Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

62

Яго ўзгадаваў Нёман

23.08.2011
Да 100-годдзя з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі Калі па радыё ці тэлебачанні гучыць песня пра бацьку-Нёман, адразу ўспамінаецца слынны сын Капыльшчыны, знакаміты беларускі паэт Анатоль Астрэйка. Яго пявучыя вершы былі запатрабаваныя беларускімі кампазітарамі, яны ў іх апрацоўцы станавіліся народнымі песнямі. У прыгожым мястэчку Пясочнае Анатоль Астрэйка нарадзіўся 100 гадоў таму. Як кажуць, у самую пявучую і прыгожую пару, калі птушкі пяюць свае песні і Нёман сваёй вірлівай вадой ім падпявае. 24 ліпеня 1911 года Акімка (так называлі яго бацькі) гучна заявіў аб сабе чыстым і радасным галаском, парадаваў бацькоў і будзе затым радаваць нас, такой вірлівай і пявучай, як воды беларускай ракі, паэзіяй. Як падрос, то любіў бегаць на шумлівы песачанскі кірмаш. Вось там сапраўды хлопчык бачыў дзіўны свет: розных нафуфыраных людзей, якія прыехалі на вясковае цуда, цыган у незвычайным адзенні, іх уменне запудрыць галаву кожнаму зяваку. Чаго толькі не прывозілі гандляры: і цэбры, і мяшкі жыта, і жывёлу... Больш за ўсё запомніў гарэза цудоўную музыку скрыпачоў. А як заліхвацка ігралі гармонікі! Мабыць, бурлівасць і насычанасць жыцця Пясочнага далі шырокую гаму эмоцый для будучага беларускага песняра. А хіба мог забыць ён першы начлег паблізу Нёмана і як пасля выпасу з гіканнем нёсся дамоў на сваім жарэбчыку. Менавіта яго высачэзнага коніка бацькі назвалі «Сівы”. З ім хлопчык пракладзе першую баразну. Натузаўся бедалага з хітрым конікам: то спыніцца той, то рване, што плужок вырвецца з рук. Не ўдалося ўзараць, як трэба, і бацька на яго раззлаваўся. Затое ў другі раз пахваліў сына, і той успрыняў бацькаву пахвальбу, як вышэйшую ўзнагароду. 3 радасцю пайшоў у першы клас, і вялікім грамацеем была для яго першая настаўніца цётка Параска, якая на нейкія чатыры гады старэйшая за пляменніка. Школы, як такой, не было. Вучні па чарзе хадзілі з хаты ў хату, так і вучыліся грамаце. Кожны браў з сабою ўслончык, каб сядзець на ім і вучыцца чытаць і пісаць. Пісалі на тым, хто што меў: грыфельныя дошкі, кавалкі кардону, а расказы настаўніцы замянялі падручнікі. Адбылася рэвалюцыя. Хадзілі дарослыя пад сцягамі, а дзеці беглі за імі. Але немцы, а затым палякі прынеслі неспакой. «I толькі 11 ліпеня 1921 года, як успамінаў паэт, мы ўбачылі зноў святло Кастрычніка». Адкрылася сямігодка, і першым дырэктарам стаў Іван Аляксандравіч Шышко. Упершыню вучні трымаюць у руках падручнікі на роднай мове і замест шпалераў сшыткі. Пра гэтую радасць не раз успаміналі яго аднакласнікі. Квітнела Пясочнае, ла-дзілася культурнае жыццё, заявіла аб сабе песачан-ская самадзейнасць — пра гэта ён апяе ў першых вершах. Ён да ўсяго цягнуўся, стараўся пазнаць свет, напрыклад, прабег з сябрукамі паглядзець кіно ў Слуцку ажно за 50 кіламетраў. Пасля ж такія незвычайныя, як і ён, яго адна-класнікі будуць мацаваць Радзіму, стануць вучонымі, паэтамі, музыкантамі, інжынерамі, настаўнікамі. Але нялёгкі шлях дастаўся яго сябрам. На вайне некаторыя загінуць. Анатоль Астрэйка пройдзе з баямі па варожых тылах Віцебскай і Мінскай абласцей. У партызанскім атра-дзе пад камандаваннем Гарбачова будзе граміць гарнізоны ворага, а на прывале каля кастроў, калі здаецца няма варожай пагрозы, будзе пісаць вершы. Партызанскае камандаванне яго назначыць сакратаром сатырычнай газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая будзе ўзнімаць баявы дух народных мсціўцаў. У Слуцкай друкарні падпольнай газеты «Народны мсцівец» выйдзе ў 1943 годзе яго другі зборнік «Слуцкі пояс». Дарэчы, яго першы зборнік «Слава жыццю» быў надрукаваны да вайны. Як толькі нашы вызвалілі Капыль, Акім Пятровіч Астрэйка адразу наведаў горад і напісаў кранаючы вершык: Паміж руінаў я стаю, Што крок - магілы пры сцяне. Слязу ў вачах я не таю, Так горка і балюча мне. Паклон магілам дарагім, Паклон табе, мая зямля. Я шчыра ганаруся тым, Што родам сам з-пад Капыля. Знакаміты зямляк часта наведваў рэдакцыю райгазеты “Слава працы” і сябраваў з многімі капыльскімі журналістамі, асабліва з Усеваладам Канстанцінавічам Гурыновічам. Аднойчы Астрэйка завітаў у Капыль з Іванам Грамовічам, давялося начаваць у Севы (як мы яго называлі). Было горача, як сёлета, таму Астрэйка захацеў паспаць на духмяным сене. Побач за хатай ля стажка бурліла рэчка Каменка, і яна нагадала паэту родны Нёман. Пад шапаценне бярозак і посвіст вадзяных перакатаў добра спалася, пра гэта нават напісаўся нейкі вершык. Пісалася лёгка, бо любоў да прыроды, да радзімы натхняла яго. Так адзін за другім выйшлі зборнікі вершаў: «Зямля мая», «Добры дзень», паэма «Прыгоды дзеда Міхеда» і шмат іншых вершаваных твораў і песень. Грудзі яго ўпрыгожвалі ордэны Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і шматлікія медалі. У знак памяці таленавітага земляка Капыльская цэнтральная раённая бібліятэка носіць яго імя.

Іван ІГНАТЧЫК,

член Беларускага Саюза журналістаў

 

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей