Home
Суббота 21.06.2025 16:28

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

55

Автобусную остановку у деревни Конюхи оформили в честь знаменитого земляка Алеся Адамовича

04.09.2020
Да нядаўняга часу ў вёсцы Канюхі Капыльскага раёна нішто не нагадвала аб тым, што менавіта тут калісьці з’явіўся на свет вядомы беларускі пісьменнік, крытык і сцэнарыст Алесь Адамовіч. Аднак знайшліся энтузіясты, якія ўзяліся за выпраўленне такой недарэчнасці, і ў памяць аб знакамітым земляку аформілі прыпынак пры ўедзе ў населены пункт. [caption id="attachment_93812" align="aligncenter" width="840"] ■ Так цяпер выглядае абноўлены прыпынак у в. Канюхі[/caption] Цяпер праехаць па дарозе Капыль-Грэск і не спыніць позірк на яркім арт-аб’екце, напэўна, немагчыма. На белым фоне — выява пісьменніка, абрысы карты Капыльшчыны з пазначанымі на ёй літаратурнымі мясцінамі, стылізаваны лес, побач з якім лаканічны і разам з тым ёмкі надпіс «Прыпынак Адамовіча». А яшчэ — старанна выведзеныя радкі з кнігі пісьменніка «Vixi» («Пражыта»): «Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі — гэтыя самыя Канюхі, у якіх я нарадзіўся…». — Калі б не было Канюхоў, то, магчыма, не было б і пісьменніка Алеся Адамовіча, — гавораць мясцовыя жыхары Віктар і Таццяна Корзуны, якія і выступілі ініцыятарамі цікавай ідэі. — У будынку цяперашняга Грозаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната раней знаходзіўся дом адпачынку. Туды бацька пісьменніка, студэнт-медык Міхаіл Іосіфавіч разам з жонкай Ганнай Мітрафанаўнай, якая ў той час якраз чакала дзіця, прыехаў, каб падзарабіць, — знаёміць пара з перадгісторыяй нараджэння Адамовіча. — А праз некалькі месяцаў менавіта тут, на Капыльшчыне, і з’явіўся на свет будучы майстар слова. [caption id="attachment_93811" align="aligncenter" width="840"] ■ Частка дружнай каманды па ўшанаванні памяці славутага земляка на чале з Віктарам і Таццянай Корзунамі (трэція справа)[/caption] Дарэчы, Таццяна Корзун, якую ўпэўнена можна назваць сапраўдным знаўцам жыцця і творчасці Адамовіча, падзялілася яшчэ адным цікавым фактам. Так, маці пісьменніка, падчас вайны выратоўваючы сына ад набору ў Германію, вырашыла «падмаладзіць» яго і пайшла на скажэнне фактаў у дакументах. Сапраўдная дата нараджэння Алеся Адамовіча не 3 верасня 1927 года — як падаецца ў афіцыйных крыніцах, а 3 жніўня 1926 года. Постаць гэтага чалавека зацікавіла Таццяну Ігнацьеўну, ураджэнку Уз-дзеншчыны, яшчэ са школьных часоў. Да таго ж лёс распарадзіўся так, што пасля заканчэння інстытута яна была накіравана на працу настаўніцай беларускай мовы і літаратуры сюды — на радзіму яе любімага аўтара.  Цікава, што сустрэча з мужам, мясцовым жахаром, у жанчыны таксама цесна звязана з імем Адамовіча: яе вельмі ўразіў хлопец з прозвішчам Корзун — менавіта такое было ў галоўнай гераіні адамовіцкай дылогіі «Партызаны». З цягам часу захапленне жыццём і творчасцю пісьменніка прывяло нават да знаёмства з яго дачкой. — Калі я ў першы раз набрала нумар Наталлі Аляксандраўны, яна вельмі здзівілася, пачуўшы аб тым, што званю з Канюхоў, — успамінае Таццяна Ігнацьеўна. — Цікавіла ж мяне пры размове з ёю ў першую чаргу тое, дзе ўсё ж такі жыў пісьменнік — у вёсцы альбо ў доме адпачынку. Аднак дакладна аб гэтым не ведала і яна. Праз некаторы час, правёўшы літаральна цэлае даследаванне, на аснове расказаў сведкаў нам удалося знайсці месца, дзе раней стаяла хата, у якой прайшлі першыя гады жыцця Алеся Адамовіча. Пасля сям’я пераехала ў Глушу — пасёлак у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. [caption id="attachment_93810" align="aligncenter" width="650"] ■ Таццяна Корзун (справа) з дачкой Алеся Адамовіча Наталляй[/caption] Былі і асабістыя сустрэчы Корзунаў з Наталляй Адамовіч. Тады яна перадала Віктару Уладзіміравічу і Таццяне Ігнацьеўне сапраўдныя каштоўнасці — шматлікія матэрыялы, звязаныя з жыццём бацькі-пісьменніка: копіі дакументаў, фотаздымкі, кнігі. На іх аснове ў мясцовай школе-інтэрнаце была арганізавана выстава, якая нязменна збірала нямала зацікаўленых. Цяпер жа экспанаты беражліва захоўваюцца ў доме Корзунаў. Што датычыць непасрэдна ўшанавання памяці славутага ўраджэнца Канюхоў, то гаворка аб гэтым вялася даўно. Прадпрымальнік Анатоль Самусевіч, былы выхаванец Грозаўскай школы-інтэрната, таксама выношваў такую ідэю. Аднак рэалізаваць яго задумку і ўстанавіць памятны знак так і не ўдалося. Канчаткова ж Таццяна Ігнацьеўна пераканалася ў неабходнасці актыўных дзеянняў у гэтым напрамку падчас удзелу ў цырымоніі адкрыцця памятнага знака Алесю Адамовічу, што ў мінулым годзе адбылася ў Глушы. Жанчыну ўразіла шчырая зацікаўленасць мясцовых жыхароў у тым, каб увекавечыць імя знакамітага земляка. Стала нават неяк крыўдна — чаму ў Канюхах, дзе нарадзіўся пісьменнік, нічога аб ім не нагадвае? І мэтанакіраванасць дала свой плён. На просьбу Корзунаў аб дапамозе ў рэалізацыі ідэі нечакана адгукнуліся як многія мясцовыя жыхары (у тым ліку і былыя), работнікі Грозаўскага дома-інтэрната на чале з яго дырэктарам Ірынай Давідоўскай, так і прадстаўнікі філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» — ДРБУ № 124. Ахвотных далучыцца да важнай справы аказалася нямала. Падтрымлівалі і маральна, і матэрыяльна. Самай вялікай праблемай, напэўна, аказалася знайсці мастака, які б змог увасобіць распрацаваны эскіз (папярэдне ён быў узгоднены ў вышэйшых інстанцыях). На паслугі прафесіянала разлічваць не даводзілася — фінансы не дазвалялі. Аднак выхад усё ж знайшоўся: увасобіць задумку змог Віктар Бураў, які пражывае ў доме-інтэрнаце і захапляецца маляваннем. Творчы працэс, а таксама абнаўленне прыпынка і прылеглай тэрыторыі занялі не адзін ты-дзень. Збіраліся цэлай гурбой і працавалі. Прычым з вялікім задавальненнем. Цяпер жа ў Віктара Уладзіміравіча і Таццяны Ігнацьеўны ёсць магчымасць назіраць за вынікам сумесных намаганняў непасрэдна праз акно, якое знаходзіцца на другім паверсе іх дома, — так атрымалася, што яно выходзіць акурат на прыпынак. Дарэчы, пры афармленні аб’екта звярнуліся і да сучасных тэхналогій — па прапанове дырэктара гімназіі № 1 г. Капыля Тамары Місько на адной са сцен размясцілі QR-код са спасылкай на старонку Вікіпедыі з інфармацыяй пра Алеся  Адамовіча. А ў бліжэйшых планах ініцыятыўных Корзунаў — яшчэ і ўстаноўка тут скрыні з кнігамі пісьменніка. Вось так звычайны і нічым не прыкметны прыпынак, якіх па краіне тысячы, пераўтварыўся ў сапраўдны літаратурны куточак, а галоўнае — стаў носьбітам памяці аб адным са славутых ураджэнцаў Капыльшчыны. Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей