Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

(CMigrator copy 103)

21.09.2020
Кожны год навучэнцы Слабадакучынскай СШ добраўпарадкоўваюць тэрыторыю ля аднаго помніка, на якім выбіты словы: «Барацьбіту за савецкую ўладу». Тут пахаваны адзін з першых камсамольцаў на Капыльшчыне – Якім Пятровіч Салановіч (на здымку) з вёскі Слабада-Кучынка. 17-гадовым юнаком Якім уступіў у рады Чырвонай Арміі. Ваяваў з белагвардзейцамі і інтэрвентамі. 21 красавіка 1920 года жорстка забіты польскімі акупантамі на вачах аднавяскоўцаў. Нарадзіўся Якім у шматдзетнай сялянскай сям’і ў 1901 го-дзе. Скончыў двухкласнае народнае вучылішча. Хацелася далей пайсці вучыцца, але не было сродкаў. Чым жыла ў той час вёска? Беззямелле, цяжкая праца, галеча, нізкі ўзровень культуры. Разам з братамі кожную вясну, улетку, восенню перабіваўся часовымі заробкамі ў заможных сялян і паноў, узімку хадзіў на лясныя промыслы. Толькі там можна было атрымаць нейкія грошы. З перадавымі рэвалюцыйнымі поглядамі пазнаёміўся ад салдат, якія вярталіся дамоў параненымі і інвалідамі з Першай Сусветнай вайны. Сялянскія гаспадаркі прыйшлі ў яшчэ большы заняпад. Узнікала пытанне: за каго і за што гінуць простыя людзі? Новым штуршком да абуджэння свядомасці стала Кастрычніцкая рэвалюцыя, якую сустрэў з натхненнем і верай у светлую будучыню. Дайшлі да вёскі тэксты звароту да грамадзян Расіі У.І. Леніна і першыя дэкрэты савецкай улады, матэрыялы Слуцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Якім многа чытаў. Кнігі і газеты браў у мясцовых настаўнікаў Сяргея Самахвала, Міхаіла Гурыновіча і вясковага ўрача Сцяпана Кандыбовіча. Значны ўплыў на актыўную жыццёвую пазіцыю аказала сяброўства з будучым паэтам Адамам Бабарэкам. У  лютым  1918 года ў няпоўныя 17 гадоў ён становіцца чырвонаармейцам. Ваюе супраць польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага пад Слуцкам і нямецкіх войск, якія парушылі перамір’е і пачалі наступленне на заходнім фронце. У пачатку 1919 года Якім Салановіч як камсамолец у першых радах абаронцаў маладой савецкай рэспублікі ўдзельнічае ў савецка-польскай вайне, трапляе ў акружэнне. З невялікай групай чырвонаармейцаў прарываецца на радзіму. Разам з аднавяскоўцамі Астрэйкам, Бабарэкам, Калпаком, Коршукам, Кандыбовічам арганізоўвае камсамольска-маладзёжную падпольную  групу, а затым і партызанскі атрад, наладжвае сувязь з падпольшчыкамі Капыля, Слуцка, Пясочнага, Свінкі. Арганізацыя займаецца навучаннем маладых людзей абыходжанню са зброяй, арыентацыяй у баявых умовах. Патрыёты зрываюць планы новай улады па адабранні ў сялян прадуктаў харчавання, фуражу, жывёлы, нападаюць на абозы і патрулі ворагаў, перарэзваюць тэлефонную сувязь, разбураюць масты. Адным з важных напрамкаў у рабоце стала агітацыя і прапаганда сярод насельніцтва. Газеты, брашуры і лістоўкі дастаўляліся  кур’ерамі з-за лініі фронту. Але польская разведка не драмала і з дапамогай мясцовых паноў выйшла на след слабадакучынскіх падпольшчыкаў. У красавіку 1920 года легіянеры акружылі вёску, пачалі хапаць усіх дарослых і юнакоў. Арыштаваным звязалі рукі за спіной, паклалі тварам да зямлі ў адзін рад на рыначнай плошчы (цяпер  тэрыторыя побач з бібліятэкай-клубам).  Брат Рыгор паспеў скочыць у акно, а Якіма схапілі. У прысутнасці аднавяскоўцаў жандары моцна катавалі і здзекваліся над ім, білі шомпаламі ад вінтовак, выкручвалі рукі, патрабавалі выдаць камуністаў і сховішча зброі. Сцякаючы крывёю, пераносячы неверагодны боль, юнак не скарыўся акупантам, нічога не сказаў і нікога не назваў. Яму, губляючаму прытомнасць, загадалі лезці па лесвіцы на дах хлява, а затым  застрэлілі на вачах бацькоў і аднавяскоўцаў, тлумачачы гэта тым, што арыштаваны хацеў збегчы. Толькі пасля выгнання чужынцаў стала вядома, што ў Слуцку ў выніку здрады быў разгромлены падпольны камітэт камсамола, многія арыштаваны і пакараны. Там быў і адрас Салановіча Я.П. Так у 19 гадоў абарвалася жыццё мужнага камсамольца. Прайшло крыху больш за 100 гадоў, а памяць засталася. У школьным музеі захоўваецца адзіны фотаздымак героя і ўспаміны аднавяскоўцаў, а ў Капыльскім краязнаўчым музеі створана невялічкая экспазіцыя, прысвечаная мужнаму земляку. У час прыёму старшакласнікаў у члены БРСМ, заўсёды   ўспамінаюць імя першага камсамольца Якіма Салановіча як прыклад барацьбіта за свабоду беларускага народа. Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей