Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

21

Ціміразеўскія акорды

08.08.2011
Падчас напружанай працы ёсць на хлебным полі  асабліва ўрачыстыя хвіліны –  калі віншуюць лідараў. На гэтым тыдні такога гонару ўдастоены працаўнікі ААТ “Ціміразеўскі”, дзе на жніве ўсё больш з’яўляецца тысячнікаў. Лідары гарачых сезонаў Віншаванні ад раённай агітбрыгады ў складзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы Людмілы Камковай, старшыні райкама прафсаюза  работнікаў АПК Аляксандра Татарыцкага, намесніка дырэктара ААТ “Ціміразеўскі” Галіны Бярозкі з удзелам галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама Паўла Радомскага прымаў маладзёжны экіпаж камбайна КЗС-1218 у складзе Алега Пяцігорца і Аляксея Астахава. Пастаянна быць у лідарах сярод сваіх равеснікаў — справа цяжкая, але, мяркую, даволі прыемная. Хлопцы не па чутках ведаюць пра гэта: ужо выходзілі пераможцамі і абласных, і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Больш за дзесяць гарачых сезонаў за плячыма ў Алега і пяць — у Аляксея. Плённай працы і выдатных  вынікаў пажадалі члены агітбрыгады моладзі. А шчырае, добрае слова, тым  больш ад прадстаўнікоў кіраўніцтва гаспадаркі, раёна, толькі натхняе  на  новыя  працоўныя перамогі. Ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, РК ГА “БРСМ” перадавікам уручылі памятныя падарункі і вымпелы. З задавальненнем паслухалі прысутныя вясёлыя, заліхвацкія песні, якія прагучалі ў выкананні самадзейных артыстаў Быстрыцкага СДК.  “Пастараемся не здаць пазіцый!” — у адзін голас запэўнілі маладыя хлебаробы, займаючы месца ў кабіне КЗС-1218. Вось так дружна — і да другой тысячы тон, хлопцы! Вопыту не займаць і старшаму камбайнеру Аляксею Пісарэнку, які чвэрць стагоддзя шчыруе на хлебных нівах раёна. А пачынаў яшчэ на добравядомым старэйшаму пакаленню СК-4. Вось дзе была сапраўдная бітва за ўраджай! Так што на цяперашнім КЗС-1218 працаваць значна лягчэй. Запынілі, каб павіншаваць экіпаж камбайна з працоўнай перамогай, уручыць падзяку старшыні райвыканкама і грашовую прэмію, якраз падчас пераезду на іншае поле. — Як у гэтым годзе ўраджай? — пытаюся. — Азімыя добрыя. А вось ячмень крыху падгарэў, — канстатуе Аляксей Дзмітрыевіч. — Перыяд уборачнай — час напружаны і складаны. Якія асноўныя цяжкасці ці перашкоды сёлетняга жніва? — Асноўная перашкода — гэта дождж. Галоўнае, што тэхніка робіць добра, не падводзіць. Яшчэ б надвор’е добрае пастаяла… У пары з Аляксеем Пісарэнкам Уладзімір Бізеў працуе першы год. Але навічком важнай сельскагаспадарчай кампаніі яго не назавеш: тры гады таму ён ужо праходзіў школу хлебаробскай справы, працуючы камбайнерам таксама на “Палессі. — Штурвал камбайна давяраюць? — пытаюся. — Канешне давяраюць, — коратка адказвае Уладзімір Юр’евіч. — А як увогуле праходзіць дзень у напарніка старшага камбайнера, чым даводзіцца займацца? — Страты зерня, агрэхі гляджу. Бывае камень ці перашкода якая на шляху пападзецца — прыбіраю. Дарэчы, страт у КЗС-1218 практычна няма. Але калі з’яўляюцца — тут жа ўхіляем. Тысяча тон - не мяжа Непадалёку ад вёскі Дзярэчына пад яркім сонцам працавалі чатыры экіпажы камбайнаў, тры з якіх перасягнулі намалот у тысячу тон. Першы сезон у пары таксама працуюць старшы камбайнер Сяргей Шугалей і камбайнер Сяргей Турбан. Сяргей Шугалей — вопытны механізатар, на сваім “Лексіёне” сёмы сезон спраўна працуе на залатых нівах ААТ “Ціміразеўскі”, а агульны хлебаробскі стаж складае 12 гадоў. — Упершыню намалацілі 1000 тон? — пытаюся ў старшага камбайнера, загадзя ведаючы, што адказ будзе яўна не сцвярджальным. — Безумоўна не ўпершыню, — усміхаючыся, з гонарам парыраваў Сяргей Міхайлавіч. — Даводзілася па дзве з паловай, а то і пад тры тысячы тон за сезон намалочваць. У гэтым годзе ўраджайнасць нядрэнная. Мяркую, на дзве тысячы павінны выйсці і сёлета. — Як сёлета з харчаваннем у гаспадарцы? Ці знаёмяць штодня вас з вынікамі працы? — Харчаванне арганізавана выдатна. Кормяць нас двойчы – у абед і вечарам. Порцыі даволі ўнушальныя. Пра заробак, колькі намалацілі тон кожны дзень паведамляюць. Вось за 1000 тон нядаўна атрымалі грашовую прэмію ад гаспадаркі. Вельмі прыемна. Словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас перадавога экіпажа, і бясспрэчна, у дадатак — маланка-падзяка старшыні райвыканкама і грашовая прэмія. Знайшлося добрае слова і для яшчэ адных тысячнікаў сямейнага экіпажа Аляксандра і Яўгена Ждан. Лідарам у гаспадарцы і ў раёне па-ранейшаму застаецца экіпаж “Лексіёна-570” у складзе Сяргея Пяцігорца і Андрэя Міцько. Ужо неаднаразова камбайнераў віншавалі з гэтым поспехам. Лішні раз турбаваць перадавікоў агітбрыгада не стала. Штодня ў рэйсах Лаўры пераможцы па выніках тыдня прымераў на сябе і вадзіцель ГАЗ-53Б Анатоль Абрамчык. І хаця да тысячы тон перавезенага збожжа Анатолю Мікалаевічу яшчэ далёка, ёсць факты, якім здзіўляешся не менш, чым высокім дасягненням. Ужо 29 гадоў (!) гэтаму аўтамабілю, з якіх 27 ім кіруе Абрамчык. — Пакуль машына працуе нармальна, — расказвае вопытны вадзіцель. — З раніцы, звычайна, аглядваю свой ГАЗ. Можа вада ці масла патрэбна. Пасля запраўляюся. Яшчэ да выезду ў поле развожу кармы, муку па фермах. — А колькі рэйсаў паспяваеце зрабіць? — Вось да абеду сёння — гэта ўжо шосты будзе. Калі камбайны працуюць нармальна, калі надвор’е добрае — рэйсаў 10-12 атрымліваецца. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей