Калі адгарнуць старонкі гісторыі на 60 гадоў назад, можна ўбачыць, як ішло асваенне цалінных зямель у Казахстане. Сярод першых, хто ўздымаў неабсяжныя стэпы, была Людміла Аляксандраўна Мысліцкая.
[caption id="attachment_94519" align="alignleft" width="262"]
■ Людміла Мысліцкая[/caption]
Людміла нарадзілася ў 1936 годзе ў пасёлку Заполле (побач з Слабада-Кучынкай) у мнагадзетнай сялянскай сям’і. У гады вайны Мысліцкія выратавалі трох чырвонаармейцаў, дапамагалі партызанам прытулкам і прадуктамі харчавання. У час карнай аперацыі гітлераўцаў загінуў бацька.
Пасля вайны выжывалі як і аднавяскоўцы – працай. Усім даводзілася шмат працаваць па гаспадарцы. У калгасе ніякіх грошай не плацілі. Маці, Ядвіга Мікалаеўна, каб пракарміць сям’ю бралася шыць боты. Дзеці (чацвёра) дапамагалі. Адзін выразаў падэшву, другі рыхтаваў ніткі і цвікі, трэці разгладжваў скуру. Разам выраблялі будаўнічы матэрыял з цэглы і саломы (саман). Гэту сумесь залівалі вадой і тапталі басанож, затым разлівалі ў формы. Цагліны ішлі на будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм. Не заўсёды хапала ежы. Дапамагаў лес, дзе збіралі грыбы, ягады, розныя травы для гарбаты. У рацэ кашамі лавілі рыбу і ракаў. Дзяўчына разам са старэйшым братам Лёвам нарыхтоўвалі торф, сушылі на печы лён і тытунь. Гэта былі дзяржаўныя заказы, і толькі за гэта плацілі грошы, якія ішлі на аплату падручнікаў.
Вучылася ў Слабадакучынскай сямігодцы старанна, была актыўнай і ініцыятыўнай камсамолкай, удзельнічала ў грамадскім жыцці школы і вёскі: аматарскія спектаклі і канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы, суботнікі. Самастойна асвоіла ігру на баяне, ладзіла танцы для мясцовай моладзі. Яшчэ дзяўчынкай Людміла вырашыла для сябе, што будзе будаваць светлую будучыню. Атрымаўшы атэстат сталасці, дабілася выдачы пашпарта і ўладкавалася на працу ў Мінск на шарыка-падшыпнікавы завод. І там не згубілася. За працавітасць, за ўдзел у камсамольскім жыцці атрымала пакой у інтэрнаце з правам падсялення па асабістым выбары.
У ліку першых па камсамольскай пуцёўцы была накіравана на цаліну. Сотні маладых людзей з розных куткоў Беларусі ехалі ў цягніку, жартавалі, смяяліся, спявалі, а калі трапілі на месца – адразу стала не да песень. Казахстан сустрэў навасёлаў халодным надвор’ем, моцнымі вятрамі, пясчанымі бурамі. У чыстым полі разбілі калочкі, нацягнулі вайсковыя палаткі. Першы час прыйшлося жыць нават з хлопцамі, унутры прасцінай раздзялілі пакой на дзве часткі. Прадукты і ваду прывозілі за 20–30 кіламетраў. Абаграваліся печкамі-буржуйкамі. Кухня – невялічкая будка, збітая з дошак, сталовая – доўгі стол з навесам ад дажджу, побач — рукамыйнік. Пазней на трактарах прыцягнуць часовыя дашчаныя домікі.
Каля палатак лягла і першая баразна, пачалося разворванне зямель. Рыдлёўкамі здымалі векавы дзёран. Абсталявалі машынна-трактарны двор пад адкрытым небам, склад гаручага (бочкі) і ГЗМ пад навесам. Затым зрабілі ток для прыёму зерня.
У час уборкі ўраджаю ў саўгасе «Сцяпны» Людміла з сяброўкамі працавала капніцельшчыцай. Віламі па капніцелі камбайна «Сталінец» раўнамерна раскладвалі салому. Без рукавіц, сціраліся мазалі на руках. Чаранкі вілаў былі папаліраваны далонямі. Ад ветру і сонца скура на твары злазіла некалькі разоў. Пыл, спякота і смага. Хусткамі ахіналі валасы, шыю. Асцюкі праходзілі праз адзенне і свярбілі потнае цела. Было так, што брыгада знаходзілася за 30, а то і за 40 кіламетраў ад цэнтральнай сядзібы. Збожжа было так многа, што не ўмяшчаў элеватар, складвалі ў бурты, якія пастаянна перамяшчалі і пералапачвалі, каб зерне не спарылася. Былі выпрабаванні, але жылі камсамольцы цікава і весела. І не ад таго, што маладыя і актыўныя. Проста верылі, што змагаюцца за будучыню краіны, што ім давярае камуністычная партыя. Дружна працавалі рускія і казахі, беларусы і ўкраінцы, немцы і татары. Кожны тыдзень выпускаліся «баявыя лісты» і «маланкі», дзейнічалі агітацыйныя і канцэртныя брыгады.
[caption id="attachment_94520" align="aligncenter" width="840"]
■ Людміла Мысліцкая разам з сябрамі на цаліне. 60-я гады ХХ ст.[/caption]
Паступова наладжваўся і быт: будавалася жыллё, адкрылася бібліятэка, клуб, магазін, высаджваліся дрэвы. Праз некаторы час дзяўчына скончыла курсы ўчотчыкаў, працавала ў канторы пасёлка Трудавы Рузаеўскага раёна Какчэтаўскай вобласці.
15 лепшых гадоў праляцелі хутка. У 1969 годзе вярнулася на Радзіму. Працавала ў Слуцку на цукровым заводзе, была салісткай Дома афіцэраў. Вельмі любіла родную Капыльшчыну.
Людміла Аляксандраўна Мысліцкая пражыла сваё кароткае, насычанае і багатае на працоўныя здабыткі жыццё сумленна і па-чалавечы годна. Адзначана медалямі «За асваенне цалінных зямель», «ХХ гадоў Цаліне», знакам ЦК ВЛКСМ «За актыўную работу ў камсамоле».
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии