, плюсаў дастаткова. Мы ўсё гэта, вядома ж, улічваем. Таму і стараемся восенню ўзараць як мага больш зямлі. Усе аграрыі ведаюць: своечасова праведзенае зяблевае ўзворванне – добры ўраджай у наступным годзе.
А пад яго ў «Семежаве» неабходна ўзараць 1674 гектары. Штодня на падняцці зябліва працуюць два трактары, таксама задзейнічана тэхніка на перадворыўным дыскаванні шматгадовых траў, унясенні мінеральных угнаенняў.
– Усе механізатары імкнуцца за змену не толькі выканаць, але і перавыканаць норму, – працягвае Яўген Ігнатчык. – І такая аператыўная праца дазваляе нам кожны працоўны дзень завяршыць значным дадаткам да зяблевага кліну. Адзначу добрасумленныя адносіны да працы Уладзіміра Карсюка, Цімафея Шчоткіна, Яўгена Кухарэнкі і іншых.
[caption id="attachment_94782" align="aligncenter" width="840"]
■ Яўген Ігнатчык (справа) дае тлумачэнні Яўгену Кухарэнку[/caption]
Як падкрэсліў Яўген Ігнатчык, з узняццем зябліва ў гаспадарцы пастараюцца справіцца своечасова. Семежаўцы разумеюць: калі не ўзараць зямлю ўвосень, то ўвесну для іх нагрузка будзе падвоеная.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии