Падчас наведвання не аднаго дзясятка дамоў у складзе назіральнай камісіі кожны раз з цікавасцю даводзіцца назіраць за рэакцыяй гаспадароў, калі яны адкрывалі дзверы і бачылі на парозе ўласнага дома прадстаўнікоў розных служб і арганізацый раёна. Адны, ветліва ўсміхаючыся, запрашалі гасцей у прасторны пакой, іншыя ж незадаволена мармыталі нешта сабе пад нос, неахвотна прапускалі членаў назіральнай камісіі ў дом.
Безумоўна, камісія загадзя не папярэджвае пра сваё наведванне. Аднак, нягледзячы на абурэнне людзей, суб’екты прафілактыкі працягваюць наведваць домаўладанні з добрай мэтай – паклапаціцца пра людзей, засцерагчы іх жыццё, праверыўшы ўмовы пражывання.
[caption id="attachment_93795" align="aligncenter" width="840"]
▪ Падчас наведвання сям'і Панцялейкаў з в. Дзярэчына[/caption]
Пры Блеўчыцкім сельвыканкаме працуе назіральная камісія ў колькасці 12 чалавек.
– За адзін выхад атрымліваецца наведаць каля 10-20 домаўладанняў, – адзначае старшыня сельвыканкама, старшыня назіральнай камісіі Леанід Чарніковіч. – Усе суб’екты прафілактыкі: работнікі аховы здароўя, адукацыі, ТЦСАН, сельгаспрадпрыемстваў, РАНС, РАУС прымаюць актыўны ўдзел у рабоце камісіі.
А гэта гаворыць пра тое, што дом кожнага вяскоўца правяраецца па ўсіх напрамках: пячное ацяпленне, стан электраправодкі і газавага абсталявання, бытавыя ўмовы пражывання чалавека, наяўнасць апавяшчальнікаў у доме. Абавязковымі ўдзельнікамі рэйдаў з’яўляюцца супрацоўнікі міліцыі і пажарнай службы, якія праводзяць прафілактычную работу з нядобранадзейнымі грамадзянамі. Да таго ж невядома, што чакае назіральную камісію ў адным з наступных дамоў. Напрыклад, падчас нашага візіту адну з жанчын камісія пабудзіла ад моцнага дзённага сну пад «градусам», таму была «ветліва» сустрэта гаспадыняй дома.
– Як правіла, у ходзе рэйдавых мерапрыемстваў вельмі сур’ёзных парушэнняў не выяўляем, – дзеліцца інспектар РАНС Аляксандр Дарашэвіч. – Калі ж яны ёсць, тады рэкамендуем іх ліквідаваць. Праз пэўны час камісія зноў пастукае ў гэтыя ж дзверы.
Пераходзячы з дома ў дом, кожны з членаў назіральнай камісіі выразна адпрацоўвае свой напрамак. Аднак толькі пры непасрэдным удзеле саміх людзей, якія зацікаўлены ва ўласнай бяспецы, можна пазбегнуць трагічных выпадкаў.
У ходзе абследавання адзінокіх жыхароў вв. Дзярэчына і Блеўчыцы выявілася, што ў хатах ёсць няспраўная электрычная сетка і печ, якая патрабуе рамонту. Гаспадарам домаўладанняў падрабязна расказалі, як ліквідаваць парушэнні. Нагадалі, што за станам электраправодкі трэба сачыць вельмі старанна, не перагружаць сетку, не пакідаць уключанымі электрапрыборы, сыходзячы з дому. Таксама гаварылася пра тое, што менавіта цяпер трэба задумацца пра бяспеку сваіх ацяпляльных прыбораў і прывесці іх у спраўны стан, каб халады сустракаць у бяспецы.
Трэба адзначыць, што пра жыццезабеспячэнне сваіх землякоў клапоцяцца не толькі члены назіральнай камісіі, але і прадстаўнікі мясцовага самакіравання. Напрыклад, па ініцыятыве старэйшыны в. Вераб’евічы Мікалая Салошкі адрамантавана печ і электраправодка ў домаўладаннях двух аднавяскоўцаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии