Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

32

В эти дни исполняется 115 лет со дня рождения секретаря Копыльского подпольного райкома Компартии Беларуси Нила Емельянов

14.09.2020
Днямі спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння сакратара Капыльскага падпольнага райкама КП(б)Б, камісара 27-й партызанскай брыгады імя В.І. Чапаева Ніла Дзянісавіча Емяльянава. Вайна абвальваецца не толькі на гарады і вёскі. Яна праходзіць скрозь людскія душы, правяраючы іх на трываласць і чысціню. Нялёгкія выпрабаванні патрыёты Капыльшчыны вытрымалі з гонарам. Адзін з іх — Ніл Дзянісавіч Емяльянаў. Член КПСС з 1929 года, Ніл Дзянісавіч напярэдадні Вялікай Айчыннай з’яўляўся першым сакратаром Капыльскага РК КП(б)Б у Мінскай вобласці. А з пачаткам вайны стаў камісарам стралковага батальёна, сакратаром партбюро палка ў дзеючай арміі. З кастрычніка 1942 года — у тыле ворага: партызан, камісар атрада. З мая 1943 па ліпень 1944 года — сакратар Капыльскага падпольнага райкама КП(б)Б і адначасова з верасня 1943-га — камісар 27-й партызанскай брыгады імя В.І. Чапаева. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Вось як пазней Ніл Дзянісавіч успамінаў пра ваенныя падзеі: — У першыя дні вайны я ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у абароне Масквы. У снежні 1941 года  дывізія перайшла ў наступленне, вызваліла шэраг населеных пунктаў. Але наша часць апынулася ў акружэнні. Падчас прарыву з варожага кальца мяне цяжка параніла. Я апынуўся ў палоне. Калі трохі адужаў, разам з іншымі таварышамі вырваўся на волю. Ішлі начамі, і ўжо ў кастрычніку 1942 года мы дабраліся да Старыцкага лесу і ўступілі ў атрад імя Чапаева. У канцы ліпеня 1941 года па заданні ЦК КП(б)Б на Капыльшчыну вярнулася група камуністаў на чале з Лагвіненкам П.С. У яе склад уваходзілі многія мясцовыя работнікі. Яны стварылі падпольную партарганізацыю. Першы сход правялі ў Старыцкім лесе. На ім дамовіліся, як лепш выконваць указанні ЦК КП(б)Б аб разгортванні партызанскага руху ў раёне. Узначаліць партарганізацыі даручылі Лагвіненку. Праз некаторы час ЦК КП(б)Б накіраваў у раён другую групу з 12 камуністаў на чале з даваенным інструктарам РК КП(б)Б Іванам Кліменцьевічам Жыжыкам. Ён добра ведаў людзей і лёгка наладжваў з імі сувязі. Рыхтуючыся да «рэйкавай вайны», мы арганізавалі зборы па навучанні партызан падрыўной справе, правялі нараду камандзіраў і палітработнікаў, партыйных і камсамольскіх актывістаў. У верасні 1943 года мы вызначылі кожнай партарганізацыі групу населеных пунктаў, у якіх яна праводзіла палітыка-масавыя мерапрыемствы. Часам на сход сялян прыносілі прыёмнік: усе з вялікай цікавасцю слухалі радыёперадачы. На пасяджэнні ў пачатку ліпеня 1943 года райкам разгледзеў пытанне аб выданні раённай газеты. Вырашылі назваць яе «Калгаснік Капыльшчыны»: пад такім загалоўкам выдавалася газета да вайны. У газеце рэгулярна друкаваліся матэрыялы пра баявыя подзвігі партызан, асвятляліся поспехі Чырвонай Арміі, пісалі пра зверствы акупантаў. Партызаны і падпольшчыкі закідвалі ў паліцэйскія ўчасткі лістоўкі, у якіх заклікалі падманутых гітлераўцамі людзей павярнуць зброю супраць фашысцкіх акупантаў. Гэта давала свае вынікі. Так, 56 чалавек з гарнізона ў в. Філіпавічы, перабіўшы камандаванне, са зброяй уліліся ў партызанскія атрады. У 1944 годзе гітлераўцы спрабавалі стварыць у Капылі фарміраванне так званай «Беларускай краёвай абароны». Райкам партыі прапанаваў накіраваць  туды 22 на-дзейных таварыша з вв. Вуглы, Доктаравічы і Крывасёлкі. Перад імі паставілі задачу: атрымаць зброю, ліквідаваць арганізатараў «БКА» і вярнуцца ў атрад. Аднак ледзь-ледзь набраўшы чалавек 30, акупанты не адважыліся ім выдаць зброю. Падраздзяленне так і не стварылі. Насельніцтва раёна збірала для нас зброю і боепрыпасы. Так, жыхар в. Свідзічы Слабада-Кучынскага сельсавета Адам Ігнатавіч Карнейчык перадаў атраду імя Чапаева некалькі дзясяткаў вінтовак, 7 ручных кулямётаў, 118 гранат, 6 аўтаматаў і 2175 патронаў. З ліпеня 1941 года ён лічыўся ў групе Лагвіненкі і накіроўваў у атрад імя Чапаева вайскоўцаў, якія знаходзіліся на нелегальным становішчы  ў в. Свідзічы. Жыхарка в. Старыца Ніна Кліменка перадала партызанам таксама шмат зброі. А мясцовыя ўмельцы займаліся яе рамонтам. Калі рыхтавалася і ажыццяўлялася беларуская наступальная аперацыя «Баграціён», райкам партыі і партызанскае камандаванне мабілізавалі ўсе сілы на разбурэнне шляхоў адыходу праціўніка. Мы штодня пасылалі дыверсійныя групы на чыгунку, перакапалі шашу Мінск-Слуцк і Слуцк-Брэст. Участак дарогі Шышчыцы–Бабоўня–Нясвіж разбурылі цалкам. 29 чэрвеня 1944 года 27-я брыгада імя Чапаева вызваліла Капыль і ўтрымлівала яго да 1 ліпеня, пакуль не падышла Чырвоная Армія. Сумесна з імі партызаны ўдзельнічалі ў ліквідацыі прарыву з-пад Мінска варожых часцей, у вызваленні Стоўбцаў і Нясвіжа. Мы таксама аказвалі дапамогу нашым вой-скам у падпарадкаванні разведкі. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей