Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

29

Дэпутаты абралі кіруючы склад

19.05.2010

12 мая адбылася першая сесія Капыльскага раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання, на якой разгледжаны арганізацыйныя пытанні. У яе рабоце прымалі ўдзел 39 з 40 выбраных дэпутатаў. Таксама былі запрошаны начальнік землеўпарадкавальнай службы Мінаблвыканкама Генадзь Пліскоўскі і старшыня Капыльскага райвыканкама Міхаіл Бода.

Як адзначыў старшыня раённай выбарчай камісіі Іван Бабко, у нашым раёне паспяхова праведзены выбары ва ўсе ўзроўні Саветаў. У Мінскі абласны Савет абраны: па Цімкавіцкай выбарчай акрузе №47 старшыня Клецкага раённага Савета дэпутатаў Святлана Чакун і па Капыльскай выбарчай акрузе №48 галоўны ўрач УАЗ “Капыль-ская ЦРБ” Ірына Гулевіч. Па ўсіх 40 выбарчых акругах выбраны дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, па 13 сельскіх Саветах выбраны 168 дэпутатаў сельскіх Саветаў. Па 40 акругах быў зарэгістраваны 41 кандыдат: ад працоўных калектываў – 16, ад грамадзян шляхам збору подпісаў – 25; 22 дэпутаты мелі вопыт дэпутацкай работы ў 25-м скліканні і раней. З 25 313 выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання на выбарчых участках, прыйшло 24 143 (95,38%).

Як паведаміла мандатная камісія, з 40 дэпутатаў райсавета – 23 мужчыны і 17 жанчын, 1 член Камуністычнай партыі Беларусі. Скаргаў і заяў ад выбаршчыкаў па парушэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь у раённую выбарчую камісію не паступала, таму прызнаны паўнамоцтвы ўсіх дэпутатаў.

Старшынёй Капыльскага раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання аднагалосна выбрана Марыя Сандрозд, якая займала гэты пост ужо два папярэднія скліканні. Паўнамоцтвы намесніка старшыні дэлегаваны  Уладзіміру Рудакоўскаму (Старыцкая выбарчая акруга №3), дырэктару ААТ “Старыца-Агра”.

Старшынёй мандатнай камісіі выбраны Генадзь Лопух (Душаўская выбарчая акруга №9), старшыня Пацейкаўскага сельскага Савета дэпутатаў; старшынёй камісіі па бюджэтна-эканамічных пытаннях, прамысловасці, паслугах насельніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадарцы – Галіна Міцкевіч (Рамашкінская выбарчая акруга №10), начальнік фінансавага аддзела райвыканкама; старшынёй камісіі па аграрных пытаннях, харчаванні і сацыяльным развіцці тэрыторыі – Анатоль Жданеня (Семежаўская выбарчая акруга №27), старшыня ВСК “Семежава”; старшынёй камісіі па развіцці сацыяльнай сферы – Алена Острыкава (Цімкавіцкая Маладзёжная выбарчая акруга №33), старшыня Цімкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў.

У склад прэзідыума Капыльскага раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання ўвайшлі старшыня Савета, яго намеснік і старшыні камісій.

Сяргей КОЗЕЛ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей